krupki.by

ru RU be BE en EN

Крупчане набліжалі час вызвалення сваёй барацьбой ва ўмовах акупацыі



Крупчане набліжалі час вызвалення сваёй барацьбой ва ўмовах акупацыі

Автор / Общество / Четверг, 09 февраля 2023 11:18 / Просмотров: 971

Гэтым артыкулам мы адкрываем цыкл нататкаў пра людзей, якія набліжалі час вызвалення сваёй барацьбой ва ўмовах акупацыі. Нягледзячы на жорсткі рэжым, усталяваны гітлераўцамі, амаль адразу пачало зараджацца і ўзмацняцца супраціўленне захопнікам.

Яны былі першымі

Самым цяжкім для патрыётаў быў менавіта пачатковы перыяд вайны. Чырвоная армія ў абарончых баях несла вялікія страты. Спробы арганізаваць супраціўленне ворагу па розных прычынах суправаджаліся вялікімі праблемамі. Раней мы пісалі пра трагічны лёс адной з першых партызанскіх груп на Крупшчыне і яе камандзіра Васілеўскага.

Былі выпадкі і няўдалай арганізацыі першых партызанскіх атрадаў байцамі і камандзірамі Чырвонай арміі. Пасля першых пагранічных баёў яны апынуліся ў тыле ворага, сярод значнай часткі акружэнцаў панавала разгубленасць у сувязі з часовымі поспехамі гітлераўцаў, асабліва на пачатку зімы 1941 года, калі вораг стаяў пад Масквой.

Тады частка ўжо створаных партызанскіх груп або распалася, або часова прыпыніла сваю дзейнасць, як гэта сталася, магчыма, з групай малодшага палітрука Дзмітрыя Андрэевіча Кулікова, ураджэнца вёскі Мажаны. Першую спробу стварэння партызанскага атрада Кулікоў ажыццявіў у канцы лета 1941 года на тэрыторыі Крупскага раёна. Але ў снежні 1941 года, у найбольш драматычны для краіны час, атрад часова спыніў сваё існаванне, магчыма, і таму, што камандзір захварэў і нейкі час хаваўся ў сялян. 12 сакавіка 1942 года ён быў арыштаваны, але на наступны дзень здолеў збегчы і актыўна ўключыўся ў барацьбу з ворагам на чале зноў створанага партызанскага атрада, які пазней увайшоў у склад 8-й партызанскай брыгады і да вясны 1944 года вырас да 500 байцоў. Кулікоў жа быў узнагароджаны ордэнам  Баявога Чырвонага Сцяга за тое, што «приложил много труда по увеличению численного состава, вооружения и боевой деятельности отряда». Сапраўды, як далей адзначалася ў наградным лісце, за час бая­вой дзейнасці партызанамі атрада было пушчана пад адхон 65 варожых эшалонаў, знішчана каля 2,5 тыс. захопнікаў, 90 аўтамашын праціўніка, 20 мастоў.

Раней мы пісалі пра «лясную дывізію» генерала І.В. Болдзіна, якая летам 1941 года з баямі прабілася па акупіраванай ворагам тэрыторыі, у тым ліку і праз крупскія лясы, з заходняй мяжы Беларусі да Смаленска, дзе злучылася з часцямі Чырвонай арміі. Частка байцоў гэтай аператыўнай групы ў пачатку ліпеня 1941 года засталася на тэрыторыі Крупскага раёна і пачала партызанскую барацьбу. Узначаліў яе Антон Пятровіч Брынскі, у будучым Герой Савецкага Саюза. Адной з першых баявых аперацый групы, ды і ў цэлым па раёну, стаў разгром нямецкага гарнізона ў Халопенічах. Пра гэта пазней Брынскі пісаў у сваёй кнізе «Па той бок фронту». У прыватнасці, ён адзначыў, што дзесьці з ліпеня 1941 года да яго далучылася група вайскоўцаў на чале з Куліковым, які і ўзначаліў налёт на Халопеніцкі гарнізон. Але гэта быў аднафамілец Дзмітрыя Андрэевіча.

Брынскі характарызаваў Кулікова наступным чынам: «у барацьбе з ворагам асаб­ліва вызначыўся Павел Пятровіч Кулікоў, альбо «генерал Кулік», як яго называлі немцы. Гітлераўцы актыўна шукалі «генерала Куліка» і, вядома, безпаспяхова. А Кулікоў заходзіў у любы населены пункт пад выглядам простага селяніна, размаўляў, закурваў папіросы з тымі, хто яго шукаў.

Дайшло да таго, што гэты смелы чалавек з’явіўся ў гестапа і абяцаў дапамагчы ў пошуку «генерала Куліка», увайшоў такім чынам у давер, што дазваляла атрымліваць для партызан важныя звесткі.

Былы партызан І.І. Сіняк, напрыклад, успамінаў, што ў пачатку зімы 1941 года немцы і паліцэйскія спрабавалі акружыць партызан каля вёскі Гібайлавічы (цяпер в. Знаменская). Партызаны ў час бою страцілі 3 чалавекі. Мясцовыя паліцэйскія затым хваліліся, што адным з іх быў сам «генерал Кулік».

Камандзір атрада «Мсціўца» Канстанцін СІДЗЯКІН (у цэнтры) ставіць баявую задачу.

Па некаторых звестках, у налёце на Халопенічы ўдзельнічала і партызанская група пад кіраўніцтвам былога сакратара Барысаўскага райкама партыі Івана Апанасавіча Яраша, створаная ў ліпені 1941 года з прадстаўнікоў партыйна-гаспадарчага актыву, усяго 18 чалавек. Яе базай быў лес каля вёскі Зачысце Барысаўскага і вёскі Клён Крупскага раёнаў. 

Акрамя налёту на Халопенічы, партызаны Яраша спрабавалі  здзейсніць дыверсіі на чыгунцы каля мястэчка Бобр, але няўдала, у Бабры загінулі 9 партызан. 30 кастрычніка 1941 года група трапіла ў засаду каля вёскі Пярэсіка і зноў пацярпела значныя страты. Тым не менш, Яраш працягваў барацьбу, пакуль у лютым 1942 года не загінуў у баі.

Адным з арганізатараў партызанскай барацьбы на Крупшчыне ўжо з лета 1941 года быў украінец Аляксандр Аляксеевіч Тарноўскі, які апынуўся ў акружэнні. Атрад «Сашкі», так яго называлі партызаны, быў у асноўным, як і сам камандзір, маладзёжным. Таму пазней, калі атрад уваходзіў у склад 8-й брыгады С.Р. Жуніна, ён стаў называцца менавіта камсамольска-маладзёжным.

Атрад удзельнічаў у разгроме 7 валасных упраў, у тым ліку Шынкаўскай, Дзянісавіцкай, Сакалавіцкай, іншых баявых аперацыях. Як адзначалася ў наградным лісце з нагоды ўзнагароды Тарноўскага ордэнам баявога Чырвонага Сцяга, «был в бригаде ведущим отрядом по разрушению вражеских коммуникаций». Але ў час аднаго з баёў Тарноўскі быў цяжка паранены асколкамі гранаты, страціў зрок, таму быў вывезены самалётам за лінію фронту і назад ужо не вярнуўся.

Пачатак жа аднаго з буйнейшых партызанскіх злучэнняў на Крупшчыне – 8-й партызанскай брыгады – паклала група акружэнцаў на чале з Сяргеем  Жуніным, якая пасля баёў пад Слонімам рухалася на ўсход, каб злучыцца з рэгулярнымі часцямі Чырвонай арміі і прадоўжыць барацьбу з ворагам.

Паколькі лінія фронту летам 1941 года пралягала ўжо каля Смаленска, акружэнцы вырашылі дзейнічаць у тыле ворага. У ліпені 1941 года  яны спыніліся каля вёскі Папарнае Крупскага раёна і ва ўрочышчы Будзіхава абсталявалі партызанскі лагер.  Хутка да іх далучылася група чырвонаармейцаў на чале з палітруком Ф.С. Старавойтавым, і такім чынам быў створаны партызанскі атрад «Сяргея», які затым вырас у брыгаду, а пазней у партызанскае злучэнне. Папаўненне ішло галоўным чынам з ліку мясцовых жыхароў. Першымі да партызан далучыліся Андрэй Мацура і Ілля Бялоў з вёскі Папарнае, Рыгор Масленікаў і Васіль Іваненка з вёскі Яджар, Іван Сінцоў з вёскі Старая Слабада і іншыя. Ужо з першых дзён барацьбы сувязным у партызан працаваў ляснік Рыгор Невядомскі з Папарнага.

Ужо ў ліпені 1941 года партызаны Жуніна зрабілі налёт на калону гітлераўцаў каля вёскі Ухвала, было забіта больш за 30 акупантаў, у верасні быў пушчаны пад адхон варожы эшалон каля вёскі Красноўка, у кастрычніку была здзейснена дыверсія на чыгунцы на перагоне Крупкі-Слаўнае, 26 лістапада каля вёскі Папарнае ў сустрэчным баі знішчана каля 10 гітлераўцаў.

Байцы нябачнага фронту

Ужо летам 1941 года Беларускім штабам партызанскага руху сумесна з разведвальным аддзелам Заходняга фронту пачалі накіроўвацца ў тыл ворага дыверсійна-разведвальныя групы. Іх мэтай былі дыверсіі на камунікацыях праціўніка, збор і перадача разведвальных даных, арганізацыя партызанскага і падпольнага руху.

Гэтыя групы асобага прызначэння, як правіла, складаліся з 10 чалавек – дэсантнікаў з радыёперадатчыкам. Іх перапраўлялі ў тыл ворага часцей за ўсё з падмаскоўнага аэрадрома Моніна лётчыкі авіяпалка, якім камандавала В.С. Грызадубава. Але ў 1941 годзе на тэрыторыю Беларусі нярэдка перапраўляліся дэсантнікі і наземным шляхам.

Адной з такіх груп кіраваў Канстанцін Васільевіч Сі­дзякін. Ужо ў пачатку вайны ён добраахвотна ўступіў у дэсантныя войскі і па распараджэнні штаба Заходняга фронту пасля падрыхтоўкі быў прызначаны каман­дзірам дыверсійнай групы.

Актыўныя дзеянні яна распачала ў Мінскай вобласці, у тым ліку на тэрыторыі Крупшчыны. Гэта пушчаныя пад адхон эшалоны праціўніка 1 верасня 1941 года на перагоне Крупкі-Бобр, 6 верасня на перагоне Бобр-Слаўнае, 11 верасня – на перагоне Крупкі-Бобр, 14 верасня – на  перагоне Крупкі-Прыяміна каля вёскі Нача. Ужо да канца 1941 года дэсантнікі атрада «Мсціўца» пусцілі пад адхон 10 варожых эшалонаў, падарвалі 5 аўтамашын, у баях нанеслі значны ўрон праціўніку. Неўзабаве група была адазвана за лінію фронту і паўторна новы атрад пад камандаваннем Сідзякіна вярнуўся да актыўнай дыверсійнай работы ўжо на тэрыторыі Пухавіцкага раёна. У 1943 годзе Сідзякін быў узнагароджаны ордэнам Леніна.

Пад камандаваннем Васіля ШЧАРБІНЫ (справа) вялася разведвальная работа і арганізоўваліся дыверсіі.

Прыкладна ў гэты ж час, у ліпені-жніўні 1941 года, у варожы тыл былі накіраваны і дэсантнікі пад кіраўніцтвам  Шчарбіны, Вацлаўскага, Бухава і інш. Яны дзейнічалі ў Крупскім і суседніх раёнах.

Васіль Васільевіч Шчарбіна на чале дыверсійнай групы быў накіраваны за лінію фронту ў самым пачатку вайны і трапіў у распалажэнне партызанскага атрада Антона Брынскага. Пасля таго, як Шчарбіна даставіў у атрад сабранае дэсантнікамі з дапамогай мірных жыхароў узбраенне – тры кулямёты, некалькі вінтовак, патроны і гранаты, ён быў прызначаны памочнікам камандзіра атрада.

Пад яго камандай дэсантнікі і партызаны арганізоўвалі дыверсіі на прасёлачных і аўтадарогах. Менавіта ён распрацаваў план атакі на раённы цэнтр Халопенічы. У лістапа­дзе 1941 года ў час прарыву блакады атрад Васіля Шчарбіны страціў сувязь з камандаваннем і вымушаны быў дзейнічаць самастойна. У сярэдзіне лютага 1942 года атрад увайшоў у распалажэнне Чырвонай арміі.

Група Б.М. Вацлаўскага знаходзілася ў тыле з кастрычніка па студзень 1941 года, затым пасля кароткага перапынку была зноў дэсанціравана ў раён Крупак. Як пазней адзначалася ў наградным лісце з нагоды ўзнагароджвання капітана Вацлаўскага медалём «Партызану Айчыннай вайны» першай ступені: «В тылу врага с ноября 1941 года. За период пребывания в тылу противника руководил крушениями воинских эшелонов противника. Умело организовал разведку войск противника и регулярно передавал в центр ценные данные о противнике».

Дэсантнікі таксама праводзілі разведку і з дапамогай перадатчыкаў перасылалі за лінію фронту даныя аб перамяшчэнні войск праціўніка, эшалонаў на чыгунцы, налажвалі сувязь з насельніцтвам і такім чынам стваралі падпольныя групы. Да іх далучаліся мясцовыя жыхары і многія з разведвальных груп пазней станавіліся асновай партызанскіх атрадаў і брыгад.

Кіравалі іх дзейнасцю за лініяй фронту каман­дзір, асобаўпаўнаважаны штаба Заходняга фронту маёр А.К. Спрогіс і камісар А.І. Адзін­цоў.

А.І. Адзінцоў пазней успамінаў пра групу капітана Бухава: «Група Бухава не толькі вяла сама разведвальную работу, але і па заданні цэнтра стварала новыя падпольныя групы…Некалькі разведчыкаў,…сярод іх адзначу былую ткачыху Аню Кулікову, здолелі ўладкавацца ў гарадах і станцыйных пасёлках… Безумоўна, яны маглі збіраць каштоўны разведвальны матэрыял пра перамяшчэнне войск праціўніка…»  У групу Аляксея Бухава ўваходзілі Анастасія Лісіна, радыстка Валянціна Дзевяткіна. Па легендзе ўсе яны – дзеці рэпрэсіраваных кулакоў, якія збеглі з-пад улады бальшавікоў. Сам капітан Бухаў геройскі загінуў 23 лютага 1943 года.

Такім чынам, ужо з лета 1941 года на акупіраванай гітлераўцамі тэрыторыі Беларусі, у тым ліку ў Крупскім раёне, пачало разгарацца полымя барацьбы супраць захопнікаў.

Дзмітрый  ХРОМЧАНКА, кандыдат гістарычных навук. Фота прадастаўлена аўтарам.

Автор

admin

admin

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.