Неяк, гартаючы старонкі кнігі «Ваенныя разведчыкі – ураджэнцы Беларусі на франтах Вялікай Айчыннай вайны», я звярнуў увагу на прозвішчы Арлоўскага Івана Сідаравіча з вёскі Дакудава і Сакаўца Мікалая Андрэевіча з вёскі Выдрыца Крупскага раёна.
Мікалай Андрэевіч САКАВЕЦ.
Памятаю, што раней, працуючы над першым томам кнігі «Памяць» па Крупскаму раёну, я сустрэў гэтыя прозвішчы ў райваенкамаце ў картатэцы крупчан, прызваных у армію падчас Вялікай Айчыннай вайны, і ва ўліковых картках у архіве раённага аддзела сацыяльнага забеспячэння з нагоды выдзялення пенсій па страце карміцеля. На іх аснове ў кнізе «Памяць» было адзначана наступнае: «М. Сакавец і І. Арлоўскі ў 1944 годзе ваявалі ва Усходняй Прусіі і загінулі пад Кёнігсбергам, цяперашнім горадзе Калінінградзе». Дарэчы, там на заключным этапе вайны праходзілі жорсткія бітвы, падчас якіх загінула і нямала ўраджэнцаў Крупшчыны.
Рознымі баявымі шляхамі прыйшлі яны ва Усходнюю Прусію. Дадатковыя пошукі прывялі да наступных вынікаў.
Мікалай Андрэевіч Сакавец пачаў ваенную службу ў Чырвонай Арміі яшчэ з 1936 года. Пасля дэмабілізацыі ён нядоўга пабыў у родных мясцінах і ўжо ў 1941 годзе зноў быў прызваны ў дзеючую армію. Трапіўшы ў акружэнне, здолеў выбрацца з яго і вярнуўся ў родную вёску. Падчас акупацыі зноў узяў у рукі зброю, стаў партызанам. Як адзначана ва ўзнагародным лісце да ордэна Славы трэцяй ступені: «11 сентября 1942 года при разгроме гарнизона в д. Выдрица метким пулеметным огнем обеспечил продвижение группы… Участвовал в подрыве трех эшелонов. Уничтожено три паровоза и несколько вагонов с живой силой противника и техникой».
Падчас прызыву яго ў дзеючую армію пасля вызвалення раёна ад нацысцкіх захопнікаў, улічваючы партызанскі вопыт, Сакаўца залічылі ў склад разведгрупы. Вось што адзначалася ва ўзнагародным лісце ў лістападзе 1944 года: «В период боевой деятельности в разведгруппе показал образцы мужества, стойкости и отваги. В трудной обстановке на территории противника, рискуя жизнью, ведет разведку воинских перевозок на сильно охраняемой железнодорожной магистрали противника. Участвовал в операциях по захвату контрольных пленных противника и разведке оборонительных сооружений». 8 лістапада 1944 года Мікалай Андрэевіч быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны другой ступені.
Пра Івана Сідаравіча Арлоўскага раскажам у наступных нататках.
Дзмітрый ХРОМЧАНКА, кандыдат гістарычных навук.