Да сённяшняга дня памятаю ўражанні ад першай сустрэчы з гэтым цікавым чалавекам, якая адбылася напачатку 80-х гадоў. «Прынцыповы, прыстойны кіраўнік, ніколі не падвядзе», – такую выснову зрабіла я і мае калегі. І не памыліліся.
Гартаючы альбом свайго жыцця, мой суразмоўца нагадвае самае дарагое і блізкае:
– Нарадзіўся я тут, у Абчузе, у сям’і лесніка. З маленства бацькі прывучалі нас, семярых дзяцей, да працы, часта бывалі з бацькам у лесе: грыбы, ягады – наш любімы занятак. Знаходзілі хвілінкі і для адпачынку. Мне вельмі падабалася гуляць у школу, а першымі «вучнямі» былі блізнюкі Пеця і Надзя. Мы разам малявалі, пісалі, а я наглядаў за братам і сястрой і рабіў ім, на мой погляд, слушныя заўвагі. У школе я прыслухоўваўся да кожнага слова настаўнікаў, а ўжо ў 12 год дакладна ведаў, што і сам буду ім.
Дарэчы, да месца нагадаць, што дырэктарам школы на той час быў Аркадзь Іванавіч Бялаўскі, прайшоў час, і яны сталі калегамі.
У 1964 годзе па парадзе знаёмых Ілья Анісімавіч паступіў у Кастрамскі дзяржаўны педагагічны інстытут на хіміка-біялагічны факультэт, затым адслужыў у арміі.
А пасля… Пасля паклікала да сябе малая радзіма.
– Працуючы ў Халопеніцкай школе-інтэрнаце намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, я канчаткова ўпэўніўся, што толькі любоў і павага да дзяцей дазволяць пракласці сцежку да іх сэрцаў, тады і вучыць, і выхоўваць найбольш эфектыўна, – узгадваў мой суразмоўца.
У аддзеле адукацыі заўважылі маладога і таленавітага спецыяліста, і ў 1977 годзе прызначылі дырэктарам Абчугскай сярэдняй школы, гэтай справе ён аддаў 25 год.
Адным з самых важных накірункаў дзейнасці ўсяго педкалектыву дырэктар лічыў прафарыентацыю вучняў, бо менавіта правільны выбар прафесіі значна ўплываў на ўсё іх далейшае жыццё. Таму ў школе заўсёды было шмат гасцей – прадстаўнікоў самых розных прафесій.
Значнае месца адводзілася і патрыятычнаму выхаванню, у школе абсталявалі музей баявой славы, дзе праводзіліся ўрокі мужнасці, сустрэчы са знакамітымі выпускнікамі, ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны.
Ілья Анісімавіч з удзячнасцю ўспамінае сваіх калег і аднадумцаў. Гэта Ірына Ісаакаўна Ганчар, Уладзімір Іванавіч Ганчар, Лідзія Уладзіміраўна Сяліцкая, Леанід Яраслававіч Сяліцкі, Антаніна Іванаўна Пляскач і іншыя. Ён ганарыцца, што ў школе вучылася легендарная Кацярына Карстэн.
– Любому чалавеку лягчэй працаваць, калі дома ён адчувае поўную падтрымку, – адзначае ветэран.
З замілаваннем гаворыць ён пра сваю жонку Аляксандру Паўлаўну, настаўніцу хіміі і біялогіі. Вельмі ганарыцца дзецьмі. Андрэй – кандыдат ваенных навук, Алена – кандыдат хімічных навук, Павел працуе ў навукова-даследчым інстытуце, усе яны жывуць у Санкт-Пецярбурзе.
Шмат заслужаных узнагарод мае Ілья Анісімавіч, але самай галоўнай з іх лічыць любоў, якую вучні і настаўнікі адчувалі да школы.
Днямі гэты цікавы чалавек адзначыў свой юбілей. Упэўнена, што шмат яшчэ цікавых старонак змесціць ён у альбоме свайго жыцця, і будуць яны яркімі, стваральнымі, запамінальнымі.
Валянціна СКВАРКОЎСКАЯ, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі работнікаў адукацыі.
Фота з сямейнага альбома Чайкіных.