krupki.by

ru RU be BE en EN

Мінская вобласць адзначыла 80-годдзе



Мінская вобласць адзначыла 80-годдзе

Автор / Общество / Вторник, 16 января 2018 15:52 / Просмотров: 1578

Выступае старшыня Мінскага аблвыканкама Анатоль  ІСАЧАНКАДэлегацыя крупчан пад кіраўніцтвам старшыні раённага выканаўчага камітэта Ігара Часнака ўзяла ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды 80-годдзя Мінскай вобласці.

Старт святкаванню знамянальнай даты быў дадзены на святочным сходзе ў аблвыканкаме, куды былі запрошаны кіраўнікі з усіх раёнаў Міншчыны і лепшыя яе працаўнікі. Шэраг спецыялістаў быў удастоены ўзнагарод Савета Міністраў і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, міністэрстваў і ведамстваў. За добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё сталічнага рэгіёну старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка ўручыў Ганаровыя граматы і Падзякі. Ва ўрачыстай абстаноўцы ўзнагароды атрымалі дзяржаўныя служачыя, прадстаўнікі сферы адукацыі, аховы здароўя, прамысловасці, культуры, сельскай гаспадаркі, сродкаў масавай інфармацыі і г.д. 

– Міншчына – сэрца Беларусі не толькі таму, што размяшчаецца ў цэнтры краіны, але і па тых аб’ёмных паказчыках, па тым унёску, што яна робіць у развіцці нашай слаўнай краіны, – адзначыў Анатоль Ісачанка, вітаючы ўзнагароджаных. – Сёння наша задача – памножыць багацці, што здабылі людзі некалькіх пакаленняў, зрабіць, каб наша вобласць была яшчэ лепшай.

Прыемна было чуць высокую адзнаку, якая гучала ў адрас працаўнікоў вобласці з вуснаў вышэйшых службовых асоб. У прыватнасці, намеснік прэм’ер-міністра Міхаіл Русы адзначыў, што Міншчына – важнейшы рэгіён, які дае эканоміцы істотныя прыросты, які падрыхтаваў і выхаваў цудоўных людзей, працаўнікоў, вучоных, спартсменаў, дзеячаў культуры, кіраўнікоў, дзяржаўных дзеячаў і проста добрых людзей. Краіна і надалей спадзяецца на цэнтральны рэгіён.

– Міншчына здольна ў бліжэйшыя два дзесяцігоддзі падвоіць тыя паказчыкі, што ёсць, – падкрэсліў ён. – Гэта ў цэлым рэальна з улікам кадравага патэнцыялу. Што да аграпрамысловага комплексу, то тут сур’ёзная база закладваецца пад новы ўраджай. У прыватнасці, аграрыі назапасілі і ўнеслі ў глебу больш мінеральных угнаенняў, чым летась. Разам з тым, на Міншчыне размясціліся флагманы прамысловасці, якія спрыяюць развіццю і іншых рэгіёнаў. 

Далей святкаванне перамясцілася ў Палац Рэспублікі. Туды з’язджаліся дэлегацыі з усіх раёнаў Міншчыны. Прыгожыя людзі з прыўзнятым настроем – усё, як і належыць урачыстасці. У прасторных фае Палаца гучала жывая музыка. Там жа размясціліся шматлікія выставы, што дэманстравалі прамысловы і сельскагаспадарчы патэнцыял сталічнага рэгіёну. А лепшыя перапрацоўшчыкі сельгаспрадукцыі наперабой прапаноўвалі прадэгуставаць свае вырабы. І яны мелі рацыю, бо адно – паглядзець, а зусім іншае – пакаштаваць. Трэба сказаць, што натуральная, смачная, спажыўная прадукцыя мясной, малочнай, пладова-гародніннай перапрацоўкі і хлебакамбінатаў была на вышыні.

Урачыстыя фанфары запрасілі ўсіх у залу. Больш за тры тысячы чалавек – вялікае прадстаўніцтва. Вышэйшыя службовыя асобы краіны, прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урада, парламента, духавенства, кіраўнікі дыпламатычных місій, грамадскіх арганізацый, дзеячы навукі і культуры, Ганаровыя грамадзяне Мінскай вобласці, перадавікі вытворчасці, ветэраны вайны і працы, госці з Грузіі і Малдовы. Шматлікія словы віншаванняў гучалі сапраўды шчыра. І гэта натуральна, бо падзея вельмі значная не толькі для Мінскай вобласці, але і для ўсёй краіны. 15 студзеня 1938 года з’явілася самая вялікая на тэрыторыі краіны вобласць – Мінская. Пачаўся адлік сучаснай гісторыі цэнтральнага рэгіёну. Гэта дата яднае мудрасць і вопыт, традыцыі і навацыі, дасягненні на пройдзеным шляху і імкненне да новых вышынь.

Літаральна ўсе, хто выступаў з віншаваннямі, адзначалі, што Міншчына – гэта славутая гісторыя і дзень сённяшні, гэта поспехі і дасягненні, ратны подзвіг і працоўныя здзяйсненні. Несумненна, галоўнае багацце вобласці – гэта яе людзі, што напрацягу васьмі дзесяцігоддзяў ўносілі значны ўклад па розных накірунках дзейнасці. 

Старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка ў сваім вітальным слове адзначыў, што стваральная праца жыхароў Мінскай вобласці дазваляе рэгіёну развівацца дынамічна.

– За восем дзесяцігоддзяў Міншчына прайшла няпросты, але паспяховы шлях, – падкрэсліў ён. – Яе ратны і працоўны подзвіг ацэнены двума ордэнамі Леніна і двойчы ёй прысуджаўся Ганаровы дзяржаўны сцяг. Жыхары Міншчыны заўсёды з любоўю ставіліся да роднай зямлі. Дзякуючы іх стваральнай працы, уменню дасягаць пастаўленых мэтаў рэгіён мяняецца з года ў год, робіцца лепшым і дынамічна развіваецца. Вобласць трывала ўтрымлівае лідарства ў аграпрамысловым комплексе, вядзецца мэтанакіраваная работа па мадэрнізацыі вытворчасці, укараненні новых тэхналогій, сучасных машын і механізмаў. Дынамічна развіваюцца ўсе галіны. Нашы тавары купляюць больш чым у 130 краінах, а прамысловыя гіганты «Беларуськалій» і БелАЗ вядомыя ва ўсім свеце.

Анатоль Ісачанка цёпла і сардэчна павіншаваў усіх з юбілеем, шчыра падзякаваў усім, хто зрабіў свой унёсак у агульную справу напрацягу многіх дзесяцігоддзяў.  

На свяце было шмат віншаванняў і шмат падарункаў. Апладысментамі ўсе віталі навіну пра тое, што працаўнікам Мінскай вобласці за значны ўклад ва ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці аб’яўлена Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Яе перадаў кіраўніку рэгіёну Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Станіслаў Зась. А намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Баляслаў Пярштук уручыў Анатолю Ісачанку Ганаровую грамату, якой па рашэнні савета Палаты прадстаўнікоў Міншчына ўзнагароджана за вялікі ўклад у развіццё сацыяльнай і эканамічнай палітыкі Беларусі.

Павіншаваў з юбілеем Мінскую вобласць і старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Анатоль Шорац. А падарункам цэнтральнаму рэгіёну ад сталіцы стаў пабудаваны ў Лагойскім раёне свінагадоўчы комплекс на 24 тысячы галоў.

Яшчэ адным яркім святочным акцэнтам стала цырымонія ўручэння звання «Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці». Якраз напярэдадні юбілейнай даты Мінскі абласны Савет дэпутатаў прыняў адпаведнае рашэнне. Так, за вялікія заслугі і значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёну гэта высокае званне прысуджана старшыні Мінаблвыканкама ў 1988–2007 гадах Мікалаю Дамашкевічу, трактарысту-машыністу сельгаспрадпрыемства «Путчына» Дзяржынскага раёна Таццяне Захожай, намесніку галоўнага інжынера па развіцці вытворчасці першага рудаўпраўлення ў 1992–2003 гадах вытворчага аб’яднання «Беларуськалій» Валерыю Карчагіну, старшаму трэнеру нацыянальнай каманды Беларусі па спартыўнай гімнастыцы Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па гімнастычных відах спорту Антаніне Кошаль, старшыні Беларускага саюза кампазітараў Ігару Лучанку, члену Беларускага саюза мастакоў Валерыю Шкарубу.

А затым на сцэне Палаца Рэспублікі афіцыйныя святочныя мерапрыемствы змяніў канцэрт майстроў мастацтваў Міншчыны. Гэта сапраўды было відовішча! Лепшыя калектывы і салісты, найвышэйшае выканаўчае майстэрства і канцэнтрацыя талентаў – уражанні неперадавальныя! І вельмі прыемна, што на гэтым цудоўным канцэрце, дзе сапраўды было выбранае з выбранага, прагучала прэм’ера песні «Юнацтва» на верш нашага земляка, паэта Барыса Макарэвіча і музыку вядомага беларускага кампазітара Алены Атрашкевіч.

Свята скончылася, але прыемным успамінам засталося ў сэрцах усіх яго ўдзельнікаў. І сапраўдным натхненнем на далейшую працу і далейшыя здзяйсненні.

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.