Ніхто не ведаў, які лёс напаткае нованароджаную. Мне здаецца, што першыя крокі ў школу-новабудоўлю, пах фарбы, усё тое, што мы рабілі сваімі рукамі ў класах-кабінетах, – засталося ў памяці на ўсё жыццё.
1994 год – першы выпуск. Атэстаты атрымалі 56 выпускнікоў. Трэба адзначыць, што ў гэтым годзе вучняў налічвалася больш, чым у наступныя гады – 843. Адміністрацыі школы было нялёгка. Трэба было згуртоўваць калектыў. Але мы справіліся, бо была каманда аднадумцаў. Наша ўстанова адукацыі ў тыя далёкія і такія блізкія гады была багатая на наватарскія методыкі і падыходы да працэсу навучання. Дэвізам кожнага настаўніка доўгія гады былі словы: «Новую тэхналогію навучання – у практыку работы школы».
Асцярожны, але моцны крок быў зроблены ў развіцці эстэтычнага накірунку. Мы сталі першапраходцамі па адкрыцці спецыялізаваных ліцэйскіх ваенна-патрыятычных, хіміка-біялагічных і фізіка-матэматычных класаў. Мы супрацоўнічалі з Ваеннай Акадэміяй Рэспублікі Беларусь, Віцебскай акадэміяй ветэрынарнай медыцыны, Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам.
Выпускнікі ліцэйскіх класаў – гэта наш гонар. Сёння ўсе яны працуюць у розных рэгіёнах нашай рэспублікі па выбраных яшчэ ў школьныя гады прафесіях. Мы ганарымся і нашымі знакамітымі выпускнікамі, якія звязалі свой лёс са спортам – гэта Ларыса Варона, майстар спорту міжнароднага класа па лыжных гонках і біятлоне, сярэбраны прызёр IX зімніх Паралімпійскіх гульняў, Дзяніс Сімановіч, майстар спорту міжнароднага класа па спартыўнай хадзьбе, Аляксей Шнырко, майстар спорту па веласпорце.
Наша школа з кожным годам набірае тэмп, крок яе становіцца ўсё мацнейшым. З дня адкрыцця і да сёння працуюць 13 настаўнікаў. 13 – знаходзяцца на заслужаным адпачынку. 12 педагогаў-ветэранаў працягваюць перадаваць сваё педагагічнае майстэрства маладому пакаленню. Ветэраны частыя госці ў школе. Кожны раз яны прымаюць шчырыя словы падзякі ад адміністрацыі, прафсаюзнага камітэта за плённую працу.
За 25 гадоў пуцёўкі ў жыццё атрымалі 1190 выпускнікоў, з іх 45 медалістаў. Традыцыі школы захоўваюцца. Ініцыятыўны, творчы корпус адміністрацыі імкнецца якасна вырашаць усе задачы, якія стаяць сёння перад установай адукацыі. Дваццаць гадоў узначальваў калектыў Эдуард Міхайлавіч Казлоў. Больш 4 гадоў працавала дырэктарам школы Алена Ігараўна Бялькова. Сёння ўзначальвае калектыў Алена Юр’еўна Баранчук, намеснікі дырэктара – Таццяна Аляксандраўна Канавалёнак, Таццяна Мікалаеўна Шчэмель, Ірына Пятроўна Ярышкіна.
У школе – 628 вучняў, 65 – настаўнікаў. Наладжана супрацоўніцтва з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі па правядзенні дыягнастычнага тэсціравання, рэпетыцыйнай і прафарыентацыйнай работы. Настаўнікі ўстановы адукацыі актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах прафесійнага майстэрства, абласных, рэспубліканскіх мерапрыемствах.
Адзначаецца паспяховая дзейнасць маладзёжных аб’яднанняў. І гэта пацвярджаецца перамогамі ў конкурсах рознага ўзроўню, высокай выніковасцю ўдзелу ў спартыўных мерапрыемствах. Бягучы навучальны год нас надта парадаваў. Зусім надаўна вучань 9 класа Аляксандр Філаненка заняў трэцяе месца на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. Яго настаўнік – Юрый Валер’евіч Лапарэвіч.
Мы шчыра верым, што ў нашым калектыве і далей будуць панаваць радасць, натхненне, творчасць і дабразычлівасць. З юбілеем, паважаныя калегі, вучні, ветэраны педагагічнай працы! З юбілеем, любімая школа!
Валянціна СКВАРКОЎСКАЯ, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце (1993 – 2012 г. г.)