krupki.by

ru RU be BE en EN


Партрэты на фоне эпохі

Автор / Паралелі часу / Серада, 13 Лістапад 2019 11:15 / Просмотров: 1734

Макар Іванавіч Філіповіч (другі злева ў другім радзе).«Узяў на сябе абавязацельствы на выдатна вывучыць матэрыяльную частку зброі і свайго танка, з якім я ў патрэбны момант буду граміць ворага на яго тэрыторыі». Так абяцаў сваім выбаршчыкам-крупчанам у канцы далёкіх 30-ых дэпутат Вярхоўнага Савета БССР Мікалай Бялевіч, не думаўшы, што літаральна праз год-два яму сапраўды прыйдзецца ваяваць на франтах Вялікай Айчыннай. Цікавыя людзі жылі тымі часамі. Красамоўныя партрэты адметных асоб на фоне эпохі – у нататках кандыдата гістарычных навук Дзмітрыя Хромчанкі. Праз іх мы бачым супярэчнасці і асаблівасці таго часу.

– Гісторыю, як вядома, робяць людзі. Гэтак жа і гісторыя Крупскага раёна, якому нядаўна споўнілася ўжо 94 гады, складваецца з жыццяў, спраў людзей, якія тым ці іншым чынам былі звязаны з малой радзімай, зрабілі свой унёсак у яе развіццё. Працягваючы цікавую размову, распачатую ў апошніх нумарах раённай газеты, хачу падзяліцца з чытачамі звесткамі аб асобных людзях той эпохі. Іх жыццё з’яўляецца пэўным адлюстраваннем таго часу, як са станоўчымі зрухамі, так і з негатыўнымі момантамі. Мае сённяшнія героі – розныя па ўзросце, сацыяльным статусе людзі. Гэта просты калгаснік – конюх Макар Іванавіч Філіповіч, кіраўнік сярэдняга звяна – аграном калгаса Мікалай Іванавіч Бялевіч, вядомы палітычны дзеяч – народны камісар земляробства Дзмітрый Філімонавіч Прышчэпаў. Аб’ядноўвае іх тое, што яны, выхадцы з Крупшчыны, стаялі, вобразна кажучы, ля вытокаў, жылі і працавалі ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя. А яшчэ тое, што кожны з іх быў неардынарнай асобай. Філіповіч, напрыклад, за сваю працу быў узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР, быў удзельнікам усебеларускага злёту перадавікоў вытворчасці – стаханаўцаў. Бялевіч выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Прышчэпаў пэўны час быў старшынёй Сенненскага, затым Аршанскага павятовых выканкамаў,  намеснікам старшыні Віцебскага губернскага выканкама, народным камісарам земляробства БССР.

Мікалай Іванавіч БялевічТрыццатыя годы мінулага стагоддзя былі вельмі складаным часам, калі адбывалася ломка векавых асноў на сяле, вёўся пошук новых вытворчых і сацыяльных адносін,  разгортваўся працэс калектывізацыі, нярэдка прымусовай, адначасова так званае «раскулачванне», рэпрэсіі. Па рознаму ўспрымалі гэтыя з’явы людзі. Філіповіч як працаваў раней старанна на пана Семянтоўскага, так і працягваў старанна працаваць у калгасе. Моладзь, да якой адносіўся і Бялевіч, з энтузіязмам уключылася ў пабудову «новага жыцця», адчувала нават нейкую рамантыку. Чаго вартыя, у прыватнасці, добра нам вядомыя назвы, дадзеныя населенным пунктам, напрыклад «Новае жыццё», «Пралетарская перамога» і г.д. Для Прышчэпава гэта быў час ваганняў і пошукаў…

Макару Іванавічу Філіповічу давялося не проста ўдзельнічаць, але і  выступіць з прамовай на першым усебеларускім з’ездзе калгаснікаў-ударнікаў. Што мог сказаць чалавек, за плячыма якога ўжо было больш за 60 гадоў? Магчыма, ён быў і непісьменным, таму чытаць «з паперы» не мог. Макар Іванавіч проста расказваў пра сябе, пра справы ў калгасе.

– Да ўступлення ў калгас я быў батраком, 15 гадоў пастухом, 9 гадоў на вайсковай службе…Зараз я знаходжуся ў калгасе, выпрацаваў 335 працадзён. Летам працую паляводам, а зімой гляджу за коньмі.

Далей Макар Іванавіч павёў размову пра становішча ў калгасе. Усё, здавалася, было добра, але яго прыпыніў старшыня цэнтральнага выканкама БССР А. Чарвякоў з пытаннем, як улічваюцца ў калгасе працадні?

 На гэта Філіповіч шчыра прызнаўся:

– Дрэнна. У мінулым годзе ў мяне прапала 164 працадні…

У гэтым прызнанні выявіліся тыя хібы, якіх было нямала ў першыя гады ўтварэння калгасаў: адсутнасць дакладнага ўліку, слабасць матэрыяльнай базы і г.д. Гэтыя і іншыя недахопы прыводзілі да распаду многіх калгасаў. Але гэта выказванне таксама яскрава адлюстроўвае і самога прамоўцу: просты беларускі селянін, працавіты, як зараз сказалі б талерантны…

Што ж тычыцца заробкаў у той час у калгасах, то, трэба адзначыць, што, напрыклад, той жа Макар Іванавіч Філіповіч, узнагароджаны Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета БССР, у сваёй прамове на першым усебеларускім з’ездзе адзначыў, што за год атрымаў каля тоны зерня, 3 тоны бульбы, а за грошы змог купіць самавар, крэсла і люстру. І гэта ён вызначыў як дасягненне, адзначыўшы ў той час, што сям’я складаецца з 9 чалавек, а сам ён спіць толькі па 4 гадзіны, астатні час працуе. У цэлым жа, калі ўлічыць заробкі ўсіх членаў сям’і, то за год імі атрымана каля 2 тон зерня, 7 тон бульбы, а таксама грошы.

Мікалай Іванавіч Бялевіч адносіцца ўжо да другога, маладога пакалення. Таксама, бясспрэчна, чалавек працавіты. Яго прамая заслуга ў тым, што калгас «Першае мая», дзе ён пасля заканчэння тэхнікума быў аграномам, стаў адной з перадавых гаспадарак у раёне. Але працаваў Мікалай, відавочна, не толькі і не столькі за грошы, хаця і гэта мела сваю ролю, а каб хутчэй самасцвердзіцца, паказаць, чаго ён варты як малады спецыяліст. І гэта з поспехам даказаў – жыхары раёна вылучылі яго кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР.

Мікалай Іванавіч пачаў працаваць у раёне ў 1934 г., а ўжо праз чатыры гады, у 1938-м, стаў народным выбраннікам ад жыхароў у вышэйшы орган улады рэспублікі. Ужо пасля выбараў падчас гутаркі з карэспандэнтам газеты «Чырвоная змена» А. Ляўковым Мікалай так сказаў пра сябе і сваю працу:

– Цікава зрабіць добра там, дзе цяжка. Гэта цікава.

Але нядоўга прапрацаваў Мікалай у раёне. Хутка яго прызвалі на тэрміновую службу ў рады Чырвонай Арміі. Але і там ён не губляў сувязі са сваімі выбаршчыкамі. У адным з лістоў да жыхароў раёна, які, дарэчы, быў апублікованы ў газеце «Звязда», ён пісаў, што ўзяў на сябе абавязацельствы «на выдатна вывучыць матэрыяльную частку зброі і свайго танка, з якім я ў патрэбны момант буду граміць ворага на яго тэрыторыі». Ён тады не думаў, што літаральна праз год-два яму сапраўды прыйдзецца ваяваць на франтах Вялікай Айчыннай вайны, дзе і згубіліся яго сляды.

Дзмітрый Філімонавіч ПРЫШЧЭПАЎЗ імем ураджэнца хутара Малінаўка, што ля вёскі Калодніца Крупскага раёна, у канцы 1920-х гадоў народнага камісара земляробства БССР, Дзмітрыя Філімонавіча Прышчэпава звязана з’ява, якая ўвайшла нават у падручнікі па гісторыі Беларусі, пад назвай «Прышчэпаўшчына» як сінонім «правага ўхілу», насаджэння хутароў.

1920-1930-я гады былі часам пошуку найбольш аптымальных форм гаспадарання на вёсцы, пачынаючы ад асабістага карыстання зямлёй і заканчваючы аб’яднаннем у калектыўныя гаспадаркі. Прышчэпава абвінавацілі ў тым, што ён «насаджаў у рэспубліцы хутарскія, адрубныя гаспадаркі, якія мелі кулацкі характар», а больш за тое, што ён быццам бы ўваходзіў у «Саюз вызвалення Беларусі», ставячы мэтай адрыў БССР ад савецкіх рэспублік. На самой справе Прышчэпаў лічыў больш мэтазгоднымі не хутары, а невялікіе пасёлкі. «Живя в поселке, можно ввести многопольный севооборот, …иметь школу, организовать кооператив, одним словом, тут налицо все удобства к тому, чтобы тем лучше поставить в деревне хозяйство. – пісаў Дзмітрый Філімонавіч. – Постепенно наши деревни и села начинают организовываться в разные кооперативные товарищества… Хутор обычно принято называть диким двором и это правильно. Правда, при нем земля находится в одном месте, но хутора оторваны один от другого на далекое расстояние и представляют какие-то волчьи дворы».

На мой погляд, сапраўднай прычынай арышту Прышчэпава і наступных рэпрэсій у адносін да яго было тое, што ён у якасці камандзіра Смаленскага палка, які знаходзіўся ў Сянно, удзельнічаў у леваэсэраўскім паўстанні супраць савецкай улады. Як адзначалася ў пастанове прэзідыума і парткалегіі ЦК КП(б)Б, «раследаваннем ЦКК устаноўлена, што ён… у Сянно прымаў актыўны удзел у кіраўніцтве паўстаннем леваэсэраў супраць савецкай улады, быў камандзірам атрада, пасля разгрому Чырвонай Арміяй хаваўся і нават быў арыштаваны».  Праўда, пасля ён займаў адказныя пасады ў кіраўніцтве рэспублікі, будучы камісарам земляробства, членам ЦК КП(б)Б. Тым не менш, у 1929 г. ён быў выключаны з партыі, асуджаны на 10 гадоў турэмнага заключэння, а ў 1939 г. ваенным трыбуналам прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Прышчэпаў памёр у 1940 г. у турэмнай лячэбніцы, а праз 48 гадоў, у 1988 г. пасмяротна рэабілітаваны.

Розныя лю-дзі. Розныя лёсы. Жылі яны, як ужо адзначалася, у складаны час. Па рознаму ўспрынялі новыя сацыяльныя і палітычныя адносіны: адны, як, напрыклад, Бялевіч, адразу пачалі аддаваць усе свае сілы, веды будаўніцтву «новага жыцця», другія, як Прышчэпаў, вагаліся, пераходзілі з аднаго лагера ў другі, і ў выніку трапілі пад рэпрэсіі. Такія ўжо былі складаныя абставіны ля вытокаў утварэння як беларускай дзяржаўнасці, так і асобных тэрытарыяльных адзінак – раёнаў.

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.