Дарэчы, мы ведаем, што наш суаўтар і сам, як кажуць, родам з камсамола:
– Камсамол – гэта самыя добрыя ўспаміны пра маладосць многіх пакаленняў, гэта безліч малых і вялікіх спраў, у тым ліку агульнадзяржаўнага маштабу і значэння. Асабіста для мяне камсамол мае вялікае значэнне. З ім звязана многае. Літаральна з першых дзён уступлення я стаў актыўным членам арганізацыі. Мяркуйце самі: мяне прынялі ў ВЛКСМ у школе ў апошні перад летнімі канікуламі дзень, а сакратаром школьнай камсамольскай арганізацыі быў абраны ў першы ж дзень новага навучальнага года. З камсамолам звязаны і пачатак маёй працоўнай дзейнасці, калі пасля заканчэння інстытута я працаваў у Маладзечанскім райкаме камсамола, а затым у Крупскім райкаме камсамола, загадчыкам аддзела, сакратаром РК ЛКСМБ. З дзейнасцю камсамола Беларусі звязана і тэма маёй кандыдацкай дысертацыі. І затым, працуючы дацэнтам ВНУ, я ніколі не парываў сувязяў з Крупшчынай, якая стала, па сутнасці, маёй другой малой радзімай. Вынікам шматгадовай даследчай дзейнасці сталі 5 кніг пра гісторыю раёна, у якіх шмат месца было ўдзелена і крупскім камсамольцам. Асобнымі звесткамі я хачу падзяліцца з чытачамі раённай газеты.
Падчас маёй работы ў апараце Крупскага райкама мы з калегамі і камсамольскім актывам пачыналі збор матэрыялаў для будучага раённага музея. Памятаю, прынеслі нам самаробны дэтэктарны прыёмнік у драўлянай скрынцы. Пры дапамозе яго падчас фашысцкай акупацыі камсамольцы, што ўваходзілі ў падпольную групу вёскі Шчаўры, прымалі сводкі Савінвармбюро. Дарэчы, затым па Крупках прайшла чутка, што камсамольцы знайшлі дзеючую рацыю… Памятаю, як уразіў усіх нас камсамольскі білет франтавіка, нашага земляка, заліты крывёй, што даставілі з вёскі Дуброўка. На першай старонцы гэтага дакумента былі змешчаны выявы двух ордэнаў: Баявога Чырвонага Сцяга і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Імі быў узнагароджаны камсамолец за ўдзел у грамадзянскай вайне і выкананні заданняў першых пяцігодак…
Усяго ж на сцягу камсамола – 5 ордэнаў. У гэтых узнагародах, як маленькая пясчынка на вялізным полі гісторыі, ёсць і ўнёсак камсамольскай моладзі Крупшчыны. Першая ўзнагарода звязана са складанымі падзеямі 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Тады землі сучаснай Крупшчыны ўваходзілі ў Сенненскі і Барысаўскі паветы. Пасля Першай сусветнай і грамадзянскай краіна толькі пачынала ўставаць на ногі. Яшчэ працягвалася барацьба з тымі, хто са зброяй у руках хаваўся ў лясах, рабіў налёты на вёскі, рабаваў насельніцтва, забіваў савецкіх актывістаў. Сярод іх былі і патэнцыяльныя праціўнікі Савецкай улады, і проста бандыты. Асаблівай актыўнасцю вызначаліся атрады былога афіцэра царскай арміі Рыгора Моніча, выхадцы з мястэчка Халопенічы Лукаша Семенюка, былога барысаўскага ваеннага камісара Люцыяна Бергера. Гэтыя атрады літаральна тэрарызавалі насельніцтва Жаберыч, Хацюхова, Халопеніч, Лісічына і навакольных паселішчаў. Немалы рэзананс, нават у Маскве, атрымала абрабаванне монічаўцамі хуткага кур’ерскага цягніка Парыж-Вена-Варшава-Масква ў раёне станцыі Прыяміна. У той час многія атрады ўваходзілі ў падпольную арганізацыю «Зялёны дуб», якая мела на мэце звяржэнне савецкай улады ў Беларусі і кіравалася з Варшавы.
Для барацьбы з бандытызмам ствараліся часці асобага прызначэння. Асноўны іх касцяк складалі камсамольцы. Месцамі, і на Крупшчыне таксама, ствараліся мясцовыя атрады самаабароны. У першую чаргу ў іх уступалі добраахвотнікамі члены камсамольскіх ячэек.
Але, нягледзячы на ўсе цяжкасці, тыя гады засталіся ў гісторыі часам, ахутаным сваім рамантызмам. Асабліва гэтым вызначалася моладзь. Паўсюдна ствараліся камсамольскія ячэйкі, часцяком у аддаленых вёсках, там, дзе нават не было яшчэ партыйных арганізацый. Яны выступалі ў якасці арганізатараў розных пачынанняў сярод сялянства. Але моладзі часам не хапала вопыту работы ў новых гістарычных умовах.
Характэрна, што самаарганізацыя моладзі, стварэнне новых камсамольскіх ячэек часцей за ўсё было вынікам ініцыятывы менавіта з нізоў, хаця была і накіроўваючая роля мясцовых партыйных арганізацый. Пры гэтым камсамольцы стваралі свае арганізацыі, часам, нягледзячы на пэўнае супраціўленне на месцах.
Працэс станаўлення камсамоліі на Крупшчыне можна прасачыць на прыкладзе гісторыі стварэння і дзейнасці камсамольскай ячэйкі вёскі Восава, што ля Халопеніч. Газета «Бедняк» 11 снежня 1920 года пісала пра тое, што маладыя людзі «самі арганізавалі нешта накшталт Камуністычнага саюза моладзі». На пачатку 1921 года выданне ўжо адзначала поспехі створанай ячэйкі: «У вёсцы Восава сялянская моладзь даволі рэўнасна і энергічна ўзялася за справу, але некаторыя грамадзяне в. Восава ўсяляк насміхаюцца над камсамольцамі і нават пагражаюць разбурыць іх клуб. Абураная такімі паводзінамі сваіх старэйшых восаўская моладзь вынесла рэзалюцыю: «Нягледзячы на ніякія перашкоды, працягваць сваю работу для дасягнення намечаных поспехаў».
Чым займаліся камсамольцы пачатку 1920-х? Зноў жа зазірнем у тагачаснае Восава. Вось што ў свой час расказвала адна з першых камсамолак гэтай ячэйкі Еўдакія Данілаўна Бурая: «Па нядзелях збіраліся ў доме Філімона Тоўсціка, там быў наш клуб… Збіраліся і слухалі, як адзін або другі чыталі газету, бо не толькі мы, дзяўчаты, але і многія мужчыны ў ячэйцы былі непісьменныя. І не дзіва, што былі непісьменныя: школы ў Восаве не было, нашы вучні хадзілі вучыцца грамаце за тры кіламетры ў Ратуцічы. І вырашыла наша ячэйка адкрыць школу ў сваёй вёсцы. Сабралі на сход усіх жыхароў. Усім восаўцам спадабалася наша прапанова. Яфім Хацкевіч згадзіўся аддаць пад клас палову свайго дома. Свае ж, восаўскія майстры, узяліся зрабіць парты, стол і табурэтку для настаўніка. Выявіўся і настаўнік – Зміцер Мікітавіч Тоўсцік. Як радаваліся ў Восаве, калі дзеці пайшлі ў сваю школу! Гэта ўжо пазней у Восаве была адкрыта пастаянная школа. А недалёка, у Барысаве, стаяў фронт. Арудавала банда «зеленадубаўцаў». Але мы не баяліся іх. Усе хлопцы з ячэйкі аб’явілі сябе мабілізаванымі, атрымалі ў Лошніцы, у рэўкаме, вінтоўкі і патроны і кожную ноч абаранялі сваё Восава – двое патрульных хадзілі ў адным канцы вёскі, а двое ў другім… Гарэлкі ніхто ў ячэйцы і ў рот не браў. А калі б хто ўзяў, мы б яго адразу ж выключылі».
А 13 мая 1921 года вось што пісала газета «Бедняк» пра ўхвальцаў: «У вёсцы Ухвала моладзь сама арганізавала ячэйку нашага саюза. Для інструктажа гэтай ячэйкі і пастаноўкі яе на патрэбную вышыню прыехаў адказны кіраўнік па рабоце ў вёсцы т. Лаўрыновіч».
Па такіх жа прыкладах арганізоўваліся камсамольскія ячэйкі і ў іншых населеных пунктах. Так рабіла свае першыя крокі камсамолія Крупшчыны. Гэта прадмова Крупскай раённай камсамольскай арганізацыі, што аформілася ў 1924 годзе, калі ўтварыўся Крупскі раён.
Гісторыя камсамольскага фотаздымка
Напярэдадні юбілею камсамола ў нашым праекце «Паралелі часу» мы адкрываем новую рубрыку, дзе будзем друкаваць і распавядаць пра адметныя моманты, занатаваныя на фота. Распачынае рубрыку «Гісторыя камсамольскага фотаздымка» першы сакратар Крупскага райкама камсамола 1981-1988 гадоў Аляксандр Табалін. Аляксандр Анатольевіч прынёс у рэдакцыю сапраўды эксклюзіўныя фота, якія нідзе не друкаваліся. На іх не проста лепшыя камсамольцы, а знакавыя для раёна падзеі. Ітак, год 1985-ы, юбілейны – краіна адзначала 40-годдзе Вялікай Перамогі.
У той год моладзь Крупшчыны не толькі актыўна ўдзельнічала ў шматлікіх мерапрыемствах, але і прапаноўвала ўласныя ініцыятывы. Адна з іх – раённы лыжны Зорны паход па месцах баявой славы Крупшчыны. Гэты здымак занатаваў удзельнікаў першага Зорнага паходу, якія сабраліся ля райкама партыі, каб сфатаграфавацца перад стартам. У складзе атрада – сакратары камсамольскіх арганізацый і актывісты. Акрамя таго, што яны – выдатныя камсамольцы, гэта яшчэ і спартсмены, і людзі творчыя. Такі падбор невыпадковы, бо ўдзельнікам трэба было валодаць добрай фізічнай падрыхтоўкай, каб на лыжах пераадолець унушальную адлегласць, і творчыя здольнасці, каб выступаць, спяваць, танцаваць, граць на музычных інструментах. У кожнага была стужка, якая сведчыла, што гэта ўдзельнік Зорнага паходу, з ёю ішлі ўвесь шлях. Гэта вельмі маштабнае мерапрыемства, усюды канцэрты, сустрэчы, сходы. Маршрут: Крупкі – Выдрыца – спаленая фашыстамі вёска Узнаж – Гумны – Ухвала – Вязок – Крупкі. Тры дні на лыжах з усімі цяжкасцямі шляху. Тры дні насычаных падзей, якія збіралі столькі людзей, што зараз нават цяжка ўявіць.
Прайшоў час, і ўжо цяжка ўспомніць паімённа ўсіх удзельнікаў паходу. Глядзім на фота: злева направа ўнізе з фотакамерай, напэўна, Юрый Бычко, затым Дзмітрый Карань, Ігар Кострыкаў, жанчын не ўспомнілі; у другім радзе – Уладзімір Пручкоўскі, Юрый Гаўрылаў, дваіх не ўспомнілі, Уладзімір Веялка, жанчыну не успомнілі, Вольга Валадзько, Віктар Яўсеенка, Аляксандр Табалін. Быў вельмі моцны мароз, але настрой быў вельмі добры, і паход удаўся.
Да чытачоў: будзем рады, калі шэраг суаўтараў нашага праекта папоўніцца. Калі ў вас ёсць цікавыя фота або інфармацыя, шчыра запрашаем у рэдакцыю.