Малая радзіма Соф’і Сяргееўны – вёска Глінаўка. У сялянскай сям’і было сямёра дзяцей, і як на самай старшай асноўны клопат аб малодшых сёстрах і браце клаўся на яе. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, да пачатку Вялікай Айчыннай вайны дзяўчынцы ўдалося скончыць 5 класаў школы. І да гэтага часу яна нават памятае адну фразу на нямецкай мове са школьнай праграмы.
Нялёгка давялося і ў гады вайны. Але сям’я змагла выстаяць. Бацька Соф’і ваяваў, быў паранены, аднак самае галоўнае – вярнуўся дадому жывым.
Наша гераіня, як і яе бацькі, стала працаваць у калгасе. Маладыя, узнёслыя, хоць і стамляліся на рабоце, але ўсё роўна збіраліся на вясковыя вечарынкі. На адной з такіх вечарынак Соф’я пазнаёмілася з хлопцам з суседняй вёскі Пасёмкавічы. Яны пакахалі адзін аднаго, узялі шлюб, і павёз муж сваю маладую жонку ў свой уласны дом, што на берагу Лукомльскага возера.
Дружна жылі Соф’я Сяргееўна і Сцяпан Максімавіч, вырасцілі і выхавалі траіх дзяцей, дапамагалі выхоўваць унукаў. Шчыра працавалі ў калгасе. Як і ўсе вяскоўцы ў тыя гады, трымалі сваю падсобную гаспадарку. Разам пражылі 35 гадоў, але на шасцідзясятым годзе жыцця муж раптоўна памёр. І ўжо 30 гадоў Соф’я Сяргееўна жыве без свайго любага чалавека, але ў акружэнні клапатлівых дзяцей, унукаў, праўнукаў і прапраўнука.
Сям’ю нашага юбіляра можна назваць сям’ёй доўгажыхароў: трое з пяці яе сёстраў і брат жывыя. Яны ўсе выдатна выглядаюць. Кожны год разам са сваімі сем’ямі прыязджаюць у Глінаўку і Пасёмкавічы пакланіцца магілам бацькоў, сустрэцца са сваякамі.
Соф’я Сяргееўна за ўсё сваё цяжкае, поўнае нягод, жыццё змагла захаваць дабрыню, спагадлівасць, сардэчнасць. У свае дзевяноста гадоў яна таварыская і жыццярадасная, з задавальненнем прымае самы актыўны ўдзел у сямейных святах і ўрачыстасцях. І сёння бабуля не сядзіць на месцы: самастойна даглядае за невялікім прысядзібным участкам, атрымлівае зайздросныя ўраджаі гуркоў і цыбулі, а на працягу ўсяго лета жыхароў Пасёмкавіч радуе рознакаляровасць кветак, што буяюць у яе палісадніку.