Да нас у рэдакцыю прыйшла Іна Кірылаўна Кулік, каб расказаць пра сваіх родзічаў. Крыху раней яе сваячка Ала Барысава, што жыве цяпер у Паставах, расказвала ў мясцовай раёнцы пра ваенныя дарогі сваіх родных. А Іна Кірылаўна, што цяпер жыве ў пасёлку Крупскім, прапанавала матэрыял для нас, бо карані гэтай сям’і – на Крупшчыне.
Яшчэ ў дарэвалюцыйныя гады ў вёсцы Дзянісавічы Крупскага раёна была створана сям’я Емяльяна і Ульяны Казлоўскіх. У іх нарадзілася 6 дзяцей: Вольга, Ганна, Мікалай, Праскоўя, Дзмітрый і Міхаіл. Бацька працаваў старшынёй сельскага Савета. Сям’я жыла вельмі бедна. Падчас правядзення калектывізацыі ён заступіўся за адну бедную мнагадзетную сям’ю, за што і паплаціўся: у 1930 годзе Емяльяна Казлоўскага арыштавалі і пасадзілі ў турму ў Барысаве. Праз тры гады ён там памёр. Жонцы паведамілі пра гэта, але з-за неймавернай беднасці паехаць у Барысаў і забраць цела яна не змагла. Усе шасцёра дзяцей засталіся на руках Ульяны, старэйшай дачцэ было 12 гадоў, малодшаму сыну – каля 5-ці. Час быў складаны і небяспечны. У сям’і забаранялася гаварыць пра бацьку, яго работу і арышт. Стаўшы дарослымі, унукі пачалі шукаць дакладныя звесткі пра тое, што ўсё-такі адбылося з дзедам. Звярталіся ў Цэнтральны архіў Рэспублікі Беларусь, архіў КДБ, Барысаўскі райвыканкам, архіў горада Крупкі. Аднак адусюль атрымлівалі адказ, што звестак няма.
Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўсе дзеці Казлоўскіх працавалі ў калгасе. Ала Барысава, дачка Ганны, успамінае: «Мая маці Ганна ў 1939 годзе па пуцёўцы ад калгаса вучылася ў Барысаўскай школе жывёлагадоўлі. Тут і застала яе вайна. Вярнулася дадому. Вясковая моладзь стала аб’ядноўвацца ў групы і дапамагаць партызанам».
У маі 1942 года Ганна стала партызанкай-разведчыцай, выконвала складаныя і адказныя заданні камандзіра: раздабывала звесткі пра нямецкі гарнізон, які размяшчаўся ў Дзянісавічах, перадавала партызанам медыкаменты і важныя данясенні. Ад сувязных атрымлівала зводкі Савінфармбюро і прыносіла іх у атрад. Узнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём «Партызану Айчыннай вайны» II ступені. Вось што гаварылася ва ўзнагародным лісце: «Казлоўская Ганна дастаўляла дакладныя разведданыя, па якіх атрад паспяхова здзяйсняў баявыя аперацыі – разгром нямецкага гарнізона на ст. Слаўнае. Здабытыя Ганнай у Барысаве даныя перадаваліся ў штаб Заходняга фронту. Удзельнічала ў абстрэле нямецкага ваеннага эшалона з жывой сілай, у пуску пад адхон эшалона праціўніка. 3 пачатку арганізацыі брыгады актыўна ўдзельнічала ў якасці разведчыцы штаба ў фарміраванні атрадаў і зборы груп, якія ў раздробненым стане знаходзіліся ў пяці раёнах...»
Вольга скончыла Барысаўскую школу медсясцёр і працавала ў санаторыі «Баркоўшчына» Ушацкага раёна. 3 пачатку вайны ўдзельнічала ў абаронных работах у Маскоўскай вобласці. А ў 1942–1944 гадах працавала медсястрой у эвакуацыйным шпіталі ў г. Шуя Маскоўскай вобласці.
3-за таго, што Ганна стала партызанкай, іх сям’я была занесена фашыстамі ў спіс для расстрэлу. Але ўсе паспелі перабрацца ў лес. Змагаліся з ворагам у партызанскіх атрадах браты Дзмітрый, Мікалай і Міхаіл. Іх сястра Праскоўя была пастаяннай сувязной атрада «Гвардзеец». Да самога вызвалення Крупак ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў знаходзілася ў партызанскім атрадзе і іх маці Ульяна. Зараз нават цяжка ўявіць, як людзі круглы год, асабліва зімой, выжывалі ў лесе.
У партызанскім атрадзе Ганна сустрэла сваё каханне. Гэта быў камандзір атрада Іван Ільін. А ў 1942-м яго дэсантавалі ў Крупскі раён для арганізацыі партызанскага руху. Яшчэ да вайны, у 1939 годзе, у Івана памерла жонка. Дачку Тамару ён пакінуў на выхаванне сваім састарэлым бацькам. I Ганна Казлоўская нарадзіла ад Івана дачку Алу. Але сям’я ў іх не склалася. Жанчына да паўналецця дачкі ўвогуле хавала ад яе тое, што тата жывы. Былыя партызаны, якія часта прыязджалі да яе, у прысутнасці дзяўчынкі ніколі не гаварылі на гэту тэму. Пазней Ала даведалася, што пасля вайны Іван Ільін не раз прыязджаў да яе мамы, прапаноўваў сысціся. Але тая не згадзілася, хаця і кахала яго ўсё жыццё.
Пасля заканчэння вайны ўсе Казлоўскія, ужо з жонкамі, мужамі, а некаторыя і з дзецьмі вярнуліся ў бацькоўскі дом. Пачалі абжывацца, будаваць сваё жыллё. А ў Ганны – ні кала ні двара, толькі дзіця на руках. Прыняла да сябе Вольга. Ганна з дачушкай жыла ў яе да 1957 года. А брат Міхаіл, які працаваў лесніком, дапамог пабудаваць дом на станцыі Крупкі. Яна ні з кім не звязала свой лёс. Ала закончыла педінстытут і настаўнічала ў Крупках. Тут сустрэла свайго будучага мужа і выйшла за яго замуж. У 1971 годзе пераехалі на яго радзіму – у Паставы. 23 гады адпрацавала ў органах дзяржаўнага кіравання.
Але Барысавай пашанцавала сустрэцца ў Паставах з камандзірам 8-й партызанскай брыгады Сяргеем Жуніным, у складзе якой ваявалі яе маці і бацька. Жунін падарыў ёй сваю кнігу «Ад Дняпра да Буга» – мемуары пра баявы шлях брыгады, гераізм яе байцоў і камандзіраў. I яшчэ адна незабыўная сустрэча адбылася ў жыцці Алы Іванаўны: яе адшукала зводная сястра Тамара, якая жыла ў Віцебску. Прыехала ў Паставы. Прывезла фотаздымкі бацькі, выразкі з газет, шмат расказвала пра яго.
Пасля вайны Іван Ільін займаўся партыйнай работай на Гродзеншчыне, потым узначаліў калгас пад Маладзечнам. Да яго баявых узнагарод дабавіўся «мірны» ордэн «Знак Пашаны». Затым пераехаў у Калінінградскую вобласць.
Нельга не ўзгадаць і свёкра Алы Іванаўны – Панцялея Барысава. Пасля заканчэння Казанскага танкавага вучылішча з красавіка 1942 года ён камандаваў танкавым узводам на 2-м Беларускім фронце. Адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Удзельнічаў у Парадзе Перамогі ў Маскве.
Што да сям’і Казлоўскіх, то пасля Вялікай Перамогі ўсе шасцёра дзяцей Емяльяна і Ульяны, кожны з якіх змагаўся з ворагам, знайшлі сваё годнае месца ў мірным жыцці. Стваралі сем’і, выхоўвалі дзяцей, шчыра працавалі на розных участках народнай гаспадаркі. Зараз ужо нікога з іх няма ў жывых. Але род працягваюць унукі. Усяго іх было 15, засталося 10. Усе яны шануюць памяць пра бабулю Ульяну, якая ў неймаверна цяжкі час усіх сваіх дзяцей не толькі паставіла на ногі, але і выхавала сапраўднымі патрыётамі.
Род працягваецца, род памятае, род ганарыцца.
Па матэрыялах газеты «Пастаўскі край».