«Вспомним всех поименно, горем вспомним своим… Это нужно – не мертвым! Это надо – живым!» Уражлівыя словы з паэмы Роберта Раждзественскага яшчэ і яшчэ раз напамінаюць нам, што трэба ведаць і помніць, якой цаной заваявана шчасце жыць пад мірным небам, і свята захоўваць і даглядаць помнікі і абеліскі загінуўшым.
Наша Крупшчына багата гістарычнымі месцамі і помнікамі. На тэрыторыі раёна знаходзяцца 92 помнікі перыяду Вялікай Айчыннай вайны, з іх 44 воінскія пахаванні. Пяць з іх уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Гэта брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан, мірных жыхароў, якія загінулі ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Брацкая магіла каля гарадскіх могілак – 223 чалавекі – воіны і партызаны, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1943-1944 гг., мірныя жыхары, расстраляныя ў 1942 годзе. Брацкая магіла 1941-1945 гг. (гарадскія могілкі) – 31 чалавек – воіны, якія загінулі пры вызваленні Крупскага раёна і Герой Савецкага Саюза Якаў Дзмітрыевіч Бяляеў. Брацкая магіла 1944 г. у г.п. Бобр – 218 чалавек – воіны, якія загінулі пры вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у чэрвені-ліпені 1944 года. Брацкая магіла ў вёсцы Смародзінка – 181 чалавек – воіны, якія загінулі ў чэрвені 1944 года пры вызваленні вёскі ад нямецкіх захопнікаў. Брацкая магіла ў г.п. Халопенічы 1941-1944 гг. – 66 чалавек – воіны, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У г.п. Халопенічы знаходзіцца помнік пахаваным 2 700 мірным жыхарам, ля вёскі Лебедзева – 1 975, ля г.п. Бобр – 961, у Абчузе – 440 мірным жыхарам. Грамадскім аб’яднаннем беларускіх яўрэяў на помніку каля Лебедзева ўстаноўлена мемарыяльная дошка, ля гарадскога пасёлка Бобр сёлета замест помніка, які стаяў раней, устаноўлены новы, а пяць гадоў назад на месцы расстрэлу мірных жыхароў ля Ухвалы ўстаноўлены памятны знак. У вёсцы Узнаж пахавана 360 чалавек – ахвяр фашызму, у Сомрах – 180, Гумнах – 125, Новай Слабадзе – 89, Купленцы – 44 чалавекі.
– Вайна закончылася 70 гадоў назад, але да гэтага часу яна жыве ў нашых сэрцах, – гаворыць загадчык сектара ідэалагічнай работы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Сарокіна. – Кожны дзень вайны станавіўся новай старонкай летапісу бессмяротных подзвігаў. Маладыя рабяты аддавалі сваё жыццё, каб заваяваць нам свабоду і мірнае неба. На жаль, тысячы доблесных абаронцаў так і засталіся ляжаць на полі бою. Імёны многіх загінуўшых невядомы і цяпер. У нашым раёне ў брацкіх і адзіночных магілах пахавана 7 тысяч 396 чалавек, з іх вядомы прозвішчы толькі 927 чалавек. Але дзякуючы тым, хто займаецца пошукам па закліку душы і сэрца, дзякуючы іх патрыятызму, мы даведваемся аб новых і новых імёнах. І абавязак кожнага з нас – шанаваць памяць загінуўшых.
Набліжаецца знамянальная дата – 70-годдзе Вялікай Перамогі. Раённым выканаўчым камітэтам зацверджаны планы мерапрыемстваў, якімі прадугледжаны рамонт помнікаў, добраўпарадкаванне тэрыторый вакол іх, актывізацыя пошукавай работы па ўдакладненні звестак аб загінуўшых невядомых воінах і пахаваных на тэрыторыі раёна, правядзенне Вахтаў памяці.
За кожным помнікам замацаваны прадпрыемствы і арганізацыі, сельскія Саветы дэпутатаў, установы адукацыі, якія добраўпарадкоўваюць тэрыторыі вакол іх. І тут, у першую чаргу, трэба адзначыць філіял «Крупскае УМГ ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь», кіраўніцтва якога ў мінулым годзе зрабіла капітальны рамонт помніка салдату і партызанцы, ля падножжа якога выбіты прозвішчы 140 мясцовых жыхароў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, у аграгарадку Ігрушка. Сёлета імі зноў праве-дзена вялікая работа па капітальнаму рамонту помніка памяці загінуўшых землякоў ва ўрочышчы «Ліпавец», што ля вёскі Вялікія Хальнявічы. У планах кіраўніцтва Крупскага УМГ – і далей аказваць дапамогу ў аднаўленні і рэканструкцыі помнікаў. Са станоўчага боку варта назваць лесагаспадарчую ўстанову «Крупскі лясгас» і іншыя прадпрыемствы і арганізацыі.
Знакавым месцам для крупчан стаў мемарыяльны комплекс з помнікам Герою Савецкага Саюза В.М. Чабатарову. У належным стане пастаянна знаходзяцца помнікі, брацкія магілы і абеліскі ў Прошыцы, Язбах і Абчузе Акцябрскага сельсавета, у Вялікіх Жаберычах і Начы Хацюхоўскага, у Гапонавічах і Худаўцах Крупскага сельсавета.
Сёння, 18 красавіка, праходзіць рэспубліканскі суботнік. Яго мэта – добраўпарадкаваць помнікі воінскай славы, брацкія магілы, месцы масавага знішчэння грамадзянскага насельніцтва. Давайце ўсе разам будзем шанаваць мінулае дзеля будучага!