– Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Яшчэ будзе цяпло, тым больш, што наперадзе «бабіна лета» з яго празрыстымі днямі, з тонкімі ліпкімі павуцінкамі ў паветры, з яшчэ большым багаццем восеньскіх фарбаў.
На тым мы і пагадзіліся. І далей размова зайшла аб месцы, дзе нарадзіліся, дзе жылі, працавалі, знайшлі сваё каханне, і, безумоўна, аб сённяшнім жыцці гэтай сямейнай пары.
Надзея Васільеўна і Міхаіл Кірылавіч нагадвалі розныя моманты пачатку сумеснага жыцця, нараджэння дзяцей, нязменнай работы, з’яўлення ўнукаў, а затым і праўнукаў, залатога вяселля, самых розных іншых адметных дат.
Аказваецца, абодва яны ўраджэнцы вёскі Забалоцце ранейшага Дзянісавіцкага сельсавета. Толькі Міхаіл 1939 года нараджэння, а Надзея на пяць гадоў маладзей – 1944-га. Ведалі адзін аднаго, як кажуць, з маленства. Жылі, вучыліся, хадзілі ў клуб у кіно і на танцы, дзе і прабегла паміж імі іскрынка кахання. І вось 2 лютага 1962 года пажаніліся. Зіма, шмат снегу, жаніх пад’ехаў да дому сваёй суджанай на санях, запрэжаных конямі. Нявеста ў белай сукенцы, галаву ўпрыгожваў вянок, да якога быў прымацаваны вэлюм з марлі. І вяселле тады гуляла ўся вёска.
Надзея працавала даяркай на мясцовай малочнатаварнай ферме, а Міхаіл – пастухом. Забягаючы наперад, варта сказаць, што ў Надзеі Васільеўны няспынны стаж даяркі з 1961 па 1987 гады (на заслужаны адпачынак яна пайшла ў 50 гадоў). А ў Міхаіла Кірылавіча і таго больш – з 1962 па 2000 гады.
– Што і казаць, нялёгка часам надаралася, – успамінала Надзея Васільеўна. – Група кароў, а гэта 22 галавы, якіх трэба было падаіць уручную. Ферме і сваім кароўкам прыходзілася аддаваць практычна ўвесь дзень. Але ж маладыя былі, нароўні з ужо вопытнымі даяркамі імкнуліся даказаць, што і мы на штосьці вартыя. Так і працавала ў Забалоцці да 1969 года. За гэты час у сям’і нарадзілася чацвёра дзяцей, а жылі ў бацькоў мужа. Бясспрэчна, што хацелася свайго кутка. І як пачулі, што ў Бабры таксама патрабуюцца жывёлаводы і што ім выдзяляюць кватэры, мы і пераехалі ў гарадскі пасёлак, дзе і зараз жывем.
Надзея Васільеўна ўладкавалася даяркай на Бобрскую МТФ, а Міхаіл Кірылавіч – пастухом. Так і беглі дні за днямі – у клопатах аб рабоце, аб дзецях, аб хатняй гаспадарцы. Шчырая і самаадданая праца абодвух жывёлаводаў неаднойчы адзначалася Ганаровымі граматамі і Дыпломамі як праўлення саўгаса «Бобр», так і раённага кіраўніцтва. Адна з дачок – Ларыса – нагадала, што пра маці нават пісалі ў газеце «Ленінскім курсам».
І сапраўды, у артыкуле «Іх подзвігі клічуць на справы» за 29 лістапада 1984 года паведамлялася наступнае: «...Бессмяротныя подзвігі герояў натхняюць на ўдарную працаўнікоў саўгаса «Бобр». Вялікая работа вядзецца работнікамі жывёлагадоўлі. За мінулыя дзесяць месяцаў на кожныя сто гектараў сельгасугоддзяў атрымана па 324 цэнтнеры малака і па 199 цэнтнераў мяса. Гадавы план продажу малака дзяржаве выканан і працягваецца здача яго ў лік будучага года. Лепшых поспехаў у сацыялістычным спаборніцтве дабіўся калектыў Бобрскай малочнатаварнай фермы, дзе на кожную карову надоена па 2 689 кілаграмаў малака. Перадавая даярка гэтай фермы Н.В. Леановіч дабілася больш высокіх паказчыкаў. Яна надаіла ад каровы па 2 836 кілаграмаў малака і выйшла пераможцай у сацыялістычным спаборніцтве сярод сваіх сябровак па прафесіі. Дарэчы, яна ўжо выканала сваё гадавое сацыялістычнае абавязацельства...»
І Надзея Васільеўна падчас нашай размовы нагадала прозвішчы тых, хто працаваў у тыя гады з ёй побач. Гэта даяркі Ніна Шаўчэнка, Кацярына Масурноўская, Аляксандра Ляшкова, Таццяна Жданава, Ганна Разумная, даяр Сяргей Долгі і іншыя. На жаль, многія з іх пайшлі ўжо з гэтага жыцця.
Яна ўспамінала, што нават у зімовыя дні імкнулася атрымліваць добрыя надоі. Вядома, што справа была не толькі ў тым, што ў гаспадарцы нарыхтоўвалі ўдосталь якасных кармоў. Дапамагаў тут вялікі вопыт даяркі па раздою кароў, догляду іх, тое, што старанна захоўвала ўсе зоатэхнічныя нормы, ветэрынарныя правілы. Не магла сама і іншым не дазваляла абыякава працаваць.
Дбайна адносіўся да сваіх абавязкаў і Міхаіл Кірылавіч, у якога таксама захоўваюцца шматлікія заахвочванні. Не сцерці з памяці і тую ўрачыстасць, што праходзіла ў Мінску, калі падарунак за дастойную працу Міхаілу Кірылавічу ўручаў сам Пётр Міронавіч Машэраў. Вось ужо сапраўды засталіся дарагія сэрцу ўспаміны.
Вельмі шчыра і пяшчотна адклікаліся аб сваіх бацьках дочкі Святлана і Ларыса. Раз-пораз яны нагадвалі, як у дзяцінстве тата рабіў тэатральныя пастаноўкі, як прыходзіў з работы і прыносіў ім хлеб, кажучы, што, маўляў, зайчык перадаў. Сам начытаны, таму і стараўся свае веды і пазнанні перадаць дзецям:
– Тата пастаянна быў запісаны ў бібліятэцы, цікавіўся літаратурай, шмат чытаў. Ён весялун, гаварун, любіць расказваць розныя небыліцы і анекдоты, іграе на гармоні. Ён умее рабіць такія венікі, што залюбуешся. Мама – акуратыстка, умее гатаваць, як толькі магла, імкнулася нам штосьці смачненькае спекчы. Наогул, бацькі далі нам усё тое, што самі ўмелі. Ды і мы, дзяўчаты, а таксама нашы браты Ігар і Аляксандр, заўсёды хадзілі на ферму, дапамагалі і тату, і маме.
Падчас нашай размовы аб сям’і Міхаіл Кірылавіч заўважыў:
– За свае пражытыя гады, а 12 красавіка мне споўніцца 80, я прачытаў шмат кніг. І запомніў, як Надзея Канстанцінаўна Крупская сказала: «Сямейнае жыццё можа даць вялікае шчасце, калі яно звязана з узаемным каханнем». А мы справілі ўжо залатое вяселле, вось-вось дачакаемся і брыльянтавага. На тым, як кажуць, і жывём.
Па ўсім адчувалася, што гэтай сямейнай пары ўласцівы дабрыня, спагада і чуласць. Шануюць і паважаюць у Бабры Надзею Васільеўну і Міхаіла Кірылавіча, бо яны заўсёды могуць даць слушную параду, выслухаць любога, хто да іх звяртаецца. Сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў заўсёды атуляюць цеплынёй і сардэчнасцю, выхоўваюць іх на прынцыпах дабрыні, спагады і справядлівасці. У кватэры – утульна і камфортна, таму і любяць наведваць бацькоў, дзядулю і бабулю, прадзядулю і прабабулю ўсе чацвёра дзяцей, 9 унукаў і столькі ж праўнукаў.
На развітанне мы пажадалі сям’і Леановічаў усіх зямных даброт, шчасця ў жыцці, каб не краналі іх зімовыя сцюжы, а спадарожнікамі і надалей былі лад і згода.