Жаданне працаваць, пераймаць найлепшы вопыт, вучыць і вучыцца – стаць прафесіяналам у галіне педагогікі было вельмі моцным. І Валянціна Іванаўна здзейсніла мару: сёння яна ўжо сама шчыры і вопытны дарадца для маладых настаўнікаў.
– Я нарадзілася ў Бярэзінскім раёне. У сям’і, дзе выхоўваліся чацвёра дзяцей, – дзеліцца мая суразмоўца. – Бацькі былі людзі простыя, але вельмі мудрыя. Бацька заўсёды казаў, што любіць жыццё – гэта важна, і крочыць па ім наперад трэба ўпэўнена. Таму і ў прафесіі з самага пачатку педагагічным крэда абрала: што ні дзень – крок наперад. І толькі ўявіце зараз, колькі я накрочыла за пяць дзесяцігоддзяў у прафесіі. Вобразна кажучы, 18 262 крокі… шлях немалы.
Валянціна Скваркоўская падкрэслівае, што бацькоўскі наказ заўсёды дапамагаў ёй у жыцці. Школу дзяўчына закончыла з медалём. І далей па жыцці імкнулася быць выдатніцай. І ў грамадскай дзейнасці заўсёды была і застаецца сярод лідэраў. Ужо ў першым класе яе абралі камандзірам акцябрацкай зорачкі, затым старшынёй піянерскага атрада, савета дружыны, камсамольскай арганізацыі і г.д. Захоўваецца такі давер і да сённяшняга часу. Адзінаццаты год Валянціна Іванаўна старшыня раённага аб’яднання ветэранаў-педагогаў.
Але вернемся ў гады юнацтва. Настаўнікі выказвалі ўпэўненасць, што юная Валянціна стане журналістам. Памыліліся – выпускніца школы абрала іншы шлях. У 10-м класе яе захапіла майстэрства выкладання і любоў да педагагічнай справы настаўніцы беларускай мовы і літаратуры. Соф’я Фёдараўна натхніла адразу дзвюх сябровак-аднакласніц на паступленне на філалагічны факультэт БДУ. Расказвае:
– Пяць гадоў навучання ва ўніверсітэце далі мне вельмі многа. За час навучання яшчэ больш моцна палюбіла мову і будучую прафесію. А як інакш? Дысцыпліны на курсе выкладалі вядомыя пісьменнікі – Ніл Гілевіч, Алесь Адамовіч, Алег Лойка, Іван Навуменка. А навучацца ў класікаў – гэта асаблівая асалода, вопыт і база. Студэнцкае жыццё было насычаным – вучоба, грамадская работа, захапленні. Ніколі не забуду сябе ў ролі Паўлінкі падчас заняткаў у драматычным гуртку… І ведаеце, як вопытны педагог заўважу, што дзеці і моладзь павінны мець выбар цікавых і карысных заняткаў. Усё гэта каласальна ўплывае на развіццё асобы.
Валянціна Скваркоўская прыгадала, што і ў юнацтве, і пазней ёй вельмі шчасціла на людзей, з якімі яна ішла поруч па жыцці і ў прафесіі. Разам з мужам (замуж пайшла на 5 курсе) яна прыехала на Крупшчыну ў 1972 годзе. Тут нарадзілася дачушка Святлана. Было няпроста ладзіць быт і засвойваць асновы, назапашваць вопыт настаўніцкай прафесіі, але яна атрымала дастаткова моцную падтрымку з боку адміністрацыі навучальнай установы. У Крупскай пасялковай школе ў той час дырэктарам працаваў Панцеляймон Барысавіч Барысаў, яго намеснікам – Ганна Мікалаеўна Лапунова.
– Гэта былі вельмі разумныя і таленавітыя людзі, здольныя бачыць у тых, хто побач, дабрыню і розум, – гаворыць прафесіянал-юбіляр.– І падкрэслю, мне і пазней імпанавалі менавіта такія асобы – інтэлегентныя, шчырыя, без кроплі зайдрасці. І я імкнулася ва ўсім быць на іх падобнай. Спадзяюся, у мяне гэта атрымалася.
У хуткім часе Валянціне Іванаўне прапанавалі пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. Праз тры гады – запрасілі ў аддзел адукацыі метадыстам, дзе даручылі весці выхаваўчую работу і некаторыя прадметы. І зноў – праца поруч з прафесіяналамі, добрымі людзьмі… З дырэктарамі школ Дзянісавым, Ярмоленка, Белаус, Зайцавым і многімі іншымі, у каго Валянціна Скваркоўская вучылася, як працаваць з кадрамі. Ды і прозвішчы прадстаўнікоў калектыву, у якім давялося працаваць 16 гадоў, гавораць за сябе: Іотчанка, Караленя, Волчак, Глінская, Кулевіч, Бялькова, Мароз, Карань, Кушнер, Калініна. Працаваць было камфортна.
Вось толькі школа праз пэўны час сама паклікала Валянціну Іванаўну да сябе. Так сталася, што менавіта Валянціна Скваркоўская курыравала новабудоўлю гарадской сярэдняй школы № 3 і адчула, што яе месца там – сярод дзяцей і моладзі. Напісала заяву на перавод у якасці намесніка дырэктара – і ў выніку 20 гадоў на гэтай пасадзе яднала калектыў. Адначасова выкладала беларускую мову і літаратуру ў 10-11 класах.
Пра той час Валянціна Іванаўна расказвае так:
– Разам з дырэктарам школы Эдуардам Міхайлавічам Казловым і пры актыўным удзеле ўсяго педагагічнага калектыву мы не толькі вялі адукацыйны працэс, але і супрацоўнічалі з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі – Віцебскай акадэміяй ветэрынарнай медыцыны, Мінскім дзяржаўным медуніверсітэтам, Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам, Ваеннай акадэміяй Рэспублікі Беларусь. Значны ўклад у арганізацыю профільнага навучання ўнеслі зараз ужо ветэраны педагагічнай працы Надзея Іванаўна Барысенка, Галіна Францаўна Галіна, Таццяна Раманаўна Жукава, Валянціна Уладзіміраўна Дзірко, Аксана Яраславаўна Яромкіна, Лілія Станіславаўна Шуцько, Галіна Аляксандраўна Сакавец, Таццяна Пятроўна Рылькова, Ірына Германаўна Каладзінская і многія іншыя. У нас быў вельмі моцны калектыў. Працаваць з людзьмі я любіла і люблю.
І па дасягненні пенсійнага ўзросту Валянціна Іванаўна працягвае працаваць. Пэўны час вяла аб’яднанне па інтарэсах «Дарагія мае землякі». Сёння наша суразмоўца з ахвотай расказвае пра выпускнікоў школ, якія паступілі на педагагічныя спецыяльнасці пасля наведвання яе факультатыўных заняткаў «Уводзіны ў педагагічную прафесію».
Яна падкрэслівае, што школа была і застаецца асновай яе жыццёвага шляху, насычанага яркімі і багатымі ўражаннямі. За адданасць працоўнай дзейнасці Валянціна Скваркоўская ўзнагароджана знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь», граматай Міністэрства адукацыі. Імя Валянціны Скваркоўскай значыцца ў кнізе-летапісе «Памяць. Яны праславілі Крупшчыну». Педагог-актывіст была дэлегатам Усебеларускага сходу.
І сёння Валянціна Іванаўна працягвае кіпець работай. Разам з прафсаюзам галіны адукацыі раённая арганізацыя педагогаў-ветэранаў, дзейнасцю якой яна кіруе, ладзіць мноства цікавых мерапрыемстваў.
Гонарам Валянціны Скваркоўскай з’яўляецца сям’я. Заўсёды надзейнай апорай быў муж Анатоль… Дачка Святлана працягвае традыцыі маці, працуе настаўнікам гісторыі ў СШ № 3. Вельмі клапатлівыя – зяць і ўнукі Хрысціна, Ульяна і Аляксей. Усе разам яны не даюць сумаваць гэтай цудоўнай жанчыне, з’яўляюцца яе падтрымкай, стымулам да дзейнасці. І менавіта сёння ў іх ёсць дадатковая нагода сабрацца разам у хаце маці і бабулі, каб павіншаваць яе з яшчэ адной важнай датай – днём нараджэння.
Шчасця Вам, Валянціна Іванаўна, ад чытачоў газеты. Няўрымслівасці і заставацца заўжды шчырым і добразычлівым чалавекам, прыкладам актыўнага ладу жыцця і прафесійнага даўгалецця.