krupki.by

ru RU be BE en EN


Ураджэнец Крупшчыны Уладзімір Лайкоў наведаў малую радзіму, каб ушанаваць памяць сваіх настаўнікаў

Автор / Земляки / Четверг, 03 ноября 2022 08:45 / Просмотров: 1905

Нядаўна мне пашчасціла пазнаёміцца з цікавымі творчымі людзьмі, якія ўразілі сваёй непаўторнай любоўю да роднага краю, беларускай мовы, землякоў, справы, якой прысвяцілі жыццё.

Ураджэнец Крупшчыны, вёскі Астроўкі, Уладзімір Піліпавіч Лайкоў наведаў Абчугскую сярэднюю школу, якую скончыў у 1970-м годзе. Падставай для візіту стаў 100-гадовы юбілей з дня нараджэння настаўніка школы Івана Ісакавіча Рабкова, які аказаў значны ўплыў на станаўленне асобы Уладзіміра Піліпавіча і выбар прафесійнага шляху. За плячыма Уладзіміра Піліпавіча – шматгадовая праца ў школе, 33 гады ён быў дырэктарам, па сённяшні дзень выкладае беларускую мову і літаратуру, займаецца краязнаўчай працай. Ушанаваць памяць настаўніка разам з Ула­дзімірам Піліпавічам пры­ехала яго сям’я – жонка Любоў Фёдараўна, настаўніца рускай мовы і літаратуры, і сын Янка – беларускі паэт, крытык, перакладчык.

У музейным пакоі школы «Вытокі» адбылася сімвалічная творчая сустрэча. Уладзімір Піліпавіч успамінаў свае школьныя гады, расказваў пра дапытлівага, апантанага родным словам Івана Ісакавіча, які заўсёды меў у кішэні запісную кніжку. Пачуўшы самабытнае беларускае слова ад простых людзей, адразу ж занатоўваў. Пісаў артыкулы, яго запрашалі чытаць лекцыі, ён быў знаёмы з многімі вядомымі беларускімі пісьменнікамі. Разам са сваімі гурткоўцамі раскрыў невядомую па тых часах старонку жыцця Якуба Коласа, які настаўнічаў у суседнім Талачынскім раёне і вясной 1908 года павінен быў прывезці вучняў у Абчугскую школу для здачы экзаменаў. Але не змог, бо быў асуджаны за ўдзел у настаўніцкім нелегальным з’ездзе… Не будзем забягаць наперад – падрабязна пра галоўнага настаўніка яшчэ раскажа Уладзімір Піліпавіч у сваім артыкуле на старонках нашай газеты.

– З Астровак мы, вучні, хадзілі ў школу ў Абчугу праз лес, – распавядаў Уладзімір Піліпавіч падчас сустрэчы. – Іван Ісакавіч вучыў нас любіць прыроду, цаніць тое, што знаходзіцца навокал. Кожная пара года – па-свойму дзіўная, прыгожая і непаўторная, з таямніцамі і дзівосамі. Узвышана гаварыў Іван Ісакавіч пра літаратуру. Ён быў знаёмы з многімі вядомымі беларускімі пісьменнікамі. Абчугу наведвалі Іван Мележ, Пімен Панчанка. Тады мы, вучні, успрымалі творцаў слова як нейкіх багоў. Памятаю, як ужо студэнтам філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта я ішоў па Мінску і бачыў пісьменнікаў, гэта было сапраўдным шчасцем. А вышэйшай узнагародай для мяне, маладога хлопца, стала асабістае знаёмства з Рыгорам Барадуліным. Універсітэту спаўнялася 50 гадоў, з гэтай нагоды выпускаўся «Альманах». Выкладчык Вячаслаў Рагойша прапанаваў мне некалькі імёнаў пісьменнікаў, былых студэнтаў БДУ, – гэта Іван Навуменка, Іван Пташнікаў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін. Трэба было напісаць артыкул. Я патэлефанаваў у «Полымя», дамовіўся з Рыгорам Барадуліным аб сустрэчы ў яго дома. Вам не перадаць, якія эмоцыі ў той час панавалі ўнутры, калі я, бы на крылах, ляцеў на сустрэчу з сапраўдным творцам слова, маладым паэтам. Падышоў да дзвярэй кватэры, націснуў на кнопку званка, у адказ – цішыня. Як я хваляваўся! Дзверы адчыніліся – Рыгор Іванавіч гасцінна запрасіў у кватэру, пры гэтым адштурхоўваў ката, які замінаў пры ўваходзе. У гасцях я тады правёў некалькі гадзін, пілі гарбату, размаўлялі, я браў інтэрв’ю ў паэта. Тады Рыгор Іванавіч пакінуў мне першы аўтограф – «На вясёлы ўспамін пра сумнае інтэрв’ю». Гэта значыць, што ў той дзень я так і не выйшаў са ступару, натхнёны сустрэчай з паэтам (усміхаецца).

Па ўсім бачна, што на жыццёвым шляху Ула­дзіміра Піліпавіча сустракаліся сапраўдныя таленты – 44 гады доўжылася сяброўства з Рыгорам Барадуліным. Успомніў Ула­дзімір Піліпавіч яшчэ аднаго школьнага настаўніка рускай мовы і літаратуры Івана Дзмітрыевіча Антонава, які трапіў у Абчугскую школу з Алма-Аты, дзе быў выкладчыкам інстытута. Незабыўныя ўрокі па Шолахаву, Дастаеўскаму, Твардоўскаму, Талстому помняцца і па сённяшні дзень. Як прызнаваўся Уладзімір Піліпавіч падчас размовы, многія яго ўрокі былі копіяй урокаў настаўнікаў. Не адно пакаленне настаўнікаў роднай мовы выхаваў і Уладзімір Піліпавіч. Ён і зараз працуе ў Мётчанскай школе на Барысаўшчыне, кіруе музеем «Літаратурны космас Мётчы».

– Асноўныя экспанаты музея – кнігі, – кажа Ула­дзімір Піліпавіч. – Музей існуе 40 гадоў, за гэты час там пабывала больш за 65 беларускіх пісьменнікаў. Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Рыгор Барадулін – пералік можна доўжыць бясконца. Рыгор Іванавіч прыязджаў тры разы. Пад уражаннем напісаў верш «Мядоцкі край». Чаму мядоцкі, а не мётчанскі? Ведаеце, калі мы толькі прыехалі з Любоўю Фёдараўнай настаўнічаць у Мётчанскую школу, мяне зацікавіла паходжаннне назвы вёскі. Пра гэта распытваў старажылаў. Бабулькі казалі: «Раней ніхто не гаварыў «мётчанскі чалавек», а казалі «мядоцкі чалавек», ад слова «мёд».

У 2015 годзе Уладзімір Піліпавіч стаў лаўрэатам Міжнароднага пушкінскага літаратурнага конкурса, у якім прымалі ўдзел настаўнікі-славеснікі з 42-х краін свету.

– Я ўдзячны лёсу, што нара­дзіўся ў Крупскім раёне, вучыўся ў Абчугскай школе, – дзеліцца Ула­дзімір Піліпавіч. – Быў знаёмы з Іванам Ісакавічам і Іванам Дзмітрыевічам, якія прадвызначылі мой жыццёвы шлях. Я шчыра схіляю галаву перад памяццю дарагіх людзей і выказваю глыбокую пашану.

Любоў да Бацькаўшчыны, роднага слова, павага да людзей перадаліся сыну ад Уладзіміра Піліпавіча і Любові Фёдараўны – гэтай мудрай, дасціпнай жанчыны. 

– З радасцю прыязджаў у дзяцінстве да бабулі і дзядулі ў Астроўкі, – прызнаецца Янка. –  Тут такія жывапісныя мясціны – узгоркі, рэкі, азёры, балоты, гушчары. Шчыра кажучы, яны адрозніваюцца ад тых мясцін, дзе мы жывем. Памятаю, як кожны раз мяне ўражвалі аповяды бацькі і дзядулі, як у старадаўнія часы вадзілі коней на начныя выпасы, касілі сена, збіраліся талакой на працу. У гады майго дзяцінства гэта ўжо паціху адыходзіла. Але, наслухаўшыся аповядаў, напісаў вось такі верш:

  • Імглісты прысак ледзь ліпеў,
  • На ўзмежку пасвіліся коні,
  • Мой бацька спаў, а я сядзеў,
  • Забыўшыся зусім на стому.
  • На грудцы сена соп Байкал,
  • Раз-пораз натапырваў вушы,
  • Калі ледзь чутны шолах траў
  • Яго сабачы сон парушваў.
  • І цені коней над ракой
  • Мой зірк цягнулі, чаравалі,
  • Святая ноч, святы спакой
  • Памалу ў вечнасць адплывалі.

Пачытаў Янка верш «Маці». Бачна, што кожны раз кранае ён пяшчотай сэрца Любові Фёдараўны.

– На жаль, я не быў знаёмы з бацькавымі настаўнікамі, але я добра адчуваю пераемнасць любові да роднага слова, што перадаецца з пакалення ў пакаленне, – кажа Янка.

Дарэчы, Янка Лайкоў з’яўляецца аўтарам паэтычных збрнікаў «Вогнепаклоннік», «Логіка пасткі», «Акраец паветра». У цяперашні час займаецца навуковай працай, вучыцца ў магістратуры, піша крытычныя артыкулы.

Імгненна прайшоў час, надышла сумная пара развітання з цудоўнымі лю­дзьмі, якія літаральна за некалькі гадзін сталі такімі роднымі. І колькі яшчэ цікавага можна даведацца пры размове з імі. Спадзяюся, што яшчэ ўсё наперадзе.

Іна ГАРА.

Автор

admin

admin

Актуально

5 декабря телефон­ную консультацию проведет начальник управления по труду, занятости и соцзащите

В четверг, 5 декабря, с 9.00 до 10.00 телефон­ную инфор­мационно-разъясни­тельную консультацию по вопросам Декрета Президента Респуб­лики Беларусь от 2 апреля 2015 г. № 3 «О содействии занятости населения» проведет начальник управления по труду, занятости и социаль­ной защите, член комиссии КУДРЯШОВА Светлана Петровна. Телефон 2-72-81.

7 декабря "прямую линию" проведет первый заместитель председателя райисполкома

В субботу, 7 декабря, с 9.00 до 12.00 прямую телефонную ли­нию проведет первый заместитель председателя Крупского районного исполнительного комитета КИРИКОВИЧ Денис Александрович. Телефон 2-77-47.

4 декабря состоится "прямая линия" с заведующим сектором материально-бытового обеспечения управления по труду, занятости и соцзащите

В среду, 4 декабря, с 10.00 до 11.00 по телефону 2-77-88 состоится "прямая линия" с заведующим сектором материально-бытового обеспечения управления по труду, занятости и социальной защите Крупского райисполкома Федькиной Лилией Геранимовной о государственных гарантиях и льготах семьям, воспитывающим детей.

4 декабря пройдет "прямая линия" с заведующим сектором материально-бытового обеспечения управления по труду, занятости и социальной защите

4 декабря состоится прямая телефонная линия с заведующим сектором материально-бытового обеспечения управления по труду, занятости и социальной защите Крупского районного исполнительного комитета Федькиной Лилией Геранимовной с 10-00 до 11-00 по телефону 2-77-88 о государственных гарантиях и льготах семьям, воспитывающим детей.

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 4-12-21.

Please publish modules in offcanvas position.