– У бацькоў на раду нас было сямёра, – пачала аповяд жанчына. – Першае дзіця памерла, засталося шасцёра – тры браты і тры сястры. Да вайны я скончыла 2 класы: першы – у Выдрыцы, а другі – у Вялікім Горадне. Фашызм прынёс на нашу зямлю смерць, слёзы, пакуты. Спаўна спазналі мы, што такое нямецкі «новы парадак». Бацьку і маці забралі, а затым спалілі ў канцлагеры. Брат Рыгор быў у партызанскім атрадзе, хадзіў на розныя заданні. На адным з іх планавалася ўзарваць мост, але хлопец са Слоўчы здаў іх. А брат дамовіўся ўжо, што нас забяруць у лес. За намі прыехалі, выйшаў чалавек у ваеннай вопратцы, ды мы не паверылі, што гэта нашы, і не паехалі. А назаўтра нас, сонных, забралі паліцаі. Цэлы месяц у турме правяла і я. Сястру маю адправілі ў Германію, а мяне забраў другі брат – Міхаіл, які прыехаў у Крупкі на кані. Гэта быў 1942 год. Як вызвалілі Беларусь, брат пайшоў на фронт, а мяне ўзяла браціха. Гаравалі дык гаравалі, слоў няма. Гэта ўжо затым Міша, як вярнуўся з вайны, расказаў, што сустрэўся з Рыгорам ва Усходняй Прусіі, які там і загінуў. А трэці мой брат – Іван – быў мараком і таксама загінуў.
З легенды: «Чаму ў Горадне радаўніца ў панядзелак?»
Вось што аб гэтым паведаміла Надзея Уладзіміраўна Драніца: «Раней бацюшкі не паспявалі наведаць усе могілкі. І яны вырашылі, што на некаторых могілках радаўніца будзе ў панядзелак. Так стала і ў Вялікім Горадне. Аднойчы жыхары вёскі вырашылі, што яны будуць спраўляць радаўніцу, як і ўсе, у аўторак, – усё роўна бацюшкі няма. Вось і пайшлі яны ў аўторак. Расклалі скацёркі, паставілі свечкі, каб памянуць продкаў. І тут узнялася такая бура, што некаторыя скацёркі занесла так, што іх не маглі знайсці. Усе спалохаліся і палічылі, што гэта ім за тое, што пайшлі ў аўторак, а не ў панядзелак. З тае пары жыхары вёскі вырашылі, што будуць хадзіць на могілкі ў панядзелак, як і казаў ім бацюшка».
Далей Галіна Уладзіміраўна расказвала, што яе, як сірату, хацелі забраць у дзіцячы дом, але браціха не дазволіла. І калі вярнуўся дамоў Міхаіл, то дапамог ім агораць зямлянку.
– А наша хата да вайны на горачцы стаяла, – махнуўшы рукой уверх, гаварыла Галіна Уладзіміраўна. – На доты яе немцы парэзалі. А мы, як, дарэчы, і іншыя вяскоўцы, выкапалі зямляначку, цагліну якую-ніякую раздабывалі, глінай умацоўвалі, бярвенні цягалі. Паклалі падлогу, столь ды і жылі. Сястра Таццяна з Германіі вярнулася, худая-худая, без зубоў. Нагаравалася, бедная, у Нямеччыне... Яшчэ адна мая сястра Ліза ў Ржэве жыла, замужам за ваенным была. Як вайна пачалася, пагрузілі іх, а ў яе ўжо дзве дачушкі падрасталі, і завезлі ў Горкаўскую вобласць. І ўсю вайну яны там жылі, а муж яе ваяваў. Затым, як прыйшла Перамога, яны паездзілі, як кажуць, па свеце: і ў Забайкаллі жылі, і ў Германіі... Ён жа ваенны быў. Павывучыліся дзяўчаткі, маюць вышэйшую адукацыю.
Успаміны Галіны Уладзіміраўны пераскоквалі з аднаго на другое. Сама яна працавала ў калгасе імя Кірава: даглядала свіней, шчыравала на палявых работах, і па хатняй гаспадарцы клопатаў хапала. Нарадзіла чацвёра дзяцей, і кожнаму трэба было ўдзяліць увагу, аб кожным паклапаціцца. Муж памёр 10 гадоў таму. Цяпер жыве з сынам Уладзімірам.
Галіна Уладзіміраўна нагадала, што зараз самай старэйшай жыхаркай іх вёскі з’яўляецца Зінаіда Рыгораўна Хвашчэўская. Дарэчы, і дзявочае прозвішча маёй гераіні такое ж. Пры размове высветлілася, што сярод прозвішчаў у Вялікім Горадне найбольш распаўсюджанымі тут з’яўляюцца Хвашчэўскія, Лучыны, Драніцы.
– На пасёлку адна моладзь жыве, – уступіў у размову Уладзімір. – Там ужо цагляныя дамы, а ў нашым Вялікім Горадне мясцовых жыхароў на пальцах можна пералічыць.
І ён стаў пералічваць: Люба – раз, Ліда – два, Тамара – тры, Ганнуля, Пецька... «А цяпер – каці ўжо ажно да 18-га дома»...
Ужо разам мы нагадвалі самыя адметныя мясціны і факты з жыцця Вялікага Горадна. І курганы тут былі, і смалакурня, і царква стаяла на высокім беразе, якая, згодна легендзе, пайшла пад ваду. «Як малымі былі, – гаварыў Уладзімір, – вуха прыкладвалі да берага ракі, дык здавалася, што быў чутны звон». Кіламетраў за 5 ад вёскі ёсць возера Глухое, да якога цяжка падысці, бо багна трасецца, але рыбакоў гэта не спыняе. Ёсць меркаванне, што пры адступленні Напалеон менавіта сюды ўкінуў сваю карэту. У вайну Вялікае Горадна было спалена. І не толькі гэта вёска. Такі ж удзел напаткаў і суседнюю Мігаўшчыну. Толькі яна ўжо не была адбудавана. Успаміны перакінуліся на той час, калі ў мясцовым клубе на бачным месцы вісеў стэнд з фотакарткамі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. «Падыдзеш, бывала, паглядзіш на фатаграфіі братоў, і неяк лягчэй станавілася на душы, – зазначыла Галіна Уладзіміраўна. – Але клуб згарэў, а разам з ім і ўсё, што там знаходзілася».
І ўсё ж самыя добрыя словы давялося пачуць у той дзень пра мясцовы ачаг культуры, які ўзначальвае Галіна Гара. Тут і святы ладзяцца, і канцэрты арганізоўваюцца, наведваюцца бібліятэка і куток народнай творчасці. Вось і цяпер актыўна ідзе падрыхтоўка да чарговай гадавіны з Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Надта ўжо ўсе хвалілі баяніста, ураджэнца гэтай вёскі Івана Хвашчэўскага, які радуе ігрой сваіх аднавяскоўцаў на самых розных мерапрыемствах.
Вялікагараднянскія працаўнікі... Рупнасць іх рук асабліва спатрэбілася ў пасляваенны час, калі трэба было аднаўляць разбураную гаспадарку. Людзі шчыравалі на фермах, на палях, у трактарных брыгадах. І да іх прыходзіла слава. Прозвішчы многіх былі добра вядомыя ў раёне, іх праца адзначалася ўрадавымі ўзнагародамі. І імі па праву ганарацца тыя, што сёння жывуць на гэтай зямлі.
З гісторыі
У наваколлі вёскі да нашых часоў захаваліся археалагічныя помнікі – курганы, могільнік, гарадзішча (за 0.1 км на захад ад вёскі, ва ўрочышчы Замак; 6 ст. да н.э. – 7 ст. н.э.), адкрытыя яшчэ ў 1883 годзе Ф.В. Пакроўскім. Згодна пісьмовых крыніц, вёска вядома з пач. 16 ст. У 1517 і 1526 гадах нямецкі дыпламат і падарожнік Сігізмунд Герберштэйн ездзіў з пасольствам у Маскву і праязджаў праз Горадна. Сваё падарожжа ён апісаў потым у кнізе «Запіскі аб Масковіі».
Звесткі аб Горадне маюцца таксама на картах В. Градзецкага і А. Паграбіўса. У 1670 годзе вёскі Вышняе Горадна і Горадна – па 6 дымоў – ва ўласнасці казны, у Забаброўскай воласці Аршанскага павета Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1773 годзе вёскі Горадна Верхняе (18 дымоў) і Горадна Ніжняе (5 дымоў). У 1775 годзе Горадна Вялікае і Малое ў Барысаўскім старостве, 24 дымы. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі. У 1800 годзе вёскі Верхняе Горадна (21 двор, 339 жыхароў, млын) і Ніжняе Горадна (17 двароў, 139 жыхароў) у Барысаўскім павеце Мінскай губерні, уласнасць віленскага ваяводы М. Радзівіла.
У канцы 19 – пачатку 20 стагоддзя – у Вяляціцкай воласці Барысаўскага павета. У 1897 годзе вёска Вялікае Горадна, 46 двароў, 582 жыхары, хлебазапасны магазін. Непадалёку знаходзіліся два аднайменныя хутары, 26 жыхароў.
З 20 жніўня 1924 года – у складзе Выдрыцкага сельсавета Крупскага раёна Барысаўскай, з 18 чэрвеня 1927 года Аршанскай акруг. Паводле перапісу 1926 года ў вёсцы было 96 двароў, 505 жыхароў. У 1930-я гады вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас «Зорка». З 20 лютага 1938 года – у Мінскай вобласці. У 1941 годзе 79 двароў, 437 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну з 1 ліпеня 1941 да 28 чэрвеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія загубілі 17 мірных жыхароў. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 62 вяскоўцы. Вёска была амаль поўнасцю спалена. Пасля вайны адбудавана. У 1959 годзе тут пражываў 491 чалавек, вёска ўваходзіла ў склад калгаса «Пралетарская Перамога», затым калгаса імя Кірава. З 2004 года ў складзе ААТ «Крупскі райаграсервіс».