Вось яе ўспаміны:
– Маю вучобу ў Барысаўскім педвучылішчы спыніла вайна. Давялося вярнуцца ў Тапарышча.
У лістападзе 1942 года разам з аднавяскоўкай Галінай Барсуковай я ўстанавіла сувязь з партызанскай брыгадай Дубава. Сувязной гэтай брыгады была таксама і Людміла Бераснева з вёскі Калодніца. Потым яе арыштавалі і расстралялі ў Крупскай турме.
6 студзеня 1943 года арыштавалі і нас. Допыты ў Крупскім гестапа працягваліся без перапынкаў па 12 гадзін у суткі. У сакавіку я была этапіравана ў Барысаўскую турму, адтуль – у Мінскую, што на вуліцы Валадарскага. У сярэдзіне мая 1943 года мяне адправілі ў канцлагер Асвенцім – гэтае зямное пекла, дзе я прабыла да снежня 1944 года.
З набліжэннем нашых войск зняволеных з Асвенціма перавялі ў канцлагер Равенсбрук, а адтуль – у Нойштадт, дзе прымусілі працаваць на самалётабудаўнічым заводзе. Мой лагерны нумар быў 79650.
5 мая 1945 года нас вызвалілі амерыканцы. Але я ў гэты час ад знясілення была без памяці. Ачнулася, па словах урачоў, толькі праз 6 тыдняў. Амаль год патрабаваўся, каб я ўстала на ногі. Дадому вярнулася толькі вясной 1946 года.