Вядучыя прадстаўлялі шаноўных гасцей свята, якія ўспаміналі дзяцінства і юнацтва, расказвалі пра сваё сённяшняе жыццё. Апладысментамі было сустрэта выступленне ўпраўляючага справамі Ігрушкаўскага сельвыканкама Надзеі Раманчук:
– Шаноўныя сябры! Усе вы добра ведаеце сваю родную вёску, з якой звязана нямала радасных падзей, дзе кожная сцяжынка знаёмая вам з дзяцінства. Зямля, на якой вы нарадзіліся і жывеце, – гэта зямля нашых продкаў, ваша зямля і вашых наследнікаў. І няма большага гонару, чым працаваць на гэтай зямлі, аддаваць ёй усю сваю любоў, верыць у яе і расці разам з ёй. Няхай і надалей вашымі спадарожнікамі будуць поспех ва ўсіх справах, удача і натхненне!
Далей прысутныя з цікавасцю слухалі легенды аб узнікненні Каменкі, аповяды аб тым, як жылі тут людзі ў даваенныя і пасляваенныя гады, былі нагаданы таксама лёсы тых, хто змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і хто быў вывезены ў Германію.
Легенда аб узнікненні вёскі, запісаная ад мясцовай жыхаркі Марыі Цыбулька: «Аднойчы Бог вырашыў агледзіць свае абшары. Калі ён пралятаў над маленькай вёсачкай, то ўбачыў, як пан б’е сваіх сялян. Бог раззлаваўся і кінуў на хату пана вялізны камень, які забіў усю яго сям’ю. З гэтага часу сяляне перайменавалі вёску на імя свайго вызваліцеля – каменя. Адсюль і пайшла назва – Каменка».
А вось яшчэ адна легенда: «На месцы, дзе зараз знаходзіцца вёска, раней быў вялізны камень. Калі пачалася навальніца, пярун трапіў у камень і ён рассыпаўся на шмат дробных каменьчыкаў. А вёску, якую ўзвялі на гэтым месцы, назвалі Каменка».
У прыватнасці, вядучыя зачыталі ўспаміны Вольгі Дзмітрыеўны Басавай аб сваім мужы Васілю Якаўлевічу, які нарадзіўся ў Каменцы ў 1922 годзе. У час акупацыі быў сувязным партызанскага атрада, на фронце з 1944 года. Кулямётчык 53-га гвардзейскага стралковага палка 2-й асобнай танкавай брыгады, ваяваў ва Усходняй Прусіі, пяць разоў паранены. За баі ў раёне Кёнігсберга ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. З вялікай увагай былі праслуханы падрабязнасці гэтага бою. Пры непасрэдным удзеле кулямётчыка Басава была знішчана кулямётная кропка ворага, а 12 фашыстаў узяты ў палон. Але танк, у складзе экіпажа якога знаходзіўся і Васіль, быў падбіты і загарэўся. Пры спробе выбрацца з палаючай машыны фашысты іх абстралялі. Камандзір быў забіты, двое членаў экіпажа, у тым ліку і Басаў, атрымалі цяжкія раненні...
Няволю зведала вязень канцлагера Асвенцым Марыя Сяргееўна Садоўская, у канцлагеры ў Германіі была і Ніна Пятроўна Сіткевіч, якая ў 1943 годзе спаліла склад з боепрыпасамі ў вёсцы Каменка. Ураджэнец Каменкі, удзельнік грамадзянскай вайны Сяргей Канстанцінавіч Садоўскі быў звязаны з партызанамі, у 1942 годзе разам з жонкай і дачкой спалены ў вёсцы Новае Жыццё.
Тут жа была нагадана яшчэ адна сумная старонка гісторыі – вайна ў Афганістане, удзел у якой прымалі трое ўраджэнцаў вёскі: Васіль Барадач, Валянцін Жаваранак, Анатоль Шчэрба.
– Кожная эпоха пакідае свой след на абліччы вёскі, – працягвалі вядучыя. – З гадамі вёска, як і людзі, мяняецца. І ў кожны перыяд у яе свой выгляд, свая годнасць. На пачатак бягучага года ў Каменцы пражываюць 486 чалавек, з іх 86 дзяцей да 15 гадоў, 114 – старэй працаздольнага ўзросту. У нас ёсць магазін, дзіцячы сад, амбулаторыя, аптэка, клуб-бібліятэка, дзяржаўнае ўнітарнае прадпрыемства «Крупскае ПМС».
На сцэну запрашаліся медыцынскія работнікі – Ларыса Віннікава, Ала Шэлепень, Галіна Трыпуцень, доўгажыхарка Марыя Барысаўна Кулікоўская і самы маленькі жыхар вёскі Ягор Глебка. Словы падзякі за шчырую працу гучалі ў адрас меліяратараў, педагогаў, работнікаў гандлю. Асобны блок быў прысвечаны мясцоваму дзіцячаму саду і, у прыватнасці, яго сённяшняй загадчыцы Алене Рашэтнік, і Галіне Ермаковіч, якая шмат гадоў загадвала гэтам дзіцячым садам, выхавальнікам – Зінаідзе Шмат, Раісе Шкалавай, Ірыне Падковіч. Шмат цёплых і сардэчных слоў пачула і былая загадчыца Каменскага клуба Святлана Пагірніцкая, якая ў свой час ставіла тэатральныя спектаклі, арганізоўвала мерапрыемствы, шчодра аддавала свой талент і майстэрства людзям.
– Усім вядома, што майстравы народ заўсёды славіўся працавітасцю, – адзначалі вядучыя. – Ёсць такія людзі і ў нашай вёсцы. Гэта – Наталля Шафранская, Ніна Красоўская, Марына Сіткевіч, Лідзія Кулік, Клаўдзія Дзірко, Ганна Садоўская, Таццяна Смірнягіна. Нашы ўмеліцы не толькі могуць рабіць цудоўнае сваімі рукамі, але і захапіць іншых, ахвотна дзеляцца сваім вопытам з моладдзю. А гэта значыць, народнаму промыслу і рамяству – жыць ды жыць!
Запаветным куточкам з’яўляецца Каменка і для таленавітага, яркага, добра вядомага крупчанам Барыса Макарэвіча, які са сцэны расказаў пра сябе, пра сваю творчасць, а затым з усёй прысутнай яму шчырасцю прачытаў верш пра вёску Каменка.
Наогул, на працягу ўсяго часу, пакуль ішло свята, гучалі вершы і песні, якія выконвалі самадзейныя артысты Каменскага клуба-бібліятэкі – Тамара Данілава, Настасся Цыбулька, Ніна Садоўская, Віка Шкалава, Аліна Бараўцова, Аляксандр Казак, Арцём Смірнягін, Аліна Кулік і Яўген Дольнік. Вялікую цікавасць выклікала і выстава мясцовых умельцаў. Многія прысутныя не маглі адысці ад прыгожых вязаных карункавых хустак, карцін, вышыванак крыжыкам, сурвэтак, посцілак. Праводзіліся самыя розныя конкурсы, пераможцы якіх атрымлівалі прызы, былі арганізаваны дзіцячыя атракцыёны. Напрыканцы выказвалася пажаданне, каб такое свята стала традыцыйным, і каб у Каменцы збірацца разам кожны год.