krupki.by

ru RU be BE en EN


Праз гады мы помнім дарагога чалавека, майго дзядулю – Буйвідовіча Цімафея Сяргеевіча

Автор / Земляки / Чацвер, 21 Красавік 2022 10:51 / Просмотров: 1505

Нарадзіўся ён у 1912 годзе ў вёсцы Версанка Халопеніцкага сельсавета. Ёсць у народзе выраз: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Гэта пра майго дзеда. У Версанцы вырас, тут з маленства пазнаў цяжкую сялянскую працу. Сюды прывёў з суседняй Якімаўкі Сафію – дзяўчыну, якую, як прызнаваўся, пакахаў за доўгую касу. Любіў родную зямельку, на якой і працаваў усё сваё жыццё – быў трактарыстам і гусенічных, і калёсных машын. Не мог дачакацца заканчэння надакучлівай зімы, каб хутчэй выйсці ў поле, бо паспеў засумаваць па свежаўзаранай зямельцы.

А было ў жыцці дзеда яшчэ адно поле, палітае крывёй, з агнём і дымам – баявое. Выпрабаванні суровага франтавога жыцця ў гады Вялікай Айчыннай вайны дзед з годнасцю пераадолеў. Аб гэтым сведчаць шматлікія ўзнагароды – медалі «За адвагу», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За перамогу над Японіяй». На жаль, дзед пайшоў з жыцця, калі мне было два гады – не давялося пачуць ваенныя аповяды з першых вуснаў. Праўда, дзеці кажуць, што дзед не любіў успамінаць тыя цяжкія часы. Толькі гаварыў: «Вайна – гэта страшна. Не дай Бог вам, дзеці, пазнаць такое ліхалецце. Цаніце мірнае жыццё. Гэта самае дарагое». Нам вядома, што ў вайну дзед быў сапёрам 63-й інжынерна-сапёрнай брыгады, у жніўні 1944 года быў паранены. Ваенныя ўспаміны гучалі ў вёсцы толькі сярод мужчын. Як яны казалі, гэта не для дзіцячых вушэй.

Таму збіраць звесткі баявых дзеянняў свайго продка мне прыйшлося па крупінках. На афіцыйным сайце «Подзвіг народа» ў архіўных дакументах я знайшла апісанне подзвігаў дзеда. Ва ўзнагародным лісце да медаля «За адвагу» пазначаны даты подзвігу: 26.02.1945-27.02.1945, 02.03.1945. А далей апісанне:

«1. Находясь в саперном взводе при танковом батальоне с задачей сопровождения танков в ночь на 27 февраля 1945 года разведал брод для танков через ручей, что восточнее фл. Ворвеген – нес службу по пропуску всех танков батальона через разведанную переправу, обеспечивая атаку танков, и этим выбил противника из фл. Ворвеген.

2. 2 марта 45 года эвакуировал застрявший перед мостом фл. Ворвеген танк, и этим способствовал успеху действий батальона, вернув в строй застрявший танк. Работа была в обстановке усиленного обстрела противником со всех видов оружия. Проявил отвагу и бесстрашие».

А вось подзвіг, здзейснены з 11 па 19 ліпеня 1945 года, апісваец­ца так:

«В качестве сапера в составе отделения участвовал в выполнении боевых заданий батальона в период подготовки и прорыва долговременной железобетонной оборонительной полосы японцев в районе Государственной границы. С 11 по 19 июля 1945 года принимал участие в составе отделения по строительству КНП Армии на высоте Пограничная и, несмотря на трудные условия горной местности, перевыполнял дневные нормы на 250-350%. Проявил отвагу и мужество при пропуске боевой техники через болотистую местность в районе высоты Верблюд. Работая без отдыха 3-е суток подряд, лично провел 850 машин и 40 танков».

Чытаючы гэтыя радкі, толькі можна здагадвацца, што давялося перажыць воінам – боль, страх, голад, холад, страты чалавечых жыццяў. Пэўна, і не хацеў дзед пра гэта казаць. А выхваляцца подзвігамі ён не ўмеў, таму і маўчаў. Спярша балелі душэўныя раны. «Былі такія моцныя баі, думаў, што не прыйдзецца вярнуцца дадому. Многа тады нашых палегла», – успамінаў дзед падчас гамонкі з вяскоўцамі-франтавікамі. А пазней, як дзеці дапытваліся пра вайну, пасля непрацяглага маўчання адказваў: «Што гаварыць? Усе тады ваявалі. Вось у Версанцы амаль у кожнай хаце – франтавікі. Што тут дзіўнага? Якія мы героі? Проста абаранялі сваю Радзіму, свае сем’і ад ворага».

Помню, як у дзяцінстве бабуля даставала з шафы хусціначку, завязаную вузельчыкам. Акуратна развязвала, паказвала нам працоўныя і ваенныя ўзнагароды і з гонарам казала: «Дзедавы!» Адно слова – а які глыбокі і пранікнёны сэнс! У гэтым слове – цэлае жыццё. Затым маўкліва завязвала і беражліва клала на палічку. У такія хвіліны бабулін позірк быў задуменны і маўклівы. Пэўна, думала і ўспамінала сваё. Ёй, маладой жанчыне, таксама хапіла. Калі дзед быў на вайне, яна чакала яго дома з дзвюма маленькімі дзецьмі. Колькі розных думак лезла ў галаву, калі не прыходзілі лісты з фронту! Толькі ў канцы 1945 года з палёгкай уздыхнула: «Вярнуўся!»

Чым далей адыходзяць у гісторыю падзеі Вялікай Айчыннай вайны, тым глыбей разумееш іх значнасць, вялікі ўнёсак у Перамогу родных людзей. І ганарышся гэтым.

Некалькі разоў у год мы, дзеці, унукі, праўнукі, прыязджаем у Версанку на мясцовыя могілкі – прыбраць магілы продкаў, ушанаваць іх памяць. А вось свята 9 Мая – для нас асаблівы дзень. Як заўсёды, ускладзём кветкі, хвілінку памаўчым, падзякуем роднаму чалавеку. За тое, што ваяваў, што вярнуўся жывым дадому, што пазней нарадзілася мая мама, што зараз жывём мы. А разам з намі наш бясцэнны скарб – памяць пра гераічнае мінулае, што перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Іна ГАРА. Фота з сямейнага альбома.

Автор

admin

admin

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.