У ліку найбольш важных пытанняў ён назваў цану, якасць і тэрміны будаўніцтва.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што пытанне якасці будаўніцтва не столькі ў так званай кадравай праблеме, а часта менавіта ў няўменні кіраўнікоў кіраваць сваімі арганізацыямі. «Работа кіраўніка вельмі дрэнная. Я ўжо не гавару пра эфектыўнасць таго ці іншага прадпрыемства», – даў ацэнку Прэзідэнт.
«Парадак трэба навесці ўсюды. Мы ўмеем і ведаем, як працаваць», – акцэнтаваў беларускі лідар. Ён падкрэсліў недапушчальнасць змякчэння адказнасці за карупцыйныя злачынствы: «Мы давядзём да кожнага на месцах патрабаванні Прэзідэнта па барацьбе з карупцыяй і іншымі правапарушэннямі. А потым ад мяне дабра не шукайце».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сфера будаўніцтва з’яўляецца своеасаблівым індыкатарам, які адлюстроўвае дынаміку развіцця краіны. Аднак за апошнія гады, нягледзячы на шэраг прынятых рашэнняў, у гэтай галіне не ўдалося пераламаць негатыўныя тэндэнцыі. «За мінулую пяцігодку зніжаны якасныя паказчыкі па ўсёй галіне. Зменшыўся яе ўклад у ВУП, дапушчана зніжэнне аб’ёмаў падрадных работ, узвядзення жылля, абвастраюцца праблемы неплацяжоў, пагаршаецца фінансавы стан будаўнічых арганізацый», – канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Нават рост асноўных паказчыкаў у будаўніцтве ў гэтым годзе Кіраўнік дзяржавы не лічыць ажыўленнем.
Прэзідэнт падкрэсліў, што будаўніцтва жылля заўсёды было важнейшым прыярытэтам, аднак з 2014 года яго аб’ёмы пастаянна зніжаюцца – з амаль 7 млн кв.м у 2010 годзе да амаль 4 млн кв.м у 2017-м.
«І калі з агульнай чаргой у цэлым разабраліся і колькасць усіх маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў штогод зніжаецца, то чарга шматдзетных сем’яў бесперапынна расце, – звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. – Радавацца трэба было б, таму што вырашаем самую галоўную дэмаграфічную задачу. А мы людзям не можам на працягу года, як было прынята рашэнне, выдаць жыллё». Кіраўнік дзяржавы таксама занепакоены наяўнасцю звышнарматыўных жылых дамоў. Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што нагляд за выкананнем тэрмінаў будаўніцтва жылля ў рэгіёнах з’яўляецца сферай адказнасці мясцовай улады.
Важнейшым пытаннем Прэзідэнт назваў кошт узводзімага жылля. «Задачай урада застаецца захаванне формулы «адзін квадратны метр з дзяржпадтрымкай не вышэйшы за сярэднямесячную заработную плату». Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў усіх, што дасягненне ўзроўню заработнай платы ў памеры Br1 тыс. не азначае, што метр жылля аўтаматычна павінен каштаваць столькі ж.
Аляксандр Лукашэнка акцэнтуе ўвагу на неабходнасці лепшага планавання тэрыторый, каб малыя населеныя пункты былі прывабныя для жыцця людзей. Паводле яго слоў, нізкая прывабнасць малых населеных пунктаў абумоўлена неразвітасцю ў іх інфраструктуры, адсутнасцю камфортнага асяроддзя для жыцця.
Яшчэ адзін праблемны момант, на які звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы, – гэта развіццё інфраструктуры ў раёнах, дзе вядзецца жылая забудова, у тым ліку індывідуальная. «Як правіла, не ў людзях праблема. Гэта мясцовыя ўлады не могуць забяспечыць будаўніцтва неабходнай інфраструктуры. Так быць не павінна!» – падкрэсліў ён.
Прэзідэнт нагадаў, што губернатарам і ўраду не раз даваліся даручэнні рэанімаваць перасовачныя механізаваныя калоны – гэтыя важныя для раёнаў прадпрыемствы. Аднак большасць з іх сёння працуюць стратна, а ў асобных рэгіёнах іх наогул няма. «Таму чарговы раз патрабую ад губернатараў на працягу 2019 года адрадзіць ПМК у кожным раёне і зрабіць усё, каб яны былі эфектыўнымі. Проста для птушкі, паказухі адраджаць не трэба. У першую чаргу яны павінны вырашаць усе пытанні будаўніцтва і рамонту ў вёсцы. Пры гаспадарчым падыходзе ім заўсёды знойдзецца работа», – перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама выказаў прэтэнзіі да якасці і тэрмінаў распрацоўкі праектнай дакументацыі. Праекціроўшчыкі не нясуць ніякай адказнасці за якасць дакументацыі і зусім забылі пра аўтарскі нагляд, адзначыў Прэзідэнт. «Яны самаўхіліліся, абвінавачваючы то заказчыка ў няправільным заданні, то будаўніка, які не зразумеў і няправільна ажыццявіў іх ідэю, – сказаў Прэзідэнт. – Выпрацуйце нормы і патрабаванні па адказнасці да праектантаў».
Акрамя таго, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, не трэба зацыклівацца на тыпавым праектаванні і будаваць усё аднолькавае. «Тыпавымі могуць быць прамысловыя будынкі, збудаванні, трансфарматарныя падстанцыі, кацельні. Але дзіцячыя сады, школы і іншыя сацыяльныя аб’екты павінны быць арыгінальнымі», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Тыпавымі ў іх, адзначыў ён, могуць быць толькі тэхналогія, асобныя канструктыўныя элементы, вузлы і дэталі, з якіх яны будуць збірацца. «І паўтараю: усё павінна патанаць у зелені і кветках, – запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. – Будучы год будзе прадоўжаны як Год малой радзімы, але асноўная ўвага будзе звернута на добраўпарадкаванне краіны».
Прэзідэнт звярнуў увагу і на развіццё кадравага патэнцыялу. «У апошнія гады ідзе сур’ёзны адток спецыялістаў. За пяць гадоў галіна страціла больш за 50 тыс. рабочых, лепшых рабочых. Яны едуць на заработкі за мяжу. Чаму там не відаць нашых падрадчыкаў?» – спытаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Савет Міністраў так і не прыняў мер, каб усе гэтыя людзі працавалі ў беларускіх арганізацыях на тэрыторыі іншых дзяржаў.
«Будаўніцтва – няпростая сфера, якая патрабуе пастаяннай увагі ўсіх органаў улады і пошуку эфектыўных рашэнняў. У работнікаў гэтай галіны заўсёды была, ёсць і будзе работа. Яны прымаюць удзел у развіцці ўсіх сектараў эканомікі, і пры гаспадарчым падыходзе, адказным стаўленні да выканання пастаўленых задач заработкі ім гарантаваны», – заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што час не стаіць на месцы, і патрабаванні да будаўнічай галіны з кожным годам будуць толькі ўзрастаць, таму неабходна рухацца наперад.