У доме № 18 жыла пенсіянерка Вусік, удава загінуўшага ў Вялікую Айчынную вайну палкоўніка пагранічных войскаў.
Дом № 19 некалі быў насупраць, зараз няма ні яго, ні адраса. А ў 50-я гады там размяшчалася адна на ўвесь пасёлак цырульня. Тут працавалі Барыс Аронавіч Равіновіч і Ніна Мікалаеўна Апалінская. Затым у адной палове было мясцовае радыё і рэдакцыя раённай газеты «Голас калгасніка», у другой – кантора грамхарчгандлю, якой загадвала Валянціна Іосіфаўна Галяковіч. А непадалёку, у доме № 21, пражывала старэнькая бабулька, звалі яе Нэха Кац.
Насупраць па цотным баку жылі людзі, якія працавалі ў розных галінах. У доме № 20 – Міхалевіч, які працаваў у шорным цэху арцелі «Чырвоная зара», № 22 – Пазін, землямер, яго жонка настаўнічала ў СШ № 1, № 24 – закройшчык Леанід Харламаў і Міля, яго жонка, работніца КБА.
– Па няцотным баку па адрасе: Леніна, 23, дзе зараз гандлёвы цэнтр і аптэка, у пасляваенныя гады размяшчалася аўташкола, тады арцель «Чырвоная зара», а потым швейны цэх КБА. А па адрасе: Леніна, 25 была дзіцячая бібліятэка, зараз на гэтым месцы жылы дом. Па суседству, у доме № 27, жыў рэвізор райпо Аляксей Харытонавіч Мацкевіч.
Дом № 29 – зараз такога адраса няма, і што там было – невядома.
У будынку за № 26, дзе зараз бар, тады была ашчадкаса. А па суседству, у доме № 28, жыў Канстанцін Анісімавіч Азіновіч, які працаваў у райвыканкаме, а яго жонка, Надзея Іванаўна, была супрацоўніцай Крупскага РК КПБ.
У адной палове будынка № 30 знаходзілася аптэка, ёю ў 50-х гадах загадвала Любоў Міронаўна Гіршыновіч. У другой палове пражывала намеснік загадчыцы аптэкі з 1950-1985 г. Лізавета Макараўна Сідарава з мужам Міхаілам Яфімавічам Стронгіным, які працаваў памочнікам пракурора Крупскага раёна з 1958 – 1985 гады.
У доме № 31 у пасляваенныя гады пражываў з жонкай Ганнай Самуіл Белкін (у яго была мянушка Муля), ён шыў шапкі.
Па цотным баку на высокім падмурку стаіць дом № 32. Там пражывала вядомая сям’я: урач Яфім Юр’евіч Міркін з жонкай Фірай Маркаўнай, правізарам. У падвале гэтага будынка пасля вайны была крама, а ў 50-х гадах – аптэчны склад. Іх суседзі ў доме № 34 – сям’я Дзмітрыевых – Фёдар Міронавіч і Любоў Кузьмінічна. Галава сям’і працаваў у падатковай інспекцыі.
Дом № 33 адметны тым, што там жыў самы лепшы пячнік на ўсю акругу Нахім Мендэлевіч Хонін. І па сёння ў многіх дамах жыхароў горада і раёна спраўна працуюць печы, каміны, групкі, што клаў гэты чалавек. Слава адмысловага майстра прыйшла да яго рана. Яшчэ да рэвалюцыі Нахім рамантаваў каміны ў палацы паноў Свяцкіх. Гавораць, што зроблены яны былі з кафлі, што прывозілі аж з самой Францыі. Ёсць успаміны, што кіроўца разлічваўся з ім залатымі манетамі, але майстар прасіў царскія купюры. Сваё майстэрства ён перадаў сынам. Для кладкі печаў адбіралі выключна цэглу, вырабленую на заводзе ў Худаўцах. Таму, што ў ёй было шмат вапняку. Цагліны пакідалі на два тыдні пад адкрытым небам, затым лепшыя адбіралі для кладкі. А яго жонка, Іда Барысаўна, працавала касірам у аптэцы.
Па суседству, у доме № 35, у пасляваенныя гады жыў упраўляючы ашчадбанкам Барыс Розін. Потым старшыня райспажыўсаюза Вольга Іванаўна Варановіч, далей старшыня райпо Леанід Максімавіч Грыцэль, а затым таксама старшыня райпо Іван Рыгоравіч Максімовіч.
А ў наступным доме, № 37, да 1961 года жыў дырэктар МТС Сямён Сямёнавіч Галавенчык. А затым чалавек, якога і па сёння памятаюць многія крупчане, – гэта рэдактар раённай газеты «Ленінскім курсам» Дзмітрый Макаравіч Хількевіч. Чвэрць стагоддзя ён узначальваў калектыў рэдакцыі – чалавек эрудыраваны, са значным палітычным багажом, з глыбокім душэўным падыходам да людзей. Яго жонка, Рэгіна Антонаўна, была зубным урачом.
Добра памятаюць крупчане і яе калегу, зубнога ўрача Яўгенію Канстанцінаўну Спічкову, якая жыла амаль насупраць, у першай палове дома № 41. Зразумела, працавалі тады простымі матэрыяламі, але многія скажуць, што, дзякуючы яе ўрачэбнаму майстэрству, пломбы стаялі дзесяцігоддзямі. Працоўная дзейнасць Яўгеніі Канстанцінаўны пачалася ў 1936 годзе, а ў Крупскім раёне – з 1949-га. Немагчыма падлічыць, колькім людзям яна дапамагла, і за сваё майстэрства была ўзнагароджана медалём «За працоўную доблесць». А ў другой палове дома № 41 пражывала сям’я бухгалтара Аркадзя Бокуця. Як і ўсім іншым яўрэйскім сем’ям, ім давялося шмат зведаць гора падчас вайны. Жонку Аркадзя, Гінту Мотэўну, некалькі гадоў хавалі і родзічы, і проста крупчане. Але яе выпадкова пазнаў паліцай, і жанчыну закатавалі гітлераўцы ў 1944 годзе. Іх сын Леанід Аркадзьевіч пасля вайны вывучыўся, стаў матэматыкам з сусветным імем. Зараз ён доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Новасібірскага ўніверсітэта, Ганаровы грамадзянін горада Гуанчжоў, сталіцы вядомай кітайскай правінцыі Гуандун.
Пасля скрыжавання з вуліцай Кірава насупраць стаялі дзве ўстановы. У будынку № 36 размяшчаўся ашчадбанк, дзе дырэктарам быў Барыс Розін, а галоўным бугалтарам – Е.С. Кліонская. Зараз там магазін малочнай прадукцыі ААТ «Здравушка-мілк». А па няцотным баку, пад № 39, быў магазін, дзе тады гандлявалі мэбляй (затым быў хлебны), а цяпер там магазін запчастак.
Дом № 38 – партызанская сям’я Здараўцовых. Міхаіл Трафімавіч родам з Браншчыны. Вучыўся, служыў у Бранску ў спецвойсках, затым – у ваеннай школе Смаленска, камандаваў ротай спецвойскаў, скончыў Горкаўскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча, пасля якога малады палітрук быў накіраваны ў Беларускую ваенную акругу. Ваяваў на фінскім фронце, вызваляў Латвію, Літву, Заходнюю Беларусь. У жніўні 1941 года быў цяжка паранены, яго хавалі на Любаншчыне. Затым быў палітруком у атрадзе «Жалязняк», камісарам і камандзірам атрада Давыдава. А з ліпеня 1944-га – працаваў у Крупскім РК КПБ, узначальваў РК прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём «Партызану Вялікай Айчыннай вайны». Яго жонка, Кацярына Міхайлаўна, таксама ветэран Вялікай Айчыннай, і сёння жыве ў гэтым доме. Мы ведаем яе як адважную партызанку, медсястру брыгады Брагіна. Яна ўзнагароджана медалём «За адвагу». Пасля вайны Кацярына Міхайлаўна доўгі час працавала ў сістэме сацзабеспячэння.
У доме № 40 па суседству жыла сям’я ўдзельніка партызанскага руху на Беларусі Ізраіля Яфімавіча Гармізы. Пасля вайны ён працаваў дырэктарам харчкамбіната, а яго жонка, Рыма Якаўлеўна, – у арцелі «Чырвоная зара». Тымі часамі ў падвале гэтага дома працавала гандлёвая лаўка.
У доме № 42 з 1945 па 1960 гады працавала гасцініца, якой загадваў Ісмантовіч. Цяпер на гэтым месцы – жылы дом.
А вось і перадапошні адрас перад рэчкай, як мы прывыклі называць, Курнееўкай. Некалі там быў дом № 44, дзе жыў Ніканор Ільіч Салаўёў – кравец. Ён быў адмысловы спецыяліст, шыў мужчынскае адзенне на даму. Зараз гэтага адраса няма. А ў апошняй хаце перад рэчкай жыла сям’я Казымбаевых.
А тым часам па няцотным баку ў доме № 43 да 1947 года жыў Рыгор Міхалевіч, а затым Сцяпан Міхайлавіч Філіповіч, які працаваў у РК прафсаюза, з жонкай Лідзіяй Аляксееўнай. Іх суседзямі ў доме № 45 былі спачатку Ігнат Іванавіч Наумовіч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, у мірны час старшыня партыйнай камісіі РК КПБ, затым Уладзімір Паўлавіч Гудзінскі, начальнік пошты, з жонкай Зінаідай Яфімаўнай, што працавала ў райбальніцы лабаранткай.
Апошнім перад Курнееўкай быў дом № 47. Зараз на гэтым месцы гандлёвы аб’ект райспажыўкааперацыі, дзе некалі быў хлебны магазін, цэх па разліву напояў і г.д. А пасля вайны тут быў аддзел народнай адукацыі, а затым дзіцячы садок.
Вось тут на сёння мы нашу экскурсію і спынім. Азіраючыся на зробленае, хачу зазначыць, што мае даследаванні, якія занялі нямала часу, пакуль скончыліся. Падчас іх трэба было шукаць інфармацыю, вылічваць нумарацыю дамоў, якая не раз змянялася. Часам мне здавалася, што мая задума невыканальная. Але паступова, вельмі павольна, дом за домам, карціна стала высвятляцца. Праца закіпела, і яе вынік цяпер перад вамі. Вядома, памылкі магчымыя, але тое, што змог, я сабраў. Успаміны – своеасаблівы даведнік, дзе пераважна факты з невялікімі апісаннямі. Гэта такія акцэнты, на якіх у будучым можна рабіць больш падрабязны аповяд, якога бясспрэчна, заслугоўваюць многія з жыхароў вуліцы Леніна. Але кожны з гэтых, на першы погляд простых фактаў, ужо сам па сабе сведчыць пра многае, і мы можам уявіць карціну часткі нашага горада шмат дзесяцігоддзяў таму. Хочацца падзякаваць за дапамогу ў зборы матэрыялу Аляксандру Азіновічу, Максу Хоніну, Валянціне Здараўцовай, Яфіму Гітлевічу, Валерыю Гара, Ганне Бабіцкай, Андрэю Аляхновічу, Сяргею Латушкіну і іншым.
Ну, а мы будзем спадзявацца, што Ігар Барысавіч працягне працу над стварэннем другой часткі даследавання, і мы атрымаем магчымасць працягнуць нашу пазнавальную экскурсію і па іншы бок рэчкі, аж да самага канца вуліцы Леніна.