krupki.by

ru RU be BE en EN


Сардэчная сустрэча адбылася ў доме 90-гадовай Анастасіі Камаровай

Автор / Земляки / Субота, 25 Студзень 2020 12:22 / Просмотров: 1107

Адразу заўважу, што сёлетні студзень асабіста для мяне выдаўся багатым на сустрэчы са слаўнымі юбілярамі.  З 95-годдзем з дня нараджэння мы віншавалі Аляксандру Антонаўну Сініцыну з Сінічанкі, з 90-годдзем – Віктара Максімавіча Вараб’ёва з Язбоў, з 80-годдзем – Тамару Рыгораўну Лучына з вёскі Вялікае Горадна. І падчас сустрэч з гэтымі людзьмі я сама набіралася ад іх энергіі, бадзёрасці, натхнення.

Анастасія Камарова
Анастасія Камарова

Цёплая і сардэчная сустрэча літаральна тры дні таму адбылася і ў доме 90-гадовай Анастасіі Васіль­еўны Камаровай з Маслёнкі. Напярэдадні мы дамовіліся пад’ехаць у вёску ў 12 гадзін, але атрымалася накладка. Таму па прыездзе не адразу змаглі знайсці патрэбны нам дом. Як потым аказалася, зяць нашай гераіні чакаў нас і толькі-толькі зайшоў у дом. Пачуўшы гул машыны, адразу выйшаў за веснічкі і запрасіў у госці.

Прывабная і ветлівая Анастасія Васільеўна прызналася, што спачатку не надта хацела, каб аб ёй пісалі. Але мы ўбачылі, з якім непадробным інтарэсам яна чытала апошнюю старонку раённай газеты, дзе былі змешчаны ажно тры віншаванні ў яе адрас.

– Як нарадзілася ў Маслёнцы, так і пражыла ў гэтай вёсцы вось ужо 90 гадоў, – гаварыла Анастасія Васільеўна. – Усяго хапіла ў такім доўгім жыцці. Сама я з вялікай сям’і – было 8 дзяцей. Бацька загінуў на вайне, і маці гадавала нас адна. Закончыла я толькі два класы Гапонавіцкай школы і пайшла працаваць у калгас: і жыта жала, і сена сушыла, і лён брала... А вось трэба табе – дачакалася такой адметнай даты! Будзем адзначаць яе ўсёй вялікай сям’ёй, да таго ж, далучацца і мае аднавяскоўкі, былыя калегі па свінаферме – Людміла Конанава, Надзея і Таццяна Камаровы, Надзея Кукіна.

...Мужа і жонку Камаровых добра ведалі ў калгасе імя Леніна. Яны разам працавалі на свінагадоўчай ферме «Маслёнка». І працавалі не проста, каб адбыць дзень да вечара, а рэзультатыўна, дабіваючыся высокіх сярэднясутачных прываг сваіх гадаванцаў. Самаадданая праца, старанне і руплівасць абодвух членаў сям’і Камаровых прыносіла поспех. Неаднаразова яны выхо­дзілі пераможцамі ў спаборніцтве сярод працаўнікоў, атрымлівалі Ганаровыя граматы, падзякі, прэміі. Іх прозвішчы, як і прозвішчы калег, заўсёды змяшчаліся ў ліку перадавікоў у раённай газеце «Ленінскім курсам».

– Гэта цяпер чытаю ў раёнцы аб тым, што ў закрытым акцыянерным таварыстве «Хацюхова», дзе наладжана вытворчасць свіней і парасят, ёсць камбікорм, распрацаваны комплекс раздачы кармоў, усё механізавана. А раней жа такога не было.

– Я памятаю, як тата пе­ршым ішоў на ферму, а мама яшчэ ля печы завіхалася, бліны пякла, – уступіла ў размову дачка Галіна. – Трэба ж было нам паснедаць, косы заплесці і ў школу адправіць. А затым ужо мама бегла на ферму. Дзецьмі дапамагалі і мы. Зімой бульба падмерзлая, перабіраем яе, а рукам холадна-холадна...

Сямёра дзяцей вырасціла Анастасія Васільеўна. І сёння ў яе 16 унукаў, 22 праўнукі, 2 прапраўнукі – радасць і гонар бабулі, памочнікі ў розных справах. У гэтым можна пераканацца, толькі зірнуўшы на падворак і пладовы сад. Абуладкаваныя лазня, альтанка, сталы і лаўкі, побач – мангал і вяндлярня, бо амаль кожны выхадны на шашлыкі з’язджаюцца ўнукі і праўнукі. Улетку ўсё патанае ў шматквецці. Асобная тэма – галубятні. Так-так, адзін з зяцёў Анастасіі Васільеўны захапляецца развядзеннем галубоў розных парод і афарбовак. Да спадобы гэтыя прыгожыя птушачкі і нашай гераіні – яна іх корміць, налівае ваду, назірае, як яны лётаюць.

Наогул, усё сваё жыццё Анастасія Васільеўна, узнагароджаная ордэнам Маці, у клопатах пра дзяцей, пра ферму і хатнюю гаспадарку.

– Нельга нават уявіць, колькі жывёлы і птушкі трымалі мы на сваім падвор’і, – узгадала юбіляр. – Карова была, авечкі, свінні, свінаматкі, куры, гусі... Столькі жыўнасці ў Маслёнцы не было ні ў кога. Значную дапамогу аказвалі дзеці, без іх і не справіліся б. Яны ў мяне ўсе працавітыя, увішныя. Бывала, як пойдзем у лес за ягадамі, дык за намі ніхто не мог угнацца – столькі многа набіралі. А за спіной торбачка з хлебам, салам, яйкамі варанымі, агуркамі свежымі. І ўсім смачна было, а пасля яшчэ і вады з крыніцы пап’ем...

На жаль, у гэтай сям’і надарылася бяда. Гаспадара, калі ён ехаў на кані, збіла машына, і ён у нерухомасці праляжаў 17 гадоў. Можна зразумець і Анастасію Васільеўну, і дзяцей, якія рабілі ўсё магчымае, каб аблегчыць боль роднага чалавека. «Адметна тое, што цесць прасіў не судзіць віноўнага, – заўважыў зяць Пётр. – Такім чалавечным ён быў». Пайшоў з жыцця і сын Яўген.

– Мы не раз’ехаліся надта далёка ад дома, – гаварыла Галіна. – Надзея і Васіль жывуць у Крупках, я і Сярожа – у Гапонавічах, Тамара і Святлана – у Мінску. Кожны выхадны сустракаемся ў роднай хаце. І не толькі нам, дзецям, тут хочацца быць, але і ўсім унукам і праўнукам. Наша мама з нецярплівасцю хоча пабачыць дваіх маленькіх прапраўнукаў. І гэта проста здорава!

Сапраўды, з такім меркаваннем нельга не пага­дзіцца. Галіна правяла нас у пакой, у якім стаіць швейная машына, за якой шчыруе наша 90-гадовая Анастасія Васільеўна і без акуляраў уцягвае нітку ў іголку. У асобным памяшканні – пралка, цэлая каробка з рознакаляровымі клубкамі шарсцяных нітак. Яна і сёння прадзе, вяжа рукавіцы, шкарпэткі, розныя рэчы праўнукам, палавікі, дыванкі на падлогу.

Сямейныя святы – тут непарушная традыцыя. Любіць і ўмее гаспадарыць Анастасія Васільеўна, а ў гэтай справе найлепшыя памочнікі ёй дочкі і зяці, сыны і нявесткі, унукі і праўнукі. Гледзячы на іх, такіх мілых і слаўных, Анастасія Васіль­еўна вяртаецца ў сваё далёкае дзяцінства, маладосць, выразна бачыць вяршыню пражытых гадоў. Чулая, уважлівая, спагадлівая, яна ніколі ні з кім не сварылася, нікога не асуджала, шмат дабра зрабіла людзям, і яно, дабро, вяртаецца цяпер да яе.

Хочацца пажадаць слаўнаму юбіляру галоўнага багацця ў жыцці – здароўя, а таксама надалей жыць шчасцем сваіх родных і блізкіх.

Фота Аляксандра БУДЗЬКО.

Автор

Татьяна Толкачева

Татьяна Толкачева

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.