У мінулым выпуску мы перагарталі самыя першыя старонкі гісторыі Крупскага раёна. Прыемна, што новы творчы праект на самым старце зацікавіў нашых чытачоў – тэлефанавалі, падтрымлівалі. Гэта сведчыць пра тое, што мы ўзяліся за патрэбную справу – узнавіць, нейдзе сістэматызаваць звесткі пра нашу гісторыю, дадаць новай інфармацыі і правесці адпаведныя паралелі часу. Індустрыялізацыя, што развярнулася на пачатку 30-х гадоў па ўсёй Беларусі, практычна не закранула сельскагаспадарчую Крупшчыну. Але, тым не менш, у раёне па крысе развівалася ўласная прамысловасць. Цікавую інфармацыю пра гэта мы знайшлі ў кнізе кандыдата гістарычных навук Дзмітрыя Хромчанкі «Вытокі. Станаўленне». Давайце даведаемся, як гэта было.
Да прамысловага сектара Крупшчыны ў перыяд утварэння раёна даволі ўмоўна можна аднесці шматлікія рамесныя арцелі, якія звычайна складаліся з уладальніка майстэрні (ён жа майстар), і аднаго-двух чаляднікаў, а таксама невялікія прадпрыемствы па перапрацоўцы мясцовай сыравіны. Усяго ў 1926 годзе ў раёне налічвалася 52 прыватныя прадпрыемствы, дзе працавалі 205 чалавек.
Да адносна больш значных прамысловых аб’ектаў можна аднесці 10 прыватных вадзяных млыноў, што дзейнічалі ў Крупках, Бабры, вёсках Гаць, Нача, фальварку Навінцы і г.д., адзін млын з паравым рухавіком у вёсцы Ірушка, 13 смолзаводаў з агульнай колькасцю 40 рабочых, цагляны завод у Крупках з 5 рабочымі (належыў яўрэйскаму сельскагаспадарчаму калектыву), ганчарны завод, дзе працавалі 12 чалавек, 2 лесапілкі ў Бабры, завод па вырабу драўляных шавецкіх цвікоў у Абчузе. Дарэчы, што да апошняга прадпрыемства, то вядома, што ў сярэдзіне 1930-х яго работа была спынена, абсталяванне вывезена ў Крупкі, і вытворчасць працавала ўжо там.
Варта зазначыць, што Крупскі і Бобрскі млыны ўваходзілі ў лік чатырох найбольш буйных у Барысаўскай акрузе.
Завод па вырабу цвікоў, створаны ва ўмовах новай эканамічнай палітыкі, быў абсталяваны паравым рухавіком і доўгі час належыў прадпрымальніку Галперыну.
У верасні 1926 года на Ухвале быў адкрыты лесапільны завод, пабудаваны рабочымі аб’яднання Украінлес. У канцы 1927 года ў Крупках пабудавана электрастанцыя. На пачатку 1930-х гадоў быў пабудаваны льнозавод, аднак ён працаваў нядоўга і ў сярэдзіне 1930-х згарэў. Па такім жа праекце, як у Крупках, і амаль у адзін і той жа час льнозавод быў пабудаваны ў Абчузе. Ён працаваў амаль да вайны і нават нейкі час падчас акупацыі, пакуль не згарэў. Дарэчы, пасля вайны распачата яго аднаўленне, але завершана не было.
Адзначым яшчэ раз, што індустрыялізацыя, якая развярнулася па ўсёй Беларусі, практычна не закранула сельскагаспадарчую Крупшчыну. Хіба што аб’яднанне рамеснікаў у прамысловыя арцелі. Да 1928 года былі ўтвораны 3 арцелі швейных майстроў, куды ўвайшлі 33 чалавекі, 2 арцелі краўцоў – 14 чалавек, арцель па вытворчасці галаўных убораў – 5 чалавек, і арцель кавалёў – 11 чалавек.
Трэба адзначыць, што па сутнасці прамысловыя прадпрыемствы прадстаўлялі толькі запалкавая фабрыка «Саломка» імя Сцяпана Халтурына, лесапільны завод імя Вароўскага, які быў на станцыі Прыяміна і адносіўся да чыгуначнага ведамства, але бягучае кіраўніцтва ажыццяўляў Крупскі райвыканкам, і лесапільны завод у вёсцы Ухвала, які пачаў дзейнічаць з верасня 1926 года і знаходзіўся ў ведамстве рэспубліканскага ўпраўлення лесам.
Адноўленая ў 1923 годзе, фабрыка «Саломка» ў гады новай эканамічнай палітыкі не была ні здадзена ў арэнду, ні прыватызавана, як некаторыя іншыя прадпрыемствы, а заставалася ў дзяржаўнай уласнасці. Кіраваў прадпрыемствам Эдуард Андрэевіч Грунецкі, інжынер па адукацыі, член КП(б)Б. Ён распачаў сваю дзейнасць перш за ўсё з рамонту памяшканняў і абсталявання, якое было ў вельмі запушчаным і зношаным стане. Затым правёў агульную вытворчую нараду з усім калектывам, а ён быў па тых часах немалы – у 1925 годзе каля 100, а ў 1927-м – 120 рабочых і служачых. Нарада прыняла рашэнне перайсці на
здзельную аплату працы рабочых. Замест жорсткага цэнтралізаванага кіравання, характэрнага для папярэдняй палітыкі ваеннага камунізму, былі ўведзены элементы гаспадарчага разліку, фабрыка ўвайшла ў рэспубліканскі трэст «Беллес».
Удзельнікі нарады ўнеслі шэраг прапаноў. Пасля доўгіх спрэчак было вырашана паменшыць колькасць рабочых, што абслугоўваюць механізмы, а механік прапанаваў уладкаваць аўтаматычнае спыненне машын, што дазваляла павялічыць вытворчасць працы і паменшыць колькасць паломак. Рабочы Павел Шырко прапанаваў устанавіць рэйкі для падачы бярвёнаў на распілоўку. Аднак, нягледзячы на прынятыя меры, эканамічнае становішча фабрыкі заставалася складаным. Распад Расійскай імперыі, як пазней і распад СССР, прывёў да разрыву эканамічных сувязяў, узнікла праблема збыту прадукцыі. Кіраўнікі і спецыялісты прадпрыемства шмат часу, нярэдка безвынікова, марнавалі на пошукі рынкаў збыту. Варта зазначыць, што фабрыка была ў той час адзіным прадпрыемствам у Беларусі, дзе выраблялася запалкавая саломка, што пастаўлялася на экспарт – у Англію, Францыю, Бельгію. Складанасці з рэалізацыяй прадукцыі прывялі да дэфіцыту абаротных сродкаў і фінансаў, што, у сваю чаргу, выклікала скарачынне аб’ёмаў вытворчасці і пагаршэнне матэрыяльнага стану рабочых.
Становішча пагоршылася і тым, што па распараджэнні ўлад прадпрыемства «Саломка» вымушана было ўзяць на сябе і будаўніцтва лесапільнага завода ў Абчузе. У выніку ў той час, калі ў краіне масава будаваліся новыя прамысловыя прадпрыемствы, фабрыка вымушана была звярнуць вытворчасць – працаваў толькі лесапільны цэх. Перад досыць шматлікім калектывам, амаль палову якога складалі члены партыйнай і камсамольскай ячэек, рэальна паўстала праблема беспрацоўя.
Лесапільны завод імя Вароўскага, што знаходзіўся ў лесе на мяжы з Барысаўскім раёнам, таксама быў даволі буйным прадпрыемствам. Да яго была пракладзена вузкакалейка, завод меў 2 трактары, працавалі каля 250 чалавек. Летам прыцягваліся сезонныя рабочыя і сяляне навакольных вёсак – каля 150 чалавек са сваімі падводамі ў дзень.
Але ў цэлым завод быў не ў лепшым стане і меў такія ж праблемы, што і «Саломка». У кастрычніку 1925 года ён быў пастаўлены на капітальны рамонт, затым у 1928 годзе быў вымушаны часова перапыніць сваю работу, пасля чаго, нажаль, аднавіцца не змог.
Фабрыка «Саломка» і лесапільны звод імя Вароўскага працавалі на мясцовай сыравіне. Кантроль за рубкай лесу вёў леспрамгас, правобраз будучага Крупскага лясгаса. У сувязі з тым, што вытворчасць на фабрыцы і заводзе была часова закансервавана, трэст «Беллес» і кіраўніцтва Беларускай чыгункі прынялі рашэнне частку абсталявання вывезці. Супраць гэтага рэзка выступіў Крупскі райвыканкам, і вываз быў прыпынены.
Трэба сказаць, што калектыў фабрыкі «Саломка» ў той час быў цэнтрам не толькі эканамічнага, але і культурнага жыцця. Нягледзячы на складанае эканамічнае становішча, ён актыўна ўдзельнічаў ва ўсіх раённых мерапрыемствах. Быў арганізаваны ўласны клуб. Акрамя гэтага фабрыка ўзяла шэфства над вёскай Шырневічы – сабралі літаратуру, пераважна сельскагаспадарчай тэматыкі, і арганізавалі ў вёсцы бібліятэку. А пры заводзе імя Вароўскага ўжо ў канцы 1924 года былі створаны спартыўныя секцыі па лыжным і канькабежным спорце, цяжкай і лёгкай атлетыцы.
У другой палове 20-х пачалося будаўніцтва льнозаводаў у вёсках Хацюхова і Абчуга. Сведчыцца, што гэтыя прадпрыемствы пачалі вырабляць сваю прадукцыю ў 1933 годзе і заключылі паміж сабой працоўнае спаборніцтва.
У 30-я гады прамысловы сектар у асноўным захаваў сваю структуру і па крысе пашыраўся. У ім было занята 750 чалавек. Трэба адзначыць існаванне даволі цікавай структуры – раённы камбінат мясцовай прамысловасці. У яго склад уваходзілі Крупскі турбінна-вадзяны млын, Бобрскі вадзяны млын, газагенератарны млын, электрастанцыя на дравесным вугалі, ганчарны і лесапільны заводы.
У 1932 годзе пачаў дзейнічаць Крупскі льнозавод, які вырабляў валакно высокай якасці (прыемна, што гэты стыль прадпрыемства вытрымлівае і па сёння). Сюды ў складзе так званых 30-тысячнікаў быў накіраваны дырэктарам Барыс Міхайлаў. Але ў той час пачаў раскручвацца махавік рэпрэсій, і гэты чалавек трапіў пад падазрэнне. Яго знялі з работы і выключылі з партыі. Магчыма, прычынай арышту стаў пажар, што здарыўся на заводзе. Аднак жонка дырэктара дабілася асабістага прыёму ў Міхаіла Калініна, як яго называлі «ўсесаюзнага старасты», і Міхайлава аднавілі ў партыі, але на завод ён больш не вярнуўся, працаваў на іншых пасадах у раёне.
У 1933 годзе быў пабудаваны маслазавод. Пры гэтых прадпрыемствах дзейнічалі невялікія электрастанцыі. У 1934 годзе пабудавана электрастанцыя на Ухвале на рацэ Можа, тут жа пачаў дзейнічаць буйны механізаваны пункт па вывазцы лесу. Там працавалі каля 300 рабочых, пункт меў аўтамашыны і трактары. 2 ліпеня 1936 года на аснове леспрамгаса створаны Крупскі лясгас.
Тым часам працягваўся працэс аб’яднання рамесных майстэрняў у прамысловыя арцелі. У найбольш буйную з іх, бандарную, уваходзілі 164 чалавекі, яна заснавалася ў 1933 годзе ў Крупках і называлася «Ударнік». Працавалі і іншыя арцелі: цагляныя «Чырвоная цэгла» ў вёсцы Альшанікі, «Чырвоная цэгла» ў Халопенічах і «Інтэрнацыяналіст» у Ігрушцы, кавальскія «Металіст» у Бабры і «Чырвоны молат» у Крупках, швейныя «Перамога» і «Прагрэс» у Крупках, «Свабодная праца» і «Новы шлях» у Халопенічах, шавецкая «14 гадоў Кастрычніцкай рэвалюцыі» ў райцэнтры. Акрамя таго, шэраг майстэрняў па вырабу конскай збруі, колаў, посуду, сталярных вырабаў былі ў калгасах.
Да канца 30-х гадоў у раёне было 37 прамысловых прадпрыемстваў. Энергетычную базу складалі электрастанцыі ў Хацюхова, Крупках, Бабры, Халопенічах, Ухвале. Адпаведна, праводзілася і электрыфікацыя райцэнтра і навакольных вёсак. У прамысловасці занята каля 900 чалавек, аднак гэта было ўсяго 5% насельніцтва. Тым не менш, у параўнанні з не такімі ўжо і далёкімі дарэвалюцыйнымі часамі, гэта быў, несумненна, крок наперад!
У 1932 годзе праз тэрыторыю раёна, у тым ліку праз райцэнтр, была пракладзена аўтамагістраль. У перадваенныя гады ўзвялі і будынак чыгуначнага вакзала. Але не толькі на аўтамашынах і цягніках маглі рухацца крупчане. У 1934 годзе адкрылася паветраная авіялінія «Мінск-Віцебск» праз Халопенічы, Сянно, Бешанковічы. Адпаведна, каля Халопеніч быў пабудаваны аэрадром. Так што, стала магчыма пасажырскім рэйсам за гадзіну даляцець да сталіцы!
На рацэ Бобр пачало будаўніцтва новай, больш магутнай гідраэлектрастанцыі, якую меркавалі здаць у эксплуатацыю ў 1941 годзе. Аднак гэтыя планы перапыніла вайна…
Фота з архіва Дзмітрыя ХРОМЧАНКІ.