Аляксандры, Марылі,
Домны –
Сінь вачэй і пяшчота рук.
Беларусі маёй мадонны.
Мовай вольнаю гавару...
Так, мы ехалі да Аляксандры Антонаўны Сініцынай – беларускай мадонны, якой 17 студзеня спаўнялася 95 гадоў. Узрост, пагадзіцеся, дастойны павагі.
Можна сказаць з упэўненасцю, што гэта хата даўно не бачыла столькі гасцей. Павіншаваць Аляксандру Антонаўну з 95-годдзем прыехалі старшыня Бобрскага сельвыканкама Сяргей Гур, старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Кушнер, бухгалтар райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Вольга Каросціна, загадчык аддзялення дзённага прабывання для інвалідаў Крупскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла Гур і інструктар па працатэрапіі гэтага аддзялення Галіна Палоннік. Самыя шчырыя словы віншаванняў і пажаданняў прымала ў той дзень Аляксандра Антонаўна. Яна бясконца дзякавала ўсіх, хто прыехаў да яе – асабліва Сярожку (Сяргея Сцяпанавіча Гура, – аўт.), якога яна ведала яшчэ зусім маленькім. «У свой час я вельмі сябравала з яго бацькамі – Сцяпанам Барысавічам і Верай Сямёнаўнай, – гаварыла Аляксандра Антонаўна. – Калі не сустрэнемся ў Замках, яны заўсёды мяне ў госці запрашаюць». А цяпер амаль кожны месяц сустракаецца з іх сынам, які клапатліва адносіцца да самай старэйшай жыхаркі вёскі Сінічанка.
Узгадала сустрэчу з Аляксандрай Антонаўнай дзесяць гадоў таму і я. Менавіта ў 2010 годзе карэспандэнты рэдакцыі газеты працягвалі праект «Вось мая вёска!» І дзесьці ў верасні мне давялося сустрэцца з гэтай жанчынай падчас наведвання Сінічанкі. Шмат чаго пра сваё жыццё Аляксандра Антонаўна расказала мне тады, нагадала і цяпер.
Нарадзілася ў 1925 годзе. У хуткім часе памерла маці, таму яе і дзве сястрычкі выхоўваў бацька. Аляксандра закончыла 5 класаў Худавецкай школы. У вайну хлопцаў і дзяўчат 1925-1926 гадоў нараджэння немцы забіралі і адпраўлялі ў Германію. Такі ўдзел спасціг у 1943 годзе і гераіню нашага аповяду.
– Нацярпеліся там гора і страху, дык нацярпеліся, – гаварыла Аляксандра Антонаўна. – Адразу на фабрыцы працавалі, але неяк адправілі нас капаць акопы ажно пад Галандыю, непадалёку ад горада Кёльн. Яшчэ не выкапалі ніводнага акопу, хаця б сабе схавацца, як наляцеў самалёт і пачаў страчыць па нас з кулямёта. Уцякалі хто куды. Побач канава была, дык мы ў яе пападалі, а плаваць не ўмеем. Махаем па вадзе рукамі, ледзь перабраліся на другі бок, добра што неглыбокай аказалася. Маю зямлячку – Зою са Смародзінкі – паранілі ў нагу. Нас 12 дзяўчат было – мы з Зояй з Беларусі, а дзесяць дзяўчат з Сумской вобласці, што на Украіне. Моцна мы пасябравалі, бо ўсяго разам зведалі. На той раз уцяклі, але хутка нас злавілі і ў канцлагер адправілі. Пяць сутак сядзелі без вады і ежы, а на шостыя суткі прынеслі. У чарзе я аказалася апошняй, дык мне не дасталося нават вады папіць. Крыўдна было да слёз.
– Я дужа Богу малілася і тады, малюся і цяпер, – працягвала Аляксандра Антонаўна. – Думаю, гэта толькі Бог мяне і выратаваў ад вернай пагібелі. Раскажу і пра такі выпадак. З сяброўкай Таняй мы дабіраліся да свайго лагера, а тут зноў самалёты пачалі бамбіць. Таня і кажа: «Давай схаваемся вунь за тым кустом». Ляжым ціхенька, снарады ляцяць, а нас мінаюць. І тут прама побач з намі бомба звалілася (я і не бачыла яе ніколі), але не разрвалася. Сталі ўцякаць ад страху, а ў мяне ногі не ідуць. Тады Таня, яна была старэйшай і мацнейшай, ускінула мяне на спіну і панесла. Так і ўратаваліся. Прыйшлі ў лагер, а мая зямлячка галосіць, што Шурка, так мяне звалі дзяўчаты, загінула. І я разам з ёй плакала...
Доўга расказвала Аляксандра Антонаўна аб сваіх пакутах. У Нямеччыне давялося сустрэць сваіх аднавяскоўцаў, да якіх і трапілі за некалькі дзён да вызвалення амерыканцамі ўжо ў 1945 годзе. Са слязьмі на вачах успамінала, як тыя хавалі іх, дзяўчат, ад немцаў то ў шафе, то ў туалеце, як дзяліліся ежай, якую ім выдавалі. Але ў рэшце рэшт выпрабаванням, якія выпалі на іх долю, прыйшоў канец.
Вярнулася Аляксандра ў сваю Сінічанку, працавала паляводам у саўгасе «Колас». Згодна яе слоў, самыя розныя работы даводзілася выконваць. «Куды загадае брыгадзір, туды і ідзем працаваць, – гаварыла яна. – Вядома ж, пасляваеннае жыццё, мужчын мала было ў вёсцы, таму і шчыравалі ў асноўным жанчыны. Да таго ж, і хатнюю гаспадарку трымала. Людзі яшчэ спяць, а я іду на балота, накашу травы карове, ды і нясу ў ношцы. А што ж было рабіць?» І працавала Аляксандра Антонаўна да 1980 года, пакуль не пайшла на заслужаны адпачынак.
Падчас размовы яна нагадала, што ўмела шыць. Абшывала ўсіх родных, да таго ж, каб атрымаць абноўкі, да яе звярталіся жанчыны з суседніх вёсак – Шацькоў, Кляновічаў, Туманова, Мальцаў... «Я старалася, – расказвала Аляксандра Антонаўна, – сяджу і шыю, і ноч захоплівала, і світанак».
Сёння яна жыве ў бацькоўскім доме, у якім чысціня, парадак і... трое коцікаў, што ходзяць за гаспадыняй, як хвосцікі. «Я іх жалею, і яны мяне таксама, – працягвала Аляксандра Антонаўна. – Такія ласкавыя, кожнае маё слова разумеюць». У хатніх справах бабулі дапамагае пляменнік Леанід, што жыве па суседству. Ён і ў печы прапаліць, і вады прынясе, і да аўталаўкі сходзіць.
– Вельмі люблю пранікі, цукеркі, – гаварыла наша суразмоўца. – Не спіцца часам, дык я цукерку ў рот вазьму і тады адразу на сон цягне.
Ведаючы прыхільнасць нашага юбіляра да салодкага, Людміла Гур і падарыла ёй прыгожую шкатулку, зробленую наведвальнікамі аддзялення дзённага прабывання для інвалідаў, поўную розных цукерак, і дадала: «Як скончацца гэтыя цукеркі, прывязу Вам яшчэ». І за кожны ўручаны ёй падарунак і кветкі Аляксандра Антонаўна выказвала ўсім асобныя словы падзякі.
Разам са шматлікімі гасцямі ў дом Аляксандры Сініцынай завітала і фельчар Замкоўскага фельчарскага акушэрскага пункта Надзея Вароніна, якая пацікавілася ў імянінніцы здароўем, паслухала сэрца, змерыла ціск. На развітанне ўсе жадалі Аляксандры Антонаўне здароўя, здароўя і яшчэ раз здароўя, каб праз пяць гадоў сустрэцца на яе стагоддзі.