krupki.by

ru RU be BE en EN


Прысвячаецца 100-годдзю нашага славутага земляка Міхася Калачынскага

Автор / Земляки / Серада, 01 Люты 2017 12:53 / Просмотров: 9973

З трапяткім пачуццём трымаю ў руках гэтую кніжку. «За палямі, за лясамі» – зборнік для дзяцей вядомага беларускага паэта Міхася Калачынскага. На тытульным лісце рукою аўтара напісана: «Маёй юнай чытачцы Марынцы і яе цудоўным бацькам. Шчыра ад аўтара». Гэта значыць, мне! Вось такі цудоўны падарунак я атрымала… праз два тыдні ад свайго нараджэння. І ўжо чатыры з паловай дзесяцігоддзі ён беражліва захоўваецца ў нашай сямейнай бібліятэцы.

Мой бацька, Мікалай Навахрост, быў асабіста знаёмы з Міхасём Калачынскім, у свой час пісаў пра яго артыкулы ў раённую газету. Тады паэт быў досыць частым госцем на сваёй радзіме, у Крупках. І кожны візіт – літаратурная вечарына. Увогуле, многія з настальгіяй успамінаюць тыя гады, калі ў нашым паўсядзённым жыцці было значна больш літаратуры, мы лёгка цытавалі вершы, ведалі літаратараў, якіх таксама было істотна больш. Тыя гады, калі паэт мог пакінуць дароўны надпіс на сваёй кнізе дзяўчынцы, якой два тыдні ад роду, і ні на хвілінку не сумнявацца, што яна абавязкова будзе яе чытаць.

Гэтымі днямі мы адзначаем 100-годдзе з дня нараджэння нашага земляка, вядомага беларускага паэта і дзеяча культуры Міхася Калачынскага. Гэта цудоўная нагода ўспомніць вельмі цікавага і таленавітага чалавека, які пакінуў заўважны след у беларускай літаратуры. 

Часам проста дзіву даешся, колькі ўсяго выпадае на чалавечы лёс. Асабіста мяне заўсёды захаплялі людзі, якія здолелі прайсці праз войны, нястачу, нялёгкія выпрабаванні і не ачарсцвець душой, не разгубіць свой талент. Менавіта так было і з Міхасём Калачынскім. Яму, равесніку Кастрычніка, давялося зведаць усё гэта спаўна. Нарадзіўся Міхась Іванавіч 12 студзеня 1917 года ў Крупках у сялянскай сям’і. Бацька яго да пачатку першай сусветнай вайны нейкі час настаўнічаў. Потым, калі школу закрылі, пайшоў служыць на пошту. Маці кухарыла ў багацея. Калі Міхасю ішоў другі год, цяжкае гора звалілася на сям’ю – бацька памёр ад тыфу. А неўзабаве сям’я страціла і дах над галавой. Адступаючы, немцы падпалілі Крупкі, агонь знішчыў шмат пабудоў, у тым ліку і хату Калачынскіх.  

У сваёй аўтабіяграфіі Міхась Калачынскі піша: «Маці засталася «босай на вогнішчы» – у сям’і – ні страхі над галавой, ні чэрствай скарынкі. Хаця-нехаця звярнулася яна да роднага бацькі свайго… Нораву ён быў тыпова сялянскага. Родзічы не гарнуліся да яго. Але бяда – не цётка. Прымусіла. Так апынуліся мы, пагарэльцы, на новым пасяленні, на горкім дзедаўскім хлебе. Вёска Селішча, дзе мы жылі (потым яе рассялілі па розных мясцінах) стаяла пры балоце».

Там ён скончыў пачатковую школу, і прайшоў яшчэ адну – школу жыцця. Потым у сваіх вершах паэт вельмі вобразна намалюе, як быў падпаскам, і якім смачным здаваўся чэрствы хлеб, здабыты сваёй працай. Тут жа, у Селішчы, нарадзіўся і першы верш. Было гэта, калі Міхась вучыўся ў 3 класе і ў вершаванай гумарыстычнай форме «прарабіў» аднаго курца – суседскага хлопца. Паэт успамінаў, як той хлопец скасавурыўся і пагражаў нос «накляпаць». Але гэта не адбіла ў яго ахвоту да вершаскладання. Свае паэтычныя спробы ён працягваў і падчас вучобы ў Крупках. Найбольш удалыя на думку хлопца вершы ён дасылаў у Мінск, у часопіс «Іскры Ільіча», тут яны ў 1932 годзе ўпершыню ўбачылі свет.  

У 1934 годзе Міхась Калачынскі скончыў Крупскую сярэднюю школу і пачаў працаваць у мястэчку Бобр старшым піянерважатым. А потым пэўны час быў літработнікам у крупскай раённай газеце «Камуністычны шлях». Вось якіх людзей узгадавала наша раёнка!

Затым Міхась Іванавіч скончыў курсы пры Камуністычным інстытуце журналістыкі імя С. М. Кірава ў Мінску, год быў адказным сакратаром рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». Гэта быў цудоўны час у прафесійным пісьменніцкім асяроддзі. А што значылі сустрэчы з Янкам Купалам і Якубам Коласам! «Знаёмства з пісьменнікамі, – успамінаў Міхась Іванавіч, – многа дало мне. Самае важнае – іншай меркай паэзію пачаў мераць, з большай патрабавальнасцю да сябе. Старэйшыя паэты скідак не рабілі, промахаў не даравалі…». 

У гэты час выйшлі з друку паэмы для дзяцей «Косця-чэкіст» і «Пакет». Героямі іх былі юныя летуценнікі, рамантыкі-патрыёты, гатовыя самааддана абараняць родную зямлю ад ворагаў.

Хутка і самому Міхасю Калачынскаму давялося стаць у рады абаронцаў. Восенню 1938 года ён быў прызваны ў Савецкую Армію. «Дарога мне, салдату, выпала доўгая і цяжкая, – успамінаў паэт. – Служба ў салдатах пад Масквой пачалася. Праз год у карэльскіх лясах апынуўся, на Фінскім фронце; адваяваўшыся, – за снежным хрыбтом Каўказа. Тут Вялікая Айчынная вайна застала». Дарэчы, адвага маладога воіна яшчэ ў баях з белафінамі адзначана баявым медалём, які ўручыў яму сам Міхаіл Калінін. У 1940 годзе яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР.

З самага пачатку Вялікай Айчыннай Міхась Калачынскі – на фронце. Ён – баец і армейскі журналіст. Каўказ, Кубань, Украіна, Малдавія, Балгарыя, Румынія, Югаславія, Венгрыя, Чэхаславакія, Аўстрыя – такая ваенная геаграфія паэта. Бачанае і перажытае на фронце ён пераклаў у шматлікія вершаваныя творы, лепшыя з якіх увайшлі ў зборнікі «Сонца ў блакіце», «У вялікім паходзе». Дарэчы, першы зборнік ваеннай лірыкі «На Выбаргскай дарозе» Міхась Калачынскі прысвяціў падзеям на фінскай вайне. Але гранкі кнігі згарэлі ад фашысцкіх бомбаў у чэрвені 1941-га ў Мінску.

Ваенная лірыка паэта адлюстроўвае гераізм савецкіх салдат, іх непахісную волю і веру ў перамогу, інтэрнацыяналізм воінаў-вызваліцеляў. А ў пасляваенных зборніках – гімн мірнай, стваральнай працы.

Міхась Калачынскі здолеў стаць сапраўдным прафесійным літаратарам. Пасля вайны ён працаваў спецкарэспандэнтам акруговай ваеннай газеты «Защитник Родины» ў Адэсе, затым літаратурным сакратаром газеты Беларускай ваеннай акругі «Во славу Родины». Затым прызначаны галоўным рэдактарам альманаха «Советская Отчизна». З 1954 – адказны сакратар, а з 1958 – намеснік старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. 18 гадоў быў галоўным рэдактарам часопіса «Беларусь». А ў 1971 годзе ў складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

У бібліяграфіі паэта – некалькі дзясяткаў зборнікаў. Разам з тым, ён перакладаў творы рускіх, украінскіх, літоўскіх, балгарскіх і мангольскіх паэтаў. 

Пра тое, з якой адданасцю Міхась Калачынскі працаваў на ратнай і на творчай ніве, гавораць яго ўзнагароды. А гэта ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, два ордэны Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны II ступені, «Знак Пашаны» і шэраг медалёў.

У шматлікім паэтычным летапісу Міхася Калачынскага асаблівае месца займае Крупшчына – зямля, якая дала яму жыццё і паэтычны голас. Сыноўняя ўлюбёнасць у родны край, яго шчырых і працавітых людзей праходзіць праз многія вершы паэта. Ёсць яны і ў зборніку для дзяцей «За палямі, за лясамі», які паэт некалі падарыў і мне. Дарэчы, да сваіх юных чытачоў ён адносіўся з асаблівым пачуццём, хацеў, каб яны выраслі сапраўднымі патрыётамі і горача любілі сваю зямлю. Гэта бачна ў яго зборніках «Насустрач жыццю», «На лясным паўстанку», «Прыгоды Патапкі», «Лясныя казкі».

Але зноў звярнуся да свайго падарунка. У гэтай кнізе паэт нібы вядзе юных чытачоў па дарогах, пройдзеных ім самім, і хоча сказаць: «Глядзіце, што робіцца за палямі, за лясамі!»

У гэтым зборніку мяне закрануў верш, які называецца «Музыка». Пад вечар у хату, дзе жыў маленькі Міхась, пастукаліся двое падарожнікаў. Маці дазволіла ім пераначаваць. Адзін з іх, малады хлопец, пачаў іграць на скрыпцы:

Марозны той вечар прайшоў, нібы сон,

Але я запомніў пра гэта:

Быў побач са мною 

Музыка Сымон,

Пасланнік натхнёны паэта.

Паэтавы думы і мары прынёс

Ён к нам, у сялянскую хату.

І струнамі скрыпкі ў пякучы мароз

Душы маёй струны пакратаў.

Вось так некалі ў сялянскай хаце пачаў свой росквіт талент, далёка ўславіўшы нашу Крупшчыну. Векавы юбілей паэта – добрая нагода, каб успомніць ці пазнаёміцца з яго творчасцю, пачытаць вершы і павучыцца яго адносінам да сваёй Радзімы. А таксама прыслухацца да свайго сэрца, можа і там ёсць струны, якія адгукнуцца на натхненне і ўласнымі вершаванымі радкамі?!

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.