– Праўду сцвярджае песня, у якой ёсць такія словы: «Лёс, як настой на палыне», – гаварыла Вера Міхайлаўна падчас нашай сустрэчы. – Можна сказаць, што менавіта так атрымалася і ў мяне. Не песціў лёс мяне ўсе пражытыя гады. Нарадзілася я ў Польшчы – у 150 кіламетрах ад Варшавы, і ў 5 кіламетрах ад ракі Буг. Мне было 16 гадоў, як пачалася вайна. Тата працаваў дырэктарам завода, не паспеў эвакуіравацца, і яго хтосьці выдаў. Трапіў у палон. Неяк прыйшоў чалавек з-за Буга і сказаў, што ён вось-вось вернецца дамоў. Але не дачакаліся мы таты. Так і прапаў без вестак.
І надалей гэтай сям’і прыйшлося нялёгка. Маці даводзілася рабіць усё самой, нават дах дома саломай перакрывала. Вера Міхайлаўна расказала, што на кані яна сама ездзіла як хлопец. Пасля Польшчы пабывалі – хаця і нядоўга (пералетавалі) – у калмыцкіх стэпах, адтуль пераехалі на Гродзеншчыну – у Ашмяны.
– Я ўладкавалася на будоўлю ў Мінску, – працягвала Вера Міхайлаўна. – І тут хапіла ўсяго. Капаць, усё іншае рабіць для ўзвядзення дамоў трэба было ўручную... Але ж маладыя былі, што тут і казаць, таму з усім спраўляліся. Пазнаёмілася з хлопцам, пажаніліся. У Мінску нарадзілася мая першая дачка, а другая ўжо ў Ашмянах. Затым пераехалі на малую радзіму мужа – у вёску Карпаўку (тады яшчэ была Асінаўка). І ўжо тут з’явіліся яшчэ трое дзяцей.
Працавала Вера Міхайлаўна на свінаферме. «Бывала, напяку бліноў вось такі стос, а сама з раніцы на ферму, – успамінала яна. – Як дзеці падраслі, заўсёды дапамагалі і лён браць, і сена сушыць, і буракі палоць...» Вялікай была і хатняя гаспадарка, саджалі шмат сотак бульбы, ды і ў агародзе ўсё расло.
Вера Міхайлаўна расказала пра нялёгкі лёс сваёй маці, якая таксама працавала і на будоўлі, і нянькай, і тэхнічкай. Дарэчы, Фядора Лукінічна была адной з першых, хто ўступіў у калгас. Ёй усё было падуладна – і плуг, і барана, і каса...
І ўжо разам мы нагадалі, як уся вёска Карпаўка 17 гадоў таму святкавала стагоддзе Фядоры Лукінічны Васілеўскай.
– Павіншаваць маму тады прыязджалі старшыня райвыканкама, старшыні раённага і Крупскага сельскага Саветаў дэпутатаў, загадчыца аддзела па працы і сацыяльнай абароне, самадзейныя артысты Худавецкага сельскага клуба, – працягвала Вера Міхайлаўна. – Бясспрэчна, што прыйшлі ўсе родныя і блізкія, суседзі. Наша мама, бабуля і прабабуля атрымала тады шмат падарункаў, шчырых і пранікнёных слоў пажаданняў, ёй адрасаваліся шматлікія песні, якія спявалі не толькі артысты, але і яе ўнучкі. Зазначу, што вяскоўцы ніколі не збіраліся так актыўна з добрай нагоды, а з нагоды стагоддзя – тым больш. Таму і святкавалі весела, дружна, з размахам...
Тады і нашай гераіні не было яшчэ і 73-х гадоў. А вось цяпер яна адзначыла сваё 90-годдзе. Гадоў пяць, як Вера Міхайлаўна пераехала жыць у Крупкі да дачкі. У яе 10 унукаў і столькі ж праўнукаў. І ўсе віншавалі бабулю і прабабулю з такой адметнай датай. Не забыліся пра слаўнага юбіляра і валанцёры Крупскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якія прыйшлі на чале з загадчыцай аддзялення дзённага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту Наталляй Навахрост. Веры Міхайлаўне былі ўручаны кветкі і цукеркі, а Надзея Вінскевіч, Антаніна Драніца, Ганна Камовіч, Людміла Багачова, Тамара Папова і Яўгенія Кароль спявалі для яе песні. Акампаніравала ім Ларыса Лучына.
– Мама была вельмі расчуленая такой увагай да яе, – уступіла ў размову дачка Валянціна. – Яна дзякавала валанцёрам за выкананыя імі песні яе маладосці, за шчырыя словы віншаванняў і пажаданняў.
– Быць шмадзетнай маці нялёгка, – пагаджаецца Вера Міхайлаўна. – Але, калі я бачыла, як радуюцца жыццю самыя дарагія для цябе людзі, забывалася аб стомленасці, і ўсе жыццёвыя праблемы адыходзілі на другі план. Сёння я ганаруся тым, што вырасціла такіх добрых і клапатлівых дзяцей.
Так, нягледзячы на нялёгкае жыццё, Вера Міхайлаўна не страціла цеплыні сэрца ні для сваіх родных і блізкіх, ні для людзей, ні для сябе.