krupki.by

ru RU be BE en EN


Рыгор Кульгавы прайшоў цяжкі шлях ад радавога да камандзіра ўзвода разведкі

Автор / Земляки / Пятніца, 13 Сакавік 2020 18:47 / Просмотров: 818

Гэтага чалавека з пасівелымі ад часу скронямі і вусамі, злёгку прыкульгваючай паходкай ведаў не толькі амаль кожны жыхар Крупак, але і іншых населеных пунктаў раёна.

Рыгор Кульгавы прайшоў цяжкі шлях ад радавога, разведчыка  185-й стралковай дывізіі да камандзіра ўзвода разведкі
Рыгор Кульгавы прайшоў цяжкі шлях ад радавога, разведчыка 185-й стралковай дывізіі да камандзіра ўзвода разведкі

Калі да гэтага дадаць, што ён вельмі часта выступаў перад вучнямі і моладдзю раёна, то няцяжка будзе здагадацца, што размова ідзе пра Рыгора Цімафеевіча Кульгавага – ветэрана вайны і працы, маёра ў адстаўцы. 

Цікавы суразмоўца, ён асабліва ажыўляўся, калі гутарка захо­дзіла аб Вялікай Айчыннай вайне, актыўным удзельнікам якой ён быў з першага да апошняга дня. Сціплы ў аповяду аб сабе, ён з вялікай цеплынёй у голасе і любоўю расказваў аб сваіх баявых таварышах, многія з якіх аддалі сваё маладое жыццё за Радзіму.

А ўспомніць было аб чым. Яшчэ восенню 1940 года прызванага ў рады Чырвонай Арміі Крупскім райваенкаматам Рыгора Кульгавага накіроўваюць для праходжання ваеннай службы ў Маскву, у Асобую кавалерыйскую брыгаду Наркамата абароны. Нядоўга давялося быць кавалерыстам. У маі 1941 года брыгада была расфарміравана, і новае накіраванне – у горад Ідрыцу ў танкавую брыгаду. Тут яго і напаткала вайна. 27 чэрвеня ў баях пад Дзвінскам полк, у якім служыў Рыгор Цімафеевіч, адбіў 4 атакі праціўніка, а калі боепрыпасы закончыліся – уступіў у рукапашны бой.

– У гэтым баі я ледзьве не загінуў, – успамінаў ветэран. – У час бою не заўважыў немца, які збоку кінуўся на мяне са штыком, але ўдарыць ён не паспеў. Жыццё мне выратаваў наш зямляк з вёскі Ляды Мікалай Макаўка, які нанёс сваім штыком смяротны ўдар ворагу. Мой выратавальнік пазней загінуў у адным з баёў. Але гэты эпізод мне запомніўся назаўсёды.

Восенню 1941 года Рыгор Кульгавы ўдзельнічаў у баях за Маскву. У 185-й стралковай дывізіі ён становіцца палкавым разведчыкам. Разведка на вайне – гэта вочы і вушы камандавання, яго апора. Не раз, рызыкуючы жыццём, разведчыку даводзілася пераходзіць лінію фронту. Але менавіта разведка, звязаная з пастаяннай рызыкай, стала яго дастойнай справай да апошніх дзён вайны. У баях пад Ржэвам, у час разведкі боем, полк Рыгора Кульгавага трапіў у акружэнне. Толькі праз 39 сутак з вялікай цяжкасцю вырваліся з акружэння, у жывых засталася чацвёртая частка палка.

І зноў баі, няспынныя, цяжкія. Каля станцыі Аленіна ў Калінінскай вобласці памочнік камандзіра ўзвода Кульгавы з групай разведчыкаў накіраваўся ў тыл ворага за «языком». Група была заўважана ворагам,  і завязалася перастрэлка. Нечакана быў забіты куляй камандзір узвода. І Рыгор Цімафеевіч узяў каманду на сябе. Захапіўшы двух «языкоў», разведчыкі вярнуліся ў сваю часць. Камандаванне прызначыла Рыгора Кульгавага камандзірам узвода, а неўзабаве яму было прысвоена званне лейтэнанта.

У 1942 годзе ў баях пад Духоўшчынай Смаленскай вобласці Рыгор Цімафеевіч быў паранены ў нагу, але не пакінуў сваю часць. Падлячыўся ў медсанбаце –  і зноў у бой. Надоўга яму запомніліся цяжкія баі ў раёне Вялікіх Лук, Новасакольнікаў.

А вясной 1944 года, калі пачалося бурнае наступленне Чырвонай Арміі на ўсіх напрамках, 185-я дывізія накіроўваецца пад Ковель і Сарны, удзельнічае ў баях пад Варшавай. Менавіта тут Рыгор Цімафеевіч быў паранены ў другі раз – асколкам міны ў галаву. На два месяцы ён быў адарваны ад баявых дзеянняў, нават атрымаў кароткатэрміновы водпуск і прыязджаў дамоў у Новую Крупку, дзе яго чакалі маці і шасцёра малодшых братоў і сясцёр.

Вярнуўшыся ў сваю часць, удзельнічаў у баях за ўзяцце Берліна, але 27 красавіка 1945 года быў паранены трэці раз – у нагу. Адзінаццаць месяцаў адляжаў у шпіталі маёр Кульгавы. Наконт гэтага Рыгор Цімафеевіч час ад часу жартаваў: «Кульгавы стаў кульгавым».

А параненая нага не давала спакою доўгія гады, з-за яе стаў інвалідам ІІ групы. Але задору, энергіі, бадзёрасці духу ў ветэрана было не адняць. Пасля лячэння ў шпіталі Рыгор Цімафеевіч уключыўся ў мірную працу. Некалькі гадоў узначальваў райкам прафсаюза работнікаў асветы, а затым да выхаду на пенсію працаваў ваенруком у Крупскай СШ № 1.

Ні адно ўрачыстае шэсце ў Крупках на працягу многіх дзясяткаў гадоў не абыходзілася без Рыгора Цімафеевіча Кульгавага. «Калона, смірна! Ускласці вянкі да помніка...» – і ўсе міжволі заміралі, чуючы гэты гучны, крыху хрыплаваты голас. І, бадай, ніводзін раённы злёт моладзі, піянераў, турыстаў таксама не абыходзіўся без яго. Усюды Рыгора Цімафеевіча прымалі як жаданага госця.

І зусім памаладзелым здаваўся ветэран, калі апранаў парадны мундзір з пяццю баявымі ордэнамі і шматлікімі медалямі. Два ордэны Айчыннай вайны І ступені, два ордэны Айчыннай вайны ІІ ступені, ордэн Чырвонай Зоркі, медалі «За абарону Масквы», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна»  – такімі ўзнагародамі адзначыла Радзіма баявы шлях маёра Кульгавага.

Наша сустрэча з Рыгорам Цімафеевічам праходзіла ў чэрвені 1989 года. І ветэран напрыканцы зазначыў:

– Не магу спакойна сядзець дома. У красавіку па запрашэнні савета ветэранаў 185-й стралковай дывізіі ездзіў у Белгарад, сустракаўся са сваімі аднапалчанамі, атрымаў новы зарад бадзёрасці і энергіі.

Да месца адзначыць, такія сустрэчы надараліся штогод, і ні адну з іх Рыгор Цімафеевіч не прапусціў.

Ідзе час. Амаль 75 гадоў мы жывём пад мірным небам. І важкі ўклад у справу Перамогі ўнёс Рыгор Цімафеевіч Кульгавы, памяць пра якога будзе жыць.

Фота з архіва раённага музея.

Автор

Татьяна Толкачева

Татьяна Толкачева

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.