Падчас размовы з дзяўчынай мы шмат чаму навучыліся. Ларыса проста, цікава і з адкрытым сэрцам распавяла нам пра вучобу ў школе, пра юнацкія мары.
– Спорт для мяне – не проста занятак у вольны час, захапленне, – говарыла яна. – Сёння гэта мая прафесія, якая вырасла са звычайнай мары. Я змагалася за яе, і толькі таму ўсё атрымалася. Можа падацца, што поспех прыходзіць знянацку. На самой жа справе, хто, як не спартсмены, ведаюць, колькі часу і сіл патрабуецца на тое, каб нават проста цябе заўважылі. Каб цябе бачылі годным сапернікам. А тым больш, каб дасягуць прызнання, заваяваць узнагароды.
Пазней на занятках гуртка мы абмеркавалі нашу сустрэчу і прыйшлі да высновы, што Ларыса Варона – вельмі моцны чалавек. Яна сапраўдны патрыёт сваёй краіны. І нам, падлеткам, вельмі захацелася стаць падобнымі да яе.
А яшчэ ў гуртку мы вучыліся беларускаму маўленню, аратарскаму майстэрству, выпрацоўвалі ўменне трымацца перад аўдыторыяй. Быў падрыхтаваны цыкл тэматычных выступленняў, прысвечаных Дню настаўніка, Дню перамогі, праваслаўным святам. Кіраўнік гуртка Валянціна Іванаўна Скваркоўская выхоўвала ў нас паважлівыя адносіны да сяброў, аднакласнікаў, блізкіх людзей, а таксама да тых, хто падараваў нам мірнае неба. Напрыканцы навучальнага года мы прынялі актыўны ўдзел у рэалізацыі рэспубліканскага праекта «Цветы Великой Победы». Наш ліст да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны быў адзначаны журы конкурсу.
Хутка новы навучальны год. Спадзяемся, што ён падарыць нам шмат новых, запамінальных падзей. І мы абавязкова не раз падзелімся імі з чытачамі раённай газеты.
Ілона ВАРЛАМАВА, стараста гуртка «Дарагія мае землякі» СШ № 3 г. Крупкі.