Народжаная ў гады калектывізацыі, раённая газета «Камуністычны шлях» была дзецішчам свайго часу. Яна друкавалася толькі на 2-х старонках. Архіў захаваў для гісторыі першы нумар, які адкрываецца зваротам «Да ўсіх рабселькораў, сценкораў, юнкораў і працоўных мас раёна».
Газета – гэта люстэрка часу. Чытаем загалоўкі: «Зламаць апартуністычныя настроі, дабіцца поўнага выкананьня фінпляну, «Штурмаваць прарывы на фінансавым фронце», «Агонь па апартуністах і абломах», «Усе сілы на ліквідацыю прарыва на фінансавым пляне» і гэтак далей.
Згодна звестак ветэранаў, якія працавалі ў газеце, даваенны тыраж яе складаў 1000 экзэмпляраў.
З 1931 года стала выходзіць раённая газета “Камуністычны шлях”, рэдактарам быў прызначаны А. Мароз. Першы нумар газеты, які выйшаў 30 верасня 1931 г., адлюстроўваў рэаліі таго часу: у ім змешчаны рэпартажы аб накіраванні моладзі раёна на будоўлі першай пяцігодкі, заметкі аб ходзе калектывізацыі ў раёне. Значымай падзеяй, якая знайшла адлюстраванне ў газеце, стала паведамленне аб стварэнні ў Крупках машынна-трактарнай станцыі. У матэрыялах рабселькораў адзначалася аб праблемах з пераходам да ўсеагульнай пачатковай адукацыі, аб павышэнні граматнасці сярод камсамольцаў. У гэты час у газеце дастаткова часта сталі з’яўляцца заметкі, замалёўкі, вершы тады пачынаючага селькора, у будучым вядомага паэта Міхася Калачынскага. У той час рэдакцыя і друкарня размяшчаліся ў адным памяшканні, тут працавалі журналісты, тут жа стаялі тры наборныя касы, вярстальны стол і два друкаваныя станкі: адзін для бланачнай прадукцыі, другі для выпуску газеты. Калі пачалася вайна, частку шрыфту вывезлі на ўсход, частка засталася пад руінамі пасля пападання ў памяшканне рэдакцыі бомбы. Пазней, ужо ў час акупацыі, партызанскія сувязныя змаглі выбраць з зямлі частку шрыфту і пераправіць у партызанскую друкарню. Набор ажыццяўлялі ўручную, проста прыстаўлялі адну літару да другой.
Кароткі час, з 1930 па 1931 гг., у Халопенічах выходзіла яшчэ адна газета “За коллективизацию”.
У гады Вялікай Айчыннай вайны наша раёнка перыядычна выходзіла ў выглядзе лістовак, а ў 1943 годзе, атрымаўшы афіцыйную назву «Партызанскі шлях» падпольна распаўсюджвалася на тэрыторыі раёна.
Пасля вызвалення Крупшчыны ад акупацыі, у 1944 годзе, раённая газета пачала называцца «Голас калгасніка». Гэтая назва як нельга поўна адпавядала таму часу.
У 1960 годзе газета змяніла сваю назву, і зноў жа, у кантэксце сучаснасці, стала «Зарой камунізму”, а з сакавіка 1963 года 38 гадоў ішла «Ленінскім курсам».
[yt_blockquote yt_title="" align="left" width="100" color="#001eff" border="#ccc" ] Ва ўсе гады існавання газета імкнулася вырашаць пытанні, якія ставіла само жыццё. [/yt_blockquote]
Многія крупчане і зараз добра помняць драўляны будынак на беразе ракі Бобр, па адрасу: вуліца Леніна, 1. Гэта і была рэдакцыя. А насупраць, праз дарогу, такі ж драўляны будынак – гэта друкарня. Вось так, у адной сям’і, у адзіным калектыве, зладжана супрацоўнічалі журналісты і друкары.
Калі творчы працэс стварэння газетных матэрыялаў і зараз у многім ідзе па класічных узорах журналісцкай практыкі, то тэхнічнае выкананне пераўтварылася карэнным чынам. Менавіта таму хочацца захаваць для гісторыі тое, як набіралася, вярсталася, друкавалася газета даўней.
Спачатку і доўгія часы тэкст набіраўся ўручную. Шрыфт браўся з наборнай касы, а потым – літара да літары – складаліся словы, затым сказы і гэтак далей. Сапраўды, цяжкая і напружаная праца.
Наступны этап – лінатып, машына, на якой ужо механізавана ажыццяўляўся набор тэксту і адліваліся радкі. А гэта і ёсць тыя самыя радкі. Памятаеце, як у паэта – радок газетны, нібы куля, льецца са свінца… Матрыца і клін – спецыяльныя формы, якія прымяняліся ў паліграфіі. Клішэ, бабашкі і марзаны, рэглеты і шпоны… Гэтымі незразумелымі зараз словамі называліся прылады, якія штодзённа перабіраліся ўвішнымі рукамі наборшчыкаў.
У 1991 годзе рэдакцыя перасялілася ў іншы, больш дабротны будынак, але цэлыя пяць гадоў супрацоўнікі бегалі з карэктарскімі праўкамі, рэдактарскімі чыткамі праз гарадскі парк у друкарню каля рэчкі.
Час ідзе. На змену радкаадліўным наборным і друкаваным машынам прыйшла сучасная камп’ютарная тэхніка. 1996 год. Менавіта ён і стаў своеасаблівым пераломным момантам у выданні раённай газеты.
Больш за 11 000 газетных нумароў… Убачылі свет яны дзякуючы стараннай працы і таленту журналістаў, наборшчыкаў, карэктараў, друкароў. Назваць бы ўсіх пайменна, але даволі доўгі атрымаецца спіс. Сярод іх былі і свае зоркі.
Сапраўды:
Зоркі не толькі гараць над зямлёю,
Зоркі, што ў сэрцах, нам свецяць ярчэй.
Ля вытокаў тады «Камуністычнага шляху» стаяў першы рэдактар Генадзь Сцяпанавіч Казлоў. Пасля вайны творчы калектыў узначальваў франтавік, ардэнаносец Аляксей Захаравіч Літвін. Пэўны час выконываў абавязкі адказнага рэдактара Рыгор Васільевіч Доменікаў. Затым каля десяцігоддзя газету рэдагаваў Леанід Міхайлавіч Мерсон. Чвэрць стагоддзя ўзначальваў калектыў рэдакцыі Дзмітрый Макаравіч Хількевіч – чалавек эрудыраваны, са значным палітычным багажом, з глыбокім душэўным падыходам да людзей. Пры ім газета змяніла назву і ўзяла ленінскі курс.
Менавіта ў гэтай газеце прайшоў усе ступені журналісцкага станаўлення Мікалай Мікалаевіч Навахрост, з іх 10 гадоў – быў яе рэдактарам. Звыш дзесяці гадоў кіруе калектывам яго дачка Марына Мікалаеўна Барадаўка. У свае часы рэдактарамі працавалі Таццяна Віктараўна Талкачова, Віталій Паўлавіч Шунько, Вадзім Мікалаевіч Барадаўка.
Наша раёнка ўзгадавала і блаславіла на нялёгкі творчы шлях такіх вядомых літаратараў, прызнаных майстроў слова, як Міхась Калачынскі, Іван Шуцько, Васіль Зуёнак, Васіль Макарэвіч, Валерый Грышановіч, Міхась Пацёмкін. Іх адметныя стылі аказалі свой уплыў на творчасць мясцовых журналістаў наступных пакаленняў.
Сучасны этап гісторыі выдання звязаны са значнымі пераменамі літаральна ва ўсім.
Газета заўседы знаходзіцца ў кантэксце часу і змяняецца разам з ім. Вось ужо 14 гадоў наша раёнка – «КРУПСКІ ВЕСНІК». Шмат змянілася і ў тэхнічным, і ў творчым плане. Сучасная камп’ютарная тэхніка дазваляе павялічыць аб’ём, разнастаіць прыёмы газетнага дызайну і вёрсткі. Калектыў, у якім сплаў вопыту і маладосці, заўсёды ў пошуку новых творчых ідэй.
Пастаянна ўдасканальваецца работа з фотаматэрыялам. Лічбавыя тэхналогіі даюць неабмежаваныя магчымасці здымак і мантажу, апрацоўкі матэрыялаў і стварэння фотакалажаў. Галоўная перавага – гэта, безумоўна, аператыўнасць.
Сярод найбольш удалых творчых знаходак – журналісцкія аўтарскія праекты, дзе кожны з супрацоўнікаў вызначыў той накірунак, які яскрава раскрывае яго здольнасці і індывідуальны почырк.
Не пакідаем і сваіх традыцый. Вось ужо 60 гадоў пад спартыўныя сцягі збірае лепшых юных лёгкаатлетаў эстафета на пераходны кубак раённай газеты.