Сапраўды, газоны і кветнікі разбіты па ўсіх правілах ландшафтнага дызайну. У паветры разліты водар пяшчотных лілей, яркіх клемацісаў, элегантных асцільбаў, стромкіх гладыёлусаў, пляцістых ружаў... Сваёй непаўторнай прыгажосцю здзіўляюць цыніі і астры, бархатцы і календула, дэльфініум і ляўкоі, ільвіны зеў і пятуніі, хрызантэмы і настурцыі. Прыгожа выглядаюць таксама бальзамін, агератум, алісум, вербена, лабеліі... Усіх кветак, якія запаланілі тэрыторыю падвор’я, і не пералічыць.
І над усёй гэтай прыгажосцю ўзвышаецца дабротны дом-церам. Толькі пабудаваны ён не ўзмахам чароўнай палачкі, а ўмелымі рукамі гаспадароў.
– Пяты год жывем тут і ўсё абуладкоўваемся, – зазначыла гаспадыня дома Наталля Крысенкова. – Цяпер нават у смелых фантазіях цяжка ўявіць, што на месцы, дзе раней стаяла невялічкая хаціна, а побач была канава, з’явіцца ўсё, што вы зараз бачыце.
І мы, а гэта старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Кушнер, яго намеснік Алена Іотчанка, журналісты раённай газеты, з вялікім інтарэсам аглядвалі прысядзібны ўчастак, захапляліся ўменнем, фантазіяй, стараннасцю і ўвішнасцю гаспадароў. Праходзячы па ўчастку, неаднойчы даводзілася пераконвацца ў тым, што Наталля ведае, якія з кветак інтэнсіўна растуць і добра цвітуць. Ведае, што і якой кветцы трэба – сонечны ўчастак, умерана вільготная або лёгкая глеба, якая з кветак добра пераносіць лішак вільгаці або суш.
– Вы, пэўна, заўважылі, прыгожыя клемацісы, – гаварыла падчас экскурсіі Наталля Міхайлаўна. – Для гэтых кветак характэрны працяглы перыяд вегетацыі, яркае, багатае і працяглае цвіценне. Мы, напрыклад, выкарысталі іх у вертыкальным азеляненні – дэкарыравалі аркі, агароджу, пергалы. А вось лілеі, якія культывуюцца з даўніх часоў. Дарэчы, іх адлюстраванні захаваліся на помніках архітэктуры Егіпта, Персіі, Рыма, Элады. У V стагоддзі ў Францыі воіны-пераможцы вярталіся з поля бою, увенчаныя пяшчотнымі лілеямі, кветка красавалася на дзяржаўным гербе пры Людовіку ІХ. Народная гераіня Францыі Жанна д’Арк насіла асобы тытул – Дзю Лі, што азначае «Лілейная». З’яўляючыся ўвасабленнем чысціні і прыгажосці, лілея заслужана прыцягвае да сябе ўвагу і пра яе можна доўга расказваць.
На ўчастку красуюцца кусты гартэнзіі. І не заўважыць гіганцкія шары незвычайнага блакітнага колеру на яркім зялёным газоне проста немагчыма!
Наша размова ішла пакуль пра кветкі. Але ж мы засталіся ў захапленні і ад убачанага, што расце на градках. Капусту раннюю ўжо выразалі, таматы, што растуць у цяпліцы, часткова выбралі і закрылі ў слоікі, астатнія даспяваюць. Можна сказаць, бушуюць сельдэрэй, перац, кукуруза, агуркі.
– З цяпліцы знялі ўжо тры вядры памідораў і столькі ж гуркоў, – працягвала Наталля Міхайлаўна. – Выбралі ўсю цыбулю. Пасаджана ў нас бульба ранняя і позняя. І, канечне ж, не можам мы абыходзіцца без кабачкоў, патысонаў, гарбузоў. Усё гэта ёсць у нас.
Проста дзіву даешся: як за няпоўныя пяць гадоў узвесці дом, гаспадарчыя пабудовы, а ўчастак вакол новай сядзібы ператварыць у квітнеючы куток! Каб стварыць гэты «рай на зямлі», гаспадыні разам з гаспадаром Анатолем Мікалаевічам давялося ой як многа пашчыраваць. І гародніна, і кветкі, капрызныя прыгажунні, за клопаты і стараннасць адплацілі ўзаемнасцю.
– Па прыблізных падліках, на нашай сядзібе «прапісалася» больш за 60 відаў дэкаратыўных раслін. – Вясной нас радуюць нарцысы і цюльпаны, касачы і півоні, фіялкі і незабудкі, вельмі шмат паўзучых, імховых. Набуду кавалачак імшанкі, раздзялю яго, вось і атрымліваецца затым самы сапраўдны дыван. Дзякуючы дэкаратыўнасці і працягласці цвіцення многія з іх і ўпрыгожваюць тэрыторыю.
Можна ўявіць, як раніцай, калі толькі-толькі ўзыходзіць сонейка, Наталля Міхайлаўна са сваім мужам любуецца дагледжаным, выпешчаным сваімі рукамі кожным лапікам зямлі. І мы проста не маглі не захапляцца працавітасцю і энтузіязмам такіх шчырых гаспадароў. А расліны, у сваю чаргу, дзякуюць сваім адмысловым выглядам. Яны адчуваюць усё гэтак жа, як і мы. І на любоў адказваюць любоўю – радуюць сваім цвіценнем.