Канечне, шмат звестак пра адметных людзей Крупшчыны ёсць у энцыклапедычных выданнях, але фармат даведнікаў не дазваляе нам спасцігнуць іх як асоб, зразумець, што зрабілі яны для нашай гісторыі. Таму мы вырашылі працягнуць больш нязмушаную размову і папрасілі Дзмітрыя Хромчанку падзяліцца эксклюзіўнай інфармацыяй пра тых, хто на досвітку станаўлення раёна так або інакш уплываў на падзеі і сваім жыццём сапраўды пакінуў у нашай гісторыі яскравы след.
Марфа Сысоеўна Якаўлева. Калі вымаўляеш гэтае імя, то ўяўленне ўжо само малюе статную, моцную, валявую жанчыну. Менавіта такой яна і была, прайшоўшы няпросты жыццёвы шлях ад батрачкі да старшыні калгаса, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР. І не выпадкова, што менавіта ёй у свой час прысвяціў вялікі артыкул у газеце «Звязда» вядомы беларускі пісьменнік Пятро Глебка.
Нарадзілася Марфа ў 1892 годзе ў вёсцы Студзёнка ў сям’і батрака пана Семянтоўскага Сысоя Аўдзеенкі. З 12 гадоў працавала нароўні з дарослымі ў полі, а затым пайшла ў наёмныя работніцы да заможнага селяніна Малярова з суседняй вёскі. У 18 гадоў яе пасватаў гаспадарскі сын, але ўжо праз два месяцы выгнаў маладую жонку з дому. Пайшла Марфа шукаць лепшага жыцця ў Пецярбург. Там прыслужвала ў купца Кандрацьева, затым была рабочай на прадзільнай фабрыцы «Тортан». З 14 рублёў свайго заробку 5 штомесяц плаціла за жыллё, на астатнія ж не толькі жыла сама, але і старалася чымсьці дапамагчы сваім бацькам у вёсцы. Перад пачаткам Першай сусветнай вайны Марфа пазнаёмілася з ліцейшчыкам Пуцілаўскага завода Іванам Якаўлевым, і ў 1912 годзе стала яго жонкай. Першая сусветная, грамадзянская… Войны прынеслі Марфе шмат гора. Загінуў яе адзіны брат Навум, быў забіты ў баях пад Петраградам камандзір роты, кавалер ордэна Чырвонага Сцяга Іван Рыгоравіч Якаўлеў. Марфа зноў засталася адна, і па прыкладзе свайго мужа пачала весці актыўную грамадскую работу. Яна працавала на піўзаводзе, у 1918-м ад жанчын-работніц была абрана дэлегатам на Ленінградскую абласную жаночую канферэнцыю. У 1924 годзе ўступіла ў партыю.
У канцы 1929 года Марфа вярнулася ў сваю родную вёску Студзёнка, каб даглядаць цяжка хворага бацьку. Тады ж у вёсцы быў арганізаваны калгас «Чырвоны май», і яна адной з першых падала заяву аб уступленні. Супярэчлівы тады быў час. На пачатку 30-х новае нараджалася ў абстаноўцы жорсткай класавай барацьбы, было нярэдкім, што заможныя сяляне распраўляліся з калгаснікамі і сельскімі актывістамі. Падчас аднаго з канфліктаў, што разгарэўся ў полі, Марфа Сысоеўна атрымала пяць нажавых ран…
Працавала камуністка Якаўлева загадчыцай фермы. За некалькі гадоў колькасць жывёлы там павялічылася з 9 да 72 галоў, узрасла яе прадукцыйнасць. Калі Марфа Сысоеўна дзялілася вопытам сваёй работы праз раённую газету, то звярнула ўвагу на тое, што добрым стымулам у арганізацыі працы жывёлаводаў стала ўвядзенне здзельнай аплаты ў залежнасці ад колькасці і якасці надоенага малака. Гэта быў прагрэсіўны падыход да арганізацыі працоўнага працэсу ў адрозненні ад працадзён, якія ўяўлялі сабой па сутнасці ўраўнілаўку ў вызначэнні лепшых і горшых работнікаў за дзень.
Тады, калі на ўвесь раён налічвалася менш за паўтары сотні камуністаў, жанчын-камуністак на вёсцы былі адзінкі. Натуральна, што Якаўлеву, як добрага працаўніка і арганізатара, члена партыі, хутка рэкамендавалі старшынёй калгаса. На гэтай пасадзе яна прапрацавала з 1937 года да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, вывела гаспадарку ў лік перадавых у раёне. У 1938 годзе была дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Калі ж пачалася Вялікая Айчынная вайна, Якаўлева не паспела эвакуіравацца і, як савецкая актывістка, была схоплена акупантамі і закатавана…
У 1942 годзе дачка Марфы Сысоеўны Таццяна Іванаўна пайшла ў лес, каб помсціць акупантам за маці, за Беларусь. Удзельнічала яна і ў пагроме гарнізонаў у вёсках Лютыя, Чарэя, Шэйка, была правадніцай у партызанскай падрыўной групе, дапамагала выходжваць параненых партызан. Асабліва запомніўся ёй бой у вёсцы Стральцы:
– Два атрады партызан зрабілі засаду. Ляжалі, закапаўшыся ў снезе. На трэці дзень паказаліся падводы з узброенымі людзьмі. Мы іх сустрэлі дружным перахросным агнём, захапілі ў палон нямецкага афіцэра, флаг. Афіцэра і дакументы, што знайшлі ў яго, пераправілі самалётам за лінію фронту, на Вялікую зямлю. За гэту аперацыю цэнтральны штаб партызанскага руху аб’явіў атраду імя Кутузава брыгады Гудкова падзяку.
У адным з баёў Таццяна Якаўлева была паранена. Пасля вызвалення Беларусі прайшла сувязісткай з авіядывізіяй Венгрыю, Румынію, Чэхаславакію. Перамогу сустрэла ў Берліне. За ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне Таццяна Іванаўна ўзнагароджана двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалём «За адвагу». Пасля вайны яна працавала ў аддзяленні сувязі, на Бобрскім лесазаводзе, вяла актыўную грамадскую дзейнасць. Пятнаццаць гадоў узначальвала санітарную дружыну, узнагароджана значком «Выдатнік санітарнай абароны». Таццяна Іванаўна выхавала чацвярых дзяцей.
Якаў Ціханавіч Фамін усё сваё жыццё звязаў з Крупскім раёнам. Ён нарадзіўся ў 1897 годзе ў невялікай вёсачцы Куты, там жа і пачаў сваю працоўную дзейнасць. Калі пачалася калектывізацыя, Фамін адным з першых уступіў у калгас. Хутка яго старанная праца была заўважана, і ў 1933 годзе аднавяскоўцы абралі яго старшынёй калгаса «Чырвоная зорка». Гаспадарка на той час перажывала не лепшыя часы: ураджайнасць сельскагаспадарчых культур была нізкай, на жывёлагадоўчай ферме – усяго 12 кароў.
– І вось я найперш узяўся за жывёлагадоўлю, бо менавіта ад яе ў многім залежыць дабрабыт гаспадаркі, – успамінаў Якаў Ціханавіч. – Прайшоў год, і справа заўважна зрушылася. Увосень 1934-га для жывёлы былі пабудаваны новыя памяшканні. План 1935 года па захаванні буйной рагатай жывёлы ў 65 адзінак мы перавыканалі на 25 галоў, 11 безкароўных калгаснікаў за гэты час былі надзелены маладняком. План па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі мы перавыконваем… У гэтым найперш заслуга нашых калгаснікаў. Асабліва трэба адзначыць стараннасць у рабоце і здольнасці загадчыка фермы Насовіча, які з’яўляецца лепшым жывёлаводам у калгасе. Добра працуюць жывёлаводы Мардуховіч Зінаіда і Фаміна Дар’я…
Жывёлагадоўля ўмацоўвалася, будаваліся новыя кароўнікі, канюшні. За кошт правільнага догляду, стварэння трывалай кармавой базы спыніўся падзёж, поўнасцю захоўваўся прыплод. Неўзабаве калгас «Чырвоная зорка» стаў адным з перадавых у раёне.
Поспехі ў жывёлагадоўлі раней адсталай гаспадаркі былі заўважаны, а Якаў Ціханавіч накіраваны ад раёна дэлегатам Усебеларускай нарады перадавікоў жывёлагадоўлі. Пазней, у 1939 годзе, ён стаў удзельнікам Усесаюзнай выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Перад вайной у калгасе было ўжо 5 жывёлагадоўчых ферм. На палетках спеў досыць багаты ўраджай: да 13 цэнтнераў з гектара збожжавых сабралі сяляне. За сваю працу калгаснікі атрымлівалі за працадзень па 3 кілагарамы збожжа і 10 кілаграмаў бульбы.
У вайну Якаў Фамін з такой жа самаадданасцю, як вырошчваў хлеб, змагаўся з ворагам, знішчаючы няпрошаных гасцей з захаду. З першага да апошняга дня Вялікай Айчыннай ён быў на фронце. Калі пасля шпіталя франтавік Фамін вярнуўся дадому, на яго грудзях блішчалі ордэны Славы, Айчыннай вайны, медалі. Тут ён убачыў папялішча, разбураную гаспадарку. Як гаворыцца, закасаўшы рукавы, Якаў Ціханавіч зноў узяўся за справу, узначаліў калгас і пачаў аднаўляць яго эканоміку.
Тады ў гаспадарцы засталося толькі 18 коней. Пераважна за кошт ручной працы за два пасляваенныя гады былі адноўлены даваенныя пасяўныя плошчы, хоць ураджаі былі значна ніжэйшыя. Але ў цэлым па раёне калгас выглядаў надрэнна: супраць 3-4 цэнтнераў збожжавых у раёне «Чырвоная Зорка» атрымлівала па 8, і па 120 цэнтнераў з гектара бульбы. Гэта дазволіла не толькі разлічыцца з хлебапастаўкамі, але і прадаць дадаткова звыш плана 6,5 тон збожжа. Калі ў пераважнай большасці гаспадарак раёна на той час увогуле нічога не давалі калгаснікам за работу, у гаспадарцы Фаміна яны атрымлівалі за працадзень па паўтара кілаграма збожжа і пяць кілаграмаў бульбы. За два гады былі адноўлены ўсе пяць ферм, у тым ліку авечкагадоўчая, свінагадоўчая і птушкагадоўчая. Пабудаваны яшчэ два кароўнікі і калгасная лазня.
Можна толькі ўявіць, якую работу ён зрабіў! Ужо ў 1947 годзе за поспехі ў аднаўленні калгаса, уздыме эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці ў тыя складаныя гады Якаў Ціханавіч Фамін быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, а пазней – медалём «За працоўную адзнаку». Ён працягваў кіраваць гаспадаркай і пасля аб’яднання чатырох калгасаў, у тым ліку і «Чырвонай зоркі», у адзіны – «Чырвоны Бобр». Пры гэтым Якаў Ціханавіч паспяхова сумяшчаў работу з абавязкамі дэпутата Вярхоўнага Савета БССР, якім ён быў на працягу двух скліканняў 10 гадоў. У 1954 годзе старшыню перадавой у раёне гаспадаркі вылучылі на пасаду старшыні Бобрскага сельскага Савета дэпутатаў. Нават пазней, пайшоўшы на заслужаны адпачынак, Якаў Ціханавіч не перапыняў актыўную грамадскую работу. Яго жыццёвая пазіцыя была адзначана па заслугах: у 1978 годзе Якаў Фамін быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Вось такія цудоўныя людзі жылі, працавалі і ваявалі ў тыя далёкія і вельмі няпростыя гады. Застаецца толькі здзіўляцца і захапляцца іх мужнасцю, працаздольнасцю, любоўю да роднай зямлі. Для іх не было нічога немагчымага, яны шчыра працавалі самі і ўмелі павесці за сабой іншых.
І сёння ў ААТ «МайскаеАгра» і ААТ «Кляновічы» (на тэрыторыі гэтых сучасных гаспадарак тады былі калгасы «Чырвоны май» і «Чырвоная зорка») па праву могуць ганарыцца, што такія моцныя і адданыя людзі некалі шчыравала на гэтай зямлі, будавалі лепшае жыццё, і гаспадаркі славіліся ў раёне.
Вось такія паралелі часу…