krupki.by

ru RU be BE en EN


Чорны след далёкай вайны (Частка 2)

Автор / Паралелі часу / Среда, 22 мая 2019 11:28 / Просмотров: 1975

Шчымлівы аповяд Анастасіі Сцяпанаўны Алексіевіч пра трагедыю вёскі Сомры мы пачалі ў мінулым выпуску праекта. Нават цяжка сабе ўявіць сёння, як людзі вытрымалі ўсё гэта. І зараз перад вачыма стаіць карціна, як дзяўчо кідалася па вёсцы, з вёскі на пасёлкі ў самым пекле, як імкнулася нешта рабіць, дапамагчы, як плакала ад безвыходнасці і гора па забітых родных і сваяках, як падтрымлівала маці ў самыя цяжкія хвіліны. Проста дзіву даешся, адкуль сілы, адкуль вытрымка?! Смяротная небяспека была побач кожны дзень, кожную гадзіну, кожную хвіліну. З успамінаў Анастасіі Сцяпанаўны мы можам з першых вуснаў даведацца, у якім кашмары жылі людзі падчас акупацыі, адчуць гэта сэрцам і рабіць усё, каб ніколі не паўтарыліся жахі вайны. Слухаем далей Анастасію Сцяпанаўну.

– Людзі са спаленай вёскі разышліся хто куды. Мы жылі на пасёлку. Я захварэла на тыф, была вялікая тэмпература і цяжкія наступствы. Калі нямецкія самалёты бамбілі, мы з мамай хаваліся ў зямлянцы. Бамбілі вельмі часта, наляталі на астравы, дзе былі партызаны.

Аднойчы, калі мы былі на пасёлку, партызаны падказалі, што ідуць нямецкія атрады з сабакамі і хутка будуць у нашым лесе. Мы з мамай пабеглі ў Заазер’е, там сустрэлі іншых сомраўцаў, якія таксама ўцяклі. Яны былі з сем’ямі, партызаны далі коней – тры падводы. Мы паехалі з імі з Заазер’я на Кляву, гэта таксама ў Бялыніцкім раёне, а затым на Дзявяніцу. Потым хацелі ехаць на Сомры праз балота, але ў лесе натыкнуліся на нямецкую засаду. Нас акружылі, адразу быў свіст, а затым стрэлы з аўтамата. Коней адабралі, а людзей пешкі вярнулі ў Дзявяніцу. Загналі ў хлеў, дзе пратрымалі да вечара, затым перавялі ў халодную прыбудову да хаты. Ноч мы сядзелі на падлозе. Раніцай паставілі ў шарэнгу – старых, дзяцей і жанчын асобна, мужчын асобна. А мне і дзяўчынцы Насці чамусьці загадалі стаць разам з мужчынамі.

Жудасныя хвіліны чакання і невядомасці. А далей жанчын, дзяцей і старых адпусцілі. А нас з Насцяй і мужчынамі пасадзілі на падводы і павезлі. У дарозе зразумелі, што едзем у Бялынічы. Там нас завялі ў хату, дзе было шмат моладзі. Аказалася, што ўсіх збіраліся адправіць у Германію. Прачакалі тры доўгія дні, увесь гэты час немцы прывозілі новых хлопцаў і дзяўчат. А затым была камісія, якую праводзілі дзве жанчыны. Калі прыйшла мая чарга, яны доўга аглядалі маю галаву і рукі, на якіх былі відавочныя сведчанні нядаўняй хваробы. Да таго ж я была вельмі кволая. У выніку пастанавілі, што я хворая на тыф, у Германію не годная і адпусцілі.

Я ніколі не была ў Бялынічах, не ведала, у які бок трэба ісці. Добра, што знайшліся людзі, якія падказалі шлях. Выйшла на поле і ўбачыла ля лесу партызана на кані і з аўтаматам. Далей пайшлі разам. У лесе былі сомраўскія партызаны Фёдар Алексіевіч і Сцяпан Алексіевіч. Потым накіравалася да Заазер’я, вёска была блізка. Познім вечарам зайшла ў нейкую хату, хацела папрасіцца на начлег. Але ўспомніла, што тут жыве стрыечны брат майго бацькі з сям’ёй. Жонка дзядзькі Міхея забрала мяне да сябе, яны жылі ў зямлянцы, бо хату спалілі, калі ў 1941 годзе ішоў бой. Так я і пражыла ў іх два тыдні.

Немцы ўвесь час хадзілі па лесе ланцугом з сабакамі. Вёска вельмі вялікая, мо’ кіламетры тры ці больш. Туды часцяком наведваліся фашысты. Крыху ачуняўшы, я вырашыла ісці дадому. І вось бываюць жа цуды! Ідучы па лесе, я сустрэла сваю маму, яна брыла ў Заазер’е. Я так узрадавалася, што моцна і доўга галасіла!

Мы жылі на пасёлках. Жылі ў пастаянным страху, і небеспадстаўна. У адзін з дзён мяне зноў схапілі немцы. А таксама Надзю Паўлаўну, Паліну Мікалаеўну і Марфу Карпаўну. Павялі на Ухвалу, размясцілі ў зямлянках. Там сабралі шмат моладзі для чарговай адпраўкі ў Германію, рассадзілі па паліцах. Я апынулася на першай знізу. Было вельмі цесна. У нейкі момант верхняя паліца не вытрымала, абламалася і абрынулася на нас. У той час ад стомы я крыху прыснула і не паспела своечасова адрэагаваць. Разам з дзяўчынкай з Купленкі мы трапілі пад нары. У выніку я вельмі моцна пабілася і страціла прытомнасць. Не памятаю, як апынулася ў бальніцы. Доктар там быў Кальніцкі. Калі апрытомела, то даведалася ад яго, што ўсіх пяшком пагналі ў Германію. «Ты адна засталася», – і зараз гучаць у памяці яго словы. У мяне ўсё балела, было вельмі цяжка дыхаць, але папрасілася ў доктара дамоў. «Адкуль ты, дзіця?», – спытаў ён. «З Сомраў, Сцяпанаўна», – адказала я. Аказалася, што доктар ведаў майго бацьку, даў лекаў і адпусціў.

Па дарозе я сустрэла сваю маму, а таксама маці Надзі і Паліны. Я ім усё расказала, дзе была, што здарылася, як мяне моцна пабіла нарамі. Мы з мамай пайшлі дадому, а жанчыны накіраваліся на Ухвалу. Пасля гэтага я яшчэ доўга хварэла.

Мы жылі на пасёлку ў Івана Ехвановіча. Мама хварэла на тыф – доўга і цяжка. Памятаю, што было шмат партызан, яны жылі амаль у кожнай хаце. У Івана іх было шасцёра, спалі на падлозе, пераначаваўшы, раніцай ішлі на заданне.

Калі адступалі немцы, быў моцны бой. Ля вёскі Гоенка Круглянскага раёна ён доўжыўся больш за чатыры гадзіны. Самалёты бамбілі, яны даляталі аж да нашага пасёлка.  Мы сядзелі ў зямлянцы, бачылі, як яны заварочвалі і ляцелі. Я налічыла 14 самалётаў. Калі бамбілі, зверху зямлянкі сыпаўся пясок. Было вельмі страшна.

Немцы адступалі, ішлі праз Сомры і праз Матошку. Памятаю, што на хутары былі спалены ўсе хаты і нават студні, дзе бралі ваду. Уцалела толькі адна студня, ля яе быў вялікі камень, на ім ляжаў распрануты нежывы чалавек. Я вельмі спужалася і пабегла. Недалёка ад таго месца, дзе расстралялі людзей, была вялікая яміна, засыпаная зямлёй, з яе тарчала чалавечая рука. У Сомрах было страшна…

У сярэдзіне жніўня 1944 года ад Ігара Алексіевіча я даведалася, што ў Барысаве адкрылі курсы настаўнікаў. На той час Аляксандра Давыдзёнак, мая аднакласніца, ужо ўладкавалася працаваць у школу ў Папарнае. Я ўсё больш пачала задумвацца пра настаўніцтва. Гэта вельмі патрэбна для дзяцей, змучаных вайной. Вырашальнай стала сустрэча з настаўніцай з Бярозаўкі, якая прыехала на пасёлак на кані. Яна не проста пацвердзіла, што набіраюць на курсы тых, хто скончыў 7 класаў, але і адвезла мяне ў РАНА. Там, на шчасце, мы сустрэлі настаўніка з Выдрыцы Драздова, да вайны ён быў дырэктарам Стараслабадской школы, дзе вучылася я. Ён мяне пазнаў, нават успомніў, што я атрымала пахвальныя граматы за 5, 6 і 7 класы. Але ў мяне не было ніякіх дакументаў. Калі загадчык РАНА Ліпецкі спытаў пра паперы, я толькі апусціла галаву і сказала, што ўсё згарэла. І вось тады Драздоў пацвердзіў, што ў свой час я вучылася на выдатна. Мне напісалі накіраванне, так я трапіла на настаўніцкія курсы.

Перад вачыма і зараз стаіць, як я рыхтавалася да іх. У Сомрах у хляву у Мікалая Герасімовіча мне знайшлі ваенныя боты, яны ляжалі ў сене. А пальцечка даў дзядзька Іван з Мажан. Яго купілі дачцэ Марыі, калі яна вучылася ў 5 класе. Яно было караценькае і цеснае. Касынку зрабіла з коўдры, якую даў Аляксей Кандратовіч. Сарафан апранула сваёй работы – мая цёця дала адрэз, а пашыць дапамагла жонка брата Барыса. Нават вырашылі пафарбаваць. Макалі ў торф, што каля рэчкі. А ў выніку сталася так, што вопратка мая пафарбавалася лапікамі. Але зрабіць ужо нічога было нельга...

І вось такая апынулася я ў Барысаве. Удалося ўладкавацца на кватэру па вуліцы Камсамольскай.  Зразумела, што ў горадзе я нічога не ведала, і ў першы ж дзень спазнілася на заняткі. Калі зайшла ў вучэбны клас, то ўбачыла, што месцы засталіся толькі за першай партай, куды і пасадзілі мяне. Касынку знімаць я саромелася, баялася, каб не смяяліся, бо на галаве не было валасоў – наступства тыфу. Таксама саромелася свайго сарафана, над якім пацяшаліся дзяўчаты з Дакудава, што жылі разам са мной на кватэры.

Дадому ехаць не было калі. Але аднойчы я атрымала ліст ад свайго брата Васіля, што захварэў на тыф. Ён вельмі прасіў, каб купіла яму цукру. Што рабіць?  У самой невялікая стыпендыя – ледзь канцы з канцамі зводзіла. Але ж трэба неяк дапамагчы сям’і! І вось, атрымаўшы грошы, іду на базар. Там купіла стакан масла, 3 пачкі сахарыну, кніжку па рускай мове, капронавыя чулкі і плецены кошык – вось і ўсё, на што хапіла. Склала ў кошык і стала думаць, як дабірацца дадому. Адзінае выйсце – таварны цягнік, можна было ўладкавацца там, дзе злучаюцца буферы. У Крупках па мосце ён звычайна ішоў павольна, можна было спрыгнуць. І вось я накіравалася ў дарогу. Наперадзе паказаўся масток. Але чамусьці ў той час, як трэба было прыгаць, цягнік пачаў набіраць хуткасць. Я выкінула кошык і на ўсім ходзе сіганула ўніз. Моцна пабілася, не памятаю як, але знайшла сілы падняцца, адшукала кошык, сабрала свой «скарб». Але ў Сомры так і не трапіла, бо не магла дайсці нават да Крупак. Прытулілася на начлег у нейкай хаце, а пакупкі папрасіла занесці знаёмых людзей. Праўда, да мамы яны так і не трапілі… Ледзь дабралася да Барысава, і больш дадому не ездзіла.

Правучылася на курсах я чатыры месяцы. Пасля навучання мяне накіравалі ў Крупскі РАНА, а там размеркавалі ў Знаменку, дзе быў толькі адзін настаўнік. Я стала працаваць з 1 студзеня 1945 года. З 1-3 класам вельмі было цяжка: дзеці-пераросткі, кніг і сшыткаў не было. З буракоў рабілі чарніла, паперу даставаў, хто дзе мог. Пазней у Крупках мне пашчасціла атрымала кнігі і сшыткі, але не для ўсіх. Памятаю, як беражліва, нібы найвышэйшую каштоўнасць, несла іх на плячах. Да Крупак хадзілі пяшком, машын не было, а гэта 35-40 кіламетраў.

Жылі мы тады ў Сомрах у зямлянцы, якую выкапалі мама, брат і сястра. На працу ў Знаменку я хадзіла пешкі 10 кіламетраў тры гады. Падчас адной з настаўніцкіх канферэнцый я папрасіла загадчыка РАНА Ліпецкага, каб мяне перавялі ў Мажаны, там была толькі адна настаўніца.  Мне пайшлі насустрач – вучыла дзяцей 2-4 класаў. Праўда, у 1948 годе школу ў Мажанах закрылі, а ў Матошцы адкрылі, куды і перавялі дзяцей, а мяне ў родную вёску.

У Сомрах, хто засталіся жывымі, пачалі адбудоўваць хаты. Вёска – некалькі двароў, але дзяцей было 17. Я працавала з чатырма класамі адна. Жылі вельмі цяжка.

У 1949 годзе я ўзяла шлюб з Уладзімірам Васільевічам Алексіевічам, у нас нарадзілася пяцёра дзяцей. Я вырашыла вучыцца далей і завочна паступіла на 1 курс педагагічнага вучылішча. У Сомрах прапрацавала 23 гады. Калі пачалі скарачаць пачатковыя школы, мяне перавялі ў Дубраўскую школу, дзе працавала з класамі і вяла групу падоўжанага дня. Выкладала матэматыку, беларускую мову і літаратуру. У 1977 годзе пайшла на пенісю, але працягвала працаваць, цяпер ужо выхавацелем у дзіцячым садку ў Дубраўцы…

Шмат у нашых суайчыннікаў такіх няпростых гісторый жыцця. Трэба толькі ўявіць сябе на іх месцы, каб адчуць, праз што яны прайшлі, што зведалі, што вытрывалі. Асабіста я, пакуль працавала з гэтым матэрыялам, як быццам пражыла такое жыццё, адчула подых страшэннай вайны.

Асобная тэма – вайна і дзеці. І сёння з успамінаў відавочцаў мы бачым і адчуваем той чорны і страшны след, што пакінула яна ў дзіцячых душах. І аповяд Анастасіі Сцяпанаўны – яскравае таму пацвярджэнне.

Автор

admin

admin

  • Район
  • Область

Актуально

27 ноября можно получить консультацию врача общей практики на базе УЗ «Крупская ЦРБ»

Крупская ЦРБ информирует о возможности получить консультацию врача общей практики на базе УЗ «Крупская ЦРБ» 27 ноября.
Запись на консультативный прием предварительный, через лечащего врача.

23 ноября "прямую линию" проведет председатель районного Совета депутатов

В субботу, 23 ноября, с 9.00 до 12.00 прямую телефонную линию проведет председатель Крупского районного Совета депутатов ДОМАРЁНОК Елена Александровна. Телефон 2-77-47.

27 ноября в Крупской ЦРБ пройдет консультация врача-гинеколога

Крупская ЦРБ информирует о возможности получить консультацию врача-гинеколога на базе УЗ «Крупская ЦРБ» 27 ноября. Запись на консультативный прием предварительный, через лечащего врача.

27 ноября в Крупской ЦРБ пройдет консультация хирурга-стоматолога

Крупская ЦРБ информирует о возможности получить консультацию врача хирурга-стоматолога на базе УЗ «Крупская ЦРБ» 27 ноября. Запись на консультативный прием предварительный, через лечащего врача.

22 октября ИМНС проводит день информирования по вопросом применения налога на профдоход

22 октября инспекцией Министерства по налогам и сборам Республики Беларусь по Борисовскому району для физических лиц проводится тематический день информирования по разъяснению вопросов применения налога на профессиональный доход при осуществлении видов деятельности, разрешенных для осуществления в качестве самостоятельной профессиональной деятельности, определенной приложением 2 к постановлению Совета Министров Республики Беларусь от 28.06.2024 № 457 «О видах индивидуальной предпринимательской деятельности». Обращаться в отдел информационно-разъяснительной работы инспекции по тел. (0177) 73-93-27.

С 18 сентября работает "горячая линия" по лицензированию в сфере социального обслуживания

Крупский ТЦСОН информирует, что с 18 сентября работает телефон "горячей линии" 2-10-30 по вопросам лицензирования в сфере социального обслуживания и организации ухода за нетрудоспособными гражданами.

Please publish modules in offcanvas position.