krupki.by

ru RU be BE en EN


Крупская бібліятэка прайшла няпросты шлях ад станаўлення, поўнага знішчэння да сучаснага асветніцкага цэнтра

Автор / Паралелі часу / Среда, 04 ноября 2020 11:04 / Просмотров: 578

Сёлетні кастрычнік стаў для яе юбілейным. 90 гадоў – сталы ўзрост, мудры і багаты на вопыт. Шмат зроблена за гэтыя дзесяцігоддзі, установа развівалася разам з часам і заўсёды адпавядала яго патрабаванням.

Усе гэтыя гады нас, журналістаў і бібліятэкараў, аб’ядноўвае цеснае супрацоўніцтва. І гэта невыпадкова. Дарэчы, Крупская раённая газета толькі на адзін год маладзейшая за бібліятэку. І прыемна, што падшыўка раёнкі, якая захоўваецца з 1947 года, з’яўляецца гонарам бібліятэчнага фонду.

Больш за 20 гадоў кіруе бібліятэкай Наталля Міхайлаўна Купрыянава. Неяк падчас нашай чарговай гутаркі яна падзялілася, што працуе над напісаннем гісторыі бібліятэкі. А юбілей – якраз нагода, каб па­дзяліцца сваімі напрацоўкамі, прыадчыніць таямніцы мінулага. Ну, і сказаць пра цяперашняе, адзначыць людзей, што плённа працавалі і працуюць на ніве бібліятэчнай справы. Такім чынам, Наталля Купрыянава – чарговы суаўтар нашага праекта. Вось што яна распавяла:

– Пад кіраўніцтвам райпалітасветы пры народным доме ў кастрычніку 1930 года была ўтворана Крупская раённая бібліятэка. Яна ажыццяўляла кіраўніцтва бібліятэкамі хат-чытальняў і чырвоных куткоў, з'яўлялася кніжнай базай для ўсіх бібліятэк раёна. Важным накірункам працы тады была арганізацыя работы перасовак. Кніжны фонд складаў 500 асобнікаў. Мы ведаем, што першым бібліятэкарам быў Фёдар Залеўскі, а першым чытачом – Яфімія Карнееўна Міронава, 1879 года нараджэння.

Ужо ў 1933 годзе ў бібліятэцы налічвалася 5 000 экзэмпляраў кніг і быў прызначаны першы загадчык – Сямён Паўлавіч Бізюк.

На гэтым здымку – адзін з лістоў гістарычнага альбома, што захоўваецца ў бібліятэцы. З яго мы даведваемся, што вялікая заслуга ў развіцці раённай бібліятэкі належыць Сямёну Іванавічу Уцікаву. А таксама бачым на старым фота, як Марыя Сямёнаўна Хлапкова працуе з чытачом.
На гэтым здымку – адзін з лістоў гістарычнага альбома, што захоўваецца ў бібліятэцы. З яго мы даведваемся, што вялікая заслуга ў развіцці раённай бібліятэкі належыць Сямёну Іванавічу Уцікаву. А таксама бачым на старым фота, як Марыя Сямёнаўна Хлапкова працуе з чытачом.

Пачынаўся новы этап разгортвання масавай работы з чытачамі. У перадваенныя гады вялікая ўвага ўдзялялася такім выставачным формам, як лозунгі, плакаты, насценныя газеты, дыяграмы. Зместам работы было ўслаўленне працоўных подзвігаў. На пачатак 1941 года раённая бібліятэка мела ўжо 20 000 экзэмпляраў кніг.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ўвесь кніжны фонд быў знішчаны, і затым давялося пачынаць з нуля.

У ліпені 1944 года была прынята Пастанова № 410 Савета народных камісараў БССР «Аб аднаўленні кніжнага фонду Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна, абласных, гарадскіх і раённых бібліятэк». Пасля вызвалення Крупскага раёна бібліятэка аднавіла сваю дзейнасць у верасні 1944 года. Першыя пасляваенныя гады прайшлі пад знакам адшуквання і вяртання кніг, разрабаваных і вывезеных фашыстамі, а таксама збору выданняў сярод насельніцтва для папаўнення фонду.

Першы ўліковы запіс у інвентарнай кнізе № 1 Крупскай райбібліятэкі зроблены ў жніўні 1944 года. На канец 1946 года ў фондах было 2 850 экзэмпляраў, наведвалі 248 чытачоў. Вялікая заслуга ў адраджэнні раённай бібліятэкі былога бібліятэкара Сямёна Іванавіча Уцікава, які прапрацаваў у ёй 25 гадоў.

У 50-я гады ставіцца пытанне аб паўсюдным кіраванні чытаннем сялян, рабочых, служачых і дзяцей. У сувязі з тым, што ў г.п. Крупкі дзіцячай бібліятэкі не было, а кніжны фонд раённай складаў 12 тысяч кніг, узніклі падставы для  стварэння далей Крупскай дзіцячай бібліятэкі.

На 1 студзеня 1953 года бібліятэка мела 14 271 экзэмпляраў. Для шырокай прапаганды кніг у той час сталі пастаянна праводзіцца чытацкія канферэнцыі. Частымі гасцямі бібліятэкі былі беларускія паэты і пісьменнікі. Да прыкладу, у верасні 1953 года праводзілася канферэнцыя чытачоў па рамане Іван Шамякіна «Глыбокая плынь». Малады пісьменнік выступіў на сустрэчы, распавёў пра працу над раманам і бліжэйшыя творчыя планы. Знакамітыя пісьменнікі і паэты прыязджалі тады даволі часта.

У 1959 годзе бібліятэка перайшла на новы метад абслугоўвання чытачоў – адкрыты доступ да кніжнага фонду. У 1960 годзе яе загадчыкам стаў Ігар Аляксеевіч Алексіевіч, які працаваў загадчыкам перасоўкі. У тым жа годзе ён прадстаўляў бібліятэку на Усесаюзнай нарадзе бібліятэчных работнікаў у Маскве ў бібліятэцы імя У.І. Леніна, дзе абмяркоўвалася пытанне паляпшэння абслугоўвання працаўнікоў вёскі сельскагаспадарчай літаратурай. За шматгадовую добрасумленную працу ён узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, удастоены звання «Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР» і ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

У той час бібліятэка размяшчалася ў драўляным доме па вуліцы Інтэрнацыянальнай, які, натуральна, рабіўся цесным для кніжнага фонду, што налічваў ужо 38 240 экзэмпляраў. У 1963 годзе раённая бібліятэка пера­ехала ў новы будынак Дома культуры і размясцілася на другім і трэцім паверхах.

А 28 верасня 1965 года, у сувязі з 35-годдзем з дня ўтварэння, ёй прысвоена імя народнага паэта БССР Янкі Купалы.

Жыццё вылучыла рацыянальнае рашэнне праблемы ўзбуйнення бібліятэчнага працэсу – стварэнне цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм з адзіным фондам, адзінай апрацоўкай і камплектаваннем літаратурай, адзіным кіраўніцтвам і штатам.

Крупская цэнтралізаваная раённая бібліятэчная сістэма была створана адной з першых у 1977 годзе. Яе ўзначаліў Ігар Аляксеевіч Алексіевіч, які прапрацаваў на гэтай пасадзе да 1985 года. У склад Крупскай РЦБС увайшла раённая бібліятэка імя. Я.Купалы і 47 бібліятэк-філіялаў. З 1985-1997 год дырэктарам Крупскай ЦРБ была Таццяна Дзмітрыеўна Баранчык.

У 90-я гады Крупская цэнтральная раённая бібліятэка, як і ўся сістэма, перажывала цяжкія часы. Пагоршылася камплектаванне літаратурай і перыядычнымі выданнямі, што прывяло да адтоку чытачоў. Але нават у такіх няпростых умовах бібліятэка працягвала сваю работу.

У 1997 годзе ўзначаліць Крупскую раённую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму даверылі мне, аўтару гэтых радкоў, тады я адначасова была і кіраўніком Крупскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя. Я. Купалы.

Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь стала спрыяць адраджэнню нацыянальнай культуры, з'явіліся новыя формы абслугоўвання карыстальнікаў. У тыя гады адбывалася рэарганізацыя сельскіх бібліятэк, з'явіліся такія ўстановы, як бібліятэка-карцінная галерэя, бібліятэка-клуб, культурна-адукацыйны цэнтр, быў набыты бібліёбус. З увядзеннем платных паслуг мы атрымалі магчымасць камплектаваць свой фонд папулярнымі навінкамі мастацкай літаратуры, найбольш запатрабаванымі выданнямі галіновай літаратуры.

У практыку актыўна ўваходзілі новыя носьбіты інфармацыі, тэхнічныя сродкі і тэхналогіі, камп'ютарызацыя бібліятэчных працэсаў.

Пачалася мадэрнізацыя Крупскага раённага цэнтра культуры і паўстала пытанне аб набыцці будынка для размяшчэння бібліятэкі. У 2007 годзе яна пераехала на вуліцу Дзяржынскага ў памяшканне дзіцячай бібліятэкі.

Десяцігоддзе прайшло да таго, як мы пераехалі ў новы адрамантаваны будынак, гэта адбылося 24 кастрычніка 2017 года. У тым жа годзе згодна з заканадаўствам наша ўстанова стала называцца Крупская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы.

Пераезд у новы будынак стаў вялікай і радаснай падзеяй як для работнікаў, так і для жыхароў Крупскага раёна. Да паслуг чытачоў з’явілася сучасная і прывабная бібліятэка, у якой створаны ўсе ўмовы для творчай працы з кнігай і атрымання інфармацыі з сучасных крыніц. На сёння гэта сапраўдны метадычны цэнтр для 9 бібліятэк філіялаў, 11 клубаў-бібліятэк. У нас усталявалася трывалая сістэма правядзення розных мерапрыемстваў сумесна з іншымі ўстановамі і грамадскімі арганізацыямі.

Для зручнасці прастора чытальнай залы падзелена на месцы для абслугоўвання, правядзення мерапрыемстваў, чытання перыёдыкі, актыўнага выбару кніг, інфармацыйнай дзейнасці, дзе працуе Публічны цэнтр прававой інфармацыі. Нашу бібліятэку наведваюць людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Для іх абуладкаваны пандус, пашыраныя праёмы дзвярэй, санвузел, кнопка выкліку персанала.

Дзейнасць бібліятэкі вя­дзецца па розных накірунках: патрыятычнае, духоўна-маральнае выхаванне, папулярызацыя здаровага ладу жыцця, экалогія і прававая асвета, краязнаўства і гэтак далей.

За 90 гадоў у бібліятэцы склаліся свае традыцыі, сфарміраваўся творчы калектыў, у розныя гады працавалі спецыялісты, якія пакінулі ў станаўленні і развіцці значны след. Гэта Марыя Сямёнаўна Хлапкова, Галіна Трыфанаўна Рыбачонок, Галіна Пятроўна Жук, Марыя Ягораўна Харашэўская, Еўдакія Аляксандраўна Камарова, Зоя Сцяпанаўна Сас, Наталля Фёдараўна Кажамяка, Алена Піліпаўна Марковіч, Зінаіда Фёдараўна Шчарбакова, Раіса Аляксандраўна Міхальчук, Людміла Ягораўна Рыбачонок, Ларыса Міхайлаўна Майстрэнка, Валянціна Іванаўна Глінская, Валянціна Дзянісаўна Петрыкава, Марына Мікалаеўна Дамаронак, Ірына Мікалаеўна Ціхалава.

І сёння ў нас – дружны, зладжаны і прафесійны калектыў, доб­рых слоў заслугоўваюць усе. Каардынаванне творчай і вытворчай дзейнасцю бібліятэк сумяшчае з абавязкамі старшыні прафкама намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Святлана Мікалаеўна Каляда. Шмат гадоў узначальва­юць структурныя падраз­дзяленні бібліятэкі загадчыкі аддзеламі: абслугоўвання і інфармацыі Людміла Аляксандраўна Прыстаўка, бібліятэчнага маркетынгу Ванда Рышардаўна Васілевіч, камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі адзінага фонду Наталля Аляксееўна Макарэвіч, матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і гаспадарчага абслугоўвання Святлана Анатольеўна Мудрацова. Скарбніцу кніжных багаццяў адкрываюць чытачам бібліятэкары Алена Рыгораўна Стукалава, Раіса Мікалаеўна Макарэвіч, Таццяна Эдуардаўна Яблонская, Ірына Міхайлаўна Арлова, Марына Васільеўна Цішурова. Зарыентавацца ў кніжным моры дапаможа бібліёграф Анастасія Ся­ргееўна Драніца.

Камплектаванне, апрацоўка, забеспячэнне захаванасці фонду – кірунак працы бібліятэкараў Людмілы Мікалаеўны Дзірко, Веры Ягораўны Маласай, Людмілы Аляксандраўны Фядотавай. Метадычнае забеспячэнне дзейнасці бібліятэк ажыццяўляюць метадыст Наталля Іванаўна Сакалова і бібліятэкар Інэса Генадзеўна Грынчук.

Парадак і чысціню, спраўны стан падтрымліваюць тэхнічныя работнікі Таццяна Аляксееўна Нетцаль, Святлана Віктараўна Хвашчэўская, Сяргей Васільевіч Здражэўскі, Дзмітрый Віктаравіч Сакалоўскі, Аксана Віктараўна Адэрый, Яўген Яўгенавіч Сіняк.

Зробленае ў бібліятэцы за 90 гадоў – трывалая аснова далейшага развіцця яе дзейнасці. Удасканальваючы формы і метады абслугоўвання чытачоў, пашыраючы комплекс паслуг, наша бібліятэка настойліва шукае шляхі, каб адпавядаць сучасным патрабаванням жыцця.

Калектыў бібліятэкі служыць кнізе, каб кніга служыла людзям, нашым паважаным чытачам.

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Актуально

1 апреля начальник отдела статистики проведет «горячую линию» по вопросам выплаты зарплаты

В понедельник, 1 апреля, с 8.00 до 17.00 (перерыв с 13.00 до 14.00) начальником отдела статистики Крупского района КАРЕЦКОЙ Еленой Леонидовной будет проводиться «горячая линия» по вопросу несвоевременной выплаты заработной платы. Телефон 8-01796 4-24-86.

30 марта "прямую ли­нию" проведет заместитель председателя райисполкома

В субботу, 30 марта, с 9.00 до 12.00 прямую телефонную ли­нию проведет заместитель председателя Крупского районного исполнительного комитета ГАНЧАР Анатолий Владимирович. Телефон 2-77-47.

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.