Іх называлі капітанамі палявых караблёў: з усходам сонца выязджалі ў поле, а вярталіся позна вечарам. Любілі механізатары зямлю, старанна апрацоўвалі яе вясной, а ўвосень яна багата аддзячвала іх ураджаем.
Хлопцы з Навесаў
Быў гул матора для іх як натхнёная песня. Механізатары шырокага профілю – адзін на дваіх трактар і камбайн. Шмат гадоў яны працавалі маленькай брыгадай па адзінаму нараду. І поспехі гэтай садружнасці былі сапраўды важкімі.
Аркадзь Ільіч Шынкароў – высокі, статны мужчына, прыветлівы, хоць і не вельмі гаваркі, з адкрытым позіркам. Памятаю, як даўно, калі яшчэ толькі пачынала працаваць, мы з калегай папутна заязджалі ў Навесы і сустрэлі яго ля варот, крыху пагаварылі. Такім ён і запомніўся. У свой час пра іх з сябрам часта пісала раённая газета, і гэты нарыс – вынік шматдзённых блуканняў па нашых газетных архівах і даніна павагі людзям, шчыра працаваўшым на зямлі.
Аркадзь Ільіч Шынкароў і Яўген Лявонцьевіч Бараболя нарадзіліся ў далёкія 30-я гады мінулага стагоддзя ў вёсцы Навесы. Пачатак іх працоўнага жыцця прыходзіўся на цяжкія пасляваенныя гады.
Скончыўшы сямігодку, Аркадзь марыў стаць механізатарам. Ён з зайздрасцю пазіраў, як яго аднавясковец Леанід Аксенцьевіч Мартынаў апрацоўваў трактарам глебу, выконваў іншыя работы. Юнак часта прасіў у яго праехаць на трактары, з уважлівасцю паглядаў на работу сталёвага волата.
А аднойчы здарылася так, што на трактар патрэбен быў прычэпшчык. Ім прызначылі Шынкарова. Так цэлае лета і восень Аркадзь працаваў. Зімой жа даведаўся, што ў Крупскую МТС набіраюць юнакоў на курсы механізатараў. Яго таксама залічылі курсантам. А вясной ужо сам сеяў яравыя, летам убіраў збажыну. Малады механізатар прыглядаўся да працы іншых трактарыстаў і камбайнераў. Так паступова да яго прыходзіў вопыт, як кажуць, і сам сталеў. Неўзабаве хлопца прызвалі на тэрміновую службу ў Савецкую Армію. Там ён трапіў у тэхнічныя часці. Затым Аркадзь вярнуўся да родных ніў.
– Асабіста для мяне любоў да роднага поля непарыўна звязана яшчэ і з біяграфіяй бацькі, – расказваў ён у сваіх успамінах. – У 30-я гады ён, член партыі, быў удзельнікам калектывізацыі, старшынёй калгаса ў роднай вёсцы Навесы. Як актывіст быў схоплены фашыстамі і загінуў у канцлагеры. І для мяне няма вышэй мэты, як працягваць бацькоўскую справу, вырошчваць высокі ўраджай на зямлі, за якую ён аддаў жыццё.
Цікава, што, вывучаючы тэму вайны, у кнізе «Памяць» сустрэла дакумент службы нямецкай бяспекі, дзе разглядаўся следчы матэрыял па справе 12 грамадзян, якія знаходзіліся пад вартай і абвінавачваліся ў прыналежнасці да камуністычнай партыі. Пад нумарам 3 там значыўся «Шынкароў Ілья, 1905 года нараджэння, беларус, малапісьменны, жанаты, мае чацвярых дзяцей. У бытнасць Савецкай улады працаваў старшынёй калгаса… У камуністычную партыю ўступіў у 1940 годзе». Магчыма, пасля таго ён і трапіў у канцлагер…
Дабіцца таго, каб і на яго родных землях у Навесах рос высокі ўраджай – была мэта маладога Аркадзя. І ён дабіваўся, пераадольваючы цяжкасці, і ўзняўся на вышыню працоўнай славы.
У газетных успамінах чытаем пра тое, як госці з іншых мясцін былі ўражаны, наколькі былі прыгожымі роўныя зялёныя стужкі руні – паміж Бабром і Навесамі. Пасевы дружныя, і нідзе ні агрэха.
– А сеяў тут жыта наш Шынкароў, – казалі мясцовыя жыхары.
Спалучэнне вопыту і выключнай працавітасці прыносіла ўсё лепшыя і лепшыя вынікі. Збіраў добрыя ўраджаі цукровых буракоў, першым у раёне прымяніўшы метад кубанскага механізатара Святлічнага. Вырошчваў хлеб і кукурузу ў родным саўгасе «Бобр». Аднак асноўная яго работа і клопат як звеннявога – на бульбяных палетках.
Адзнака за працу
І ўвесь час поруч – верны напарнік Яўген Бараболя. Летам і зімой, вясной і восенню яны разам рыхтавалі тэхніку, сеялі, вырошчвалі і ўбіралі ўраджай. А на парадных пінжаках абодвух з’явіліся ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга. Безумоўна, для таго, каб так высока цанілася простая будзённая праца, трэба любіць сваю справу, штодзённа рабіць яе, як адзначалася ў характарыстыцы, з вышыні камуністычнай свядомасці.
У 1971 годзе Шынкарова абралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. А напярэдадні 50-годдзя ўтварэння Саюза ССР, у 1972 годзе, ён удастоены самай высокай урадавай узнагароды – Ордэна Леніна.
– Мне неяк і не верылася, – успамінаў Аркадзь Ільіч, – што просты механізатар можа быць выбраны ў вышэйшы орган улады.
Цяпер да яго звярталіся людзі з просьбамі і запытамі: хто патрабаваў, каб яму дапамаглі атрымаць будаўнічы матэрыял, хто – набыць кармы для жывёлы, а хто і дапамагчы наладзіць супакой у сям’і.
– Мне, як маладому дэпутату, – гаварыў Аркадзь Шынкароў, – часам бывае цяжка адразу вырашыць узнятае пытанне, бо, вядома, колькі часу механізатару даводзіцца працаваць вясной і летам. Але ж людзі выбралі мяне дэпутатам у вышэйшы орган рэспублікі і прыходзіцца апраўдваць іх спадзяванні. А людскі давер – гэта высокі гонар для сумленнага чалавека.
Гонарам было і тое, што Шынкарова абралі дэлегатам ХХV з’езда КПСС. Цікава, што яго шматгадовы калега Яўген Бараболя нават накіраваў «Пісьмо сябру» ў Крамлёўскі палац з’ездаў. Там было сказана: «Да гэтай важнай падзеі ты ішоў усё сваё свядомае жыццё». А сам Аркадзь Ільіч ганарыўся тым, што на такім высокім узроўні было адзначана: працаўнікі палёў і ферм знаходзяцца на перадавых рубяжах барацьбы за пераўтварэнне ў жыццё аграрнай палітыкі партыі.
У гонар перадавых механізатараў, Аркадзя Шынкарова і Яўгена Бараболі, не адзін дзень на цэнтральнай сядзібе саўгаса «Бобр» узнімаўся флаг працоўнай славы.
Рабі, як я
Якія ж паказчыкі былі ў гэтых працаўнікоў? Да прыкладу, у 1971 годзе яны ў чацвёртай паляводчай брыгадзе сеялі 55 гектараў бульбы. А падчас уборкі былі правафланговымі ў спаборніцтве ў гонар Казахскай ССР (!). На сваім бульбаўборачным камбайне за змену яны выбіралі клубні амаль з двухгектарнай плошчы, накопваючы па 200 і больш цэнтнераў другога хлеба.
У 1978 годзе з плошчы 60 гектараў звяно пад кіраўніцтвам Шынкарова атрымала па 283 цэнтнеры клубняў з гектара, за што брыгада «Навесы» была ўзнагароджана Дыпломам ВДНГ СССР і прэміявана телевізарам.
Шлях да гэтага рэкорда быў нялёгкім: колькі трэба было сабраць камення, колькі, зіма за зімой, перавезці на бедныя нівы ўгнаенняў! А яшчэ і капрызы прыроды. Вось што ён успамінаў:
– Доўгі час дажджы абыходзілі палеткі нашага саўгаса. Зямля перасохла так, што нельга было акучыць бульбу – упершыню за маю механізатарскую практыку. І ўсё ж сабралі па 237 цэнтнераў з гектара.
Звяно выканала пяцігадовае заданне па вытворчасці бульбы за 4 гады. А годам раней Шынкароў і Бараболя занялі першае месца ў раёне як па ўборцы хлеба, так і па ўборцы бульбы.
Тэхніка, даручаная ім, працавала бездакорна. А калі здараліся паломкі, маглі ноч завіхацца ля яе, але заўтра – абавязкова ў поле. Каб загадзя былі падрыхтаваны барозны бульбы для праходу камбайна, ноччу, пры святле фар, убіралі бацвінне.
Працаўнікоў хвалявала ўсё: глыбіня ворыва і выраўненасць глебы, якасць насення і яго сорт, дозы ўгнаенняў і тэрміны сяўбы. І нездарма ў саўгасе «Бобр» на той час была самая высокая эфектыўнасць выкарыстання ворыўнай зямлі і ўгнаенняў.
На пачатку 80-х, да прыкладу, уборачны канвеер у Альшаніках выглядаў так: яшчэ ў адным канцы амаль 20-гектарнага поля дажыналі жыта камбайнам, паблізу працавала тэхніка на ўборцы саломы, а на вызваленым ад яе ўчастку з’явіўся трактар з плугамі. Ворыва вялі і ноччу, вельмі шанавалі час.
– І ўсё ж такі, толькі сумленне саміх бульбаводаў, а іменна механізатараў, мае рашаючы вынік, – гаварыў Шынкароў падчас круглага стала. – Ну, вось, мы яшчэ не пачалі ўбіраць бульбу, а ўжо ўсю плошчу, дзе будзем высаджваць другі хлеб у будучым годзе, ужо ўзаралі. Яшчэ апрацуем глебу – і пустазелля не будзе. Канечне, унясём запланаваную дозу ўгнаенняў. Хоць град і вельмі нашкодзіў пасевам бульбы, але страт пры ўборцы не дапусцім. Мы з напарнікам Яўгенам Бараболем убіраем бацвінне бульбы ноччу, падрыхтавалі свой камбайн так, што за праходам не будзе страт клубняў: зрабілі прыстасаванні, каб з транспарцёра дробныя клубні не выкідваліся. І абавязваемся, што да 25 верасня ўбяром усе 70 гектараў бульбы, якую мы вырошчваем у брыгадзе «Навесы».
Шынкароў і Бараболя заўсёды паказвалі ўзоры эфектыўнага выкарыстання тэхнікі. Яны лічылі, што сельскагаспадарчая тэхніка яшчэ не такая дасканалая, як гэта патрабуе час. Таму механізатары шукалі шляхі да яе ўдасканальвання, эфектыўнага выкарыстання. Прыдумвалі прыстасаванні для павелічэння яе эфектыўнасці. Да прыкладу, на бульбаўборачны камбайн яны прыстасавалі барозна-ціскальнікі, што палепшыла якасці ўборкі бульбы. Іншыя механізатары перанялі іх вопыт.
Так стараліся земляробы пад кіраўніцтвам свайго звеннявога, што пяцігодку вобразна называлі «пяцігодка Шынкарова».
На той час Аркадзь Шынкароў быў членам бюро райкама партыі і членам парткама саўгаса «Бобр». Акрамя партыйнай работы амаль дзясятак гадоў быў агітатарам-настаўнікам. І асноўны метад яго агітацыйнай і настаўніцкай работы – асабісты прыклад. Усё, за што браўся Шынкароў, ён рабіў па-гаспадарску, добрасумленна. Такая работа патрабавала заўсёды быць у ліку лепшых, каб мець маральнае права сказаць чалавеку: «Рабі, як я».
Без сумнення, што ў гэтых простых словах закладзены вялікі сэнс і жыццёвы вопыт працаўнікоў, якія пакінулі свой яркі след на зямлі.
Радзіма па заслугах ацаніла працу механізатараў. Аркадзь Шынкароў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга і Дружбы народаў, Яўген Бараболя – ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Фота з архіва рэдакцыі
газеты «Крупскі веснік».