krupki.by

ru RU be BE en EN


Людзі тады жылі дружна, паважалі адзін аднаго, з шанаваннем ставіліся да суседзяў

Автор / Паралелі часу / Чацвер, 10 Кастрычнік 2019 11:11 / Просмотров: 1724

Будынак былой сінагогі ў Крупках У мінулым выпуску нашага праекта мы распачалі размову з найцікавейшым чалавекам – Васілём Станіслававічам Бярловічам з Бабра. Тое, што ён расказаў пра Крупкі другой паловы 30-х гадоў мінулага стагоддзя, выклікала вялікую цікавасць у нашых чытачоў, яны тэлефанавалі і выказвалі ўдзячнасць за такую эксклюзіўную інфармацыю. «Я сам вельмі цікаўлюся гісторыяй, а з гэтых успамінаў даведаўся шмат чаго новага, і ў маім уяўленні запоўніліся асобныя гістарычныя старонкі, якія дагэтуль былі белымі. Мы сям’ёй чыталі, супастаўлялі, дзе тады знаходзіліся вуліцы, аб’екты, і што там цяпер. Сапраўды, паралелі часу», – так зазначыў адзін з нашых чытачоў. І з гэтым могуць пагадзіцца многія. Ітак, працягваем перагортваць новыя, невядомыя старонкі гісторыі Крупшчыны. Слова – Васілю Станіслававічу Бярловічу.

– На ўскрайку Крупак за бальнічным пасёлкам быў смалакурны пункт – пяціметровая круглая вежа, куды загружаліся смольныя сасновыя карчы, тыдзень там млелі ў агні без дастатковай колькасці паветра, утвараўся драўнінны вугаль, які выкарыстоўвалі ў кавальскай справе. Там жа гналі і дзёгаць, для чаго выкарыстоўвалі спелую бярозу. На падыходзе да пункта заўсёды адчуваўся пах сасновай смалы і дзёгцю.

Дзятва часцяком наведвала гэтае месца, надта цікава было басанож пахадзіць ля вежы, дзе зямля была пакрытая слоем мяккай смалы, што ў летні сонечны дзень ледзь-ледзь вытрымлівала вагу малых, што гайсалі па ёй. Каб смала не бралася за ногі, мы прыносілі з сабой жоўты пясок і рассыпалі яго па паверхні. Возчыкі карчоў ахвотна бралі нас з сабой у лес, куды мы прасіліся, каб пакатацца на падводзе. А як вярталіся, то разгрузка транспарту была ўжо за намі.

На левым беразе ракі Бобр, што дзяліла Крупкі на дзве няроўныя часткі, каля могілак у раёне ўрочышча Лебартова з незапамятных часоў знаходзіўся ганчарны цэх, дзе ў залежнасці ад сезона працавалі ад дзесяці да дваццаці чалавек. Прадукцыя была вельмі разнастайная: гарлачы, гаршкі для прыгатавання ежы, вазы і вазоны для кветак, гліняныя свістулькі ў выглядзе пеўнікаў і качак. Абпальванне вырабаў праводзілася таксама тут, а ўвесь брак і бой згружаўся ў адхон і паступова ссоўваўся ў раку Бобр. Гліняныя вырабы прадаваліся ў гаспадарчым магазіне, па нядзелях – на базарнай плошчы, а таксама развозіліся па вёсках.

Крупская машынна-трактарная станцыя, дзе мне пазней давялося працаваць, размяшчалася там, дзе зараз раённая гімназія, і да берага ракі Стражніца, якая ў тым месцы ўпадае ў Бобр. Да вайны там было не больш за дзвух дзясяткаў трактараў марак «ХТЗ», «Універсал-1», «Універсал- 2», «ЧТЗС-60» і «ЧТЗС-65». Тэхніка напачатку была прымітыўная, але паступова, асабліва пасля вайны, прыходзіла ўсё больш магутная і стала незаменнай памочніцай у калгасах.

Што да гандлю, то пераважна гэта былі дробныя магазіны, дзе можна было набыць газы, запалак, хлеба і іншых тавараў, неабходных у побыце. Больш складана было з прамысловымі таварамі. Нас, дзяцей, песцілі абноўкамі толькі да 1 мая і 7 лістапада. Звычайна куплялі танныя касцюмчыкі і жоўтыя чаравікі на гумавай падэшве. Такі абутак мы надзявалі толькі ў святочныя дні, і пасля некалькіх разоў выкарыстання ён ужо прыходзіў у нягоднасць, але радасці ад пакупкі было шмат.

Узгадваю магазін «Тарксіб», добра памятаю, як аднойчы бацька купіў цукеркі і печыва, якіх у іншых магазінах мы ніколі не бачылі. Хлеб быў двух гатункаў і толькі з крупскай пякарні  – чорны, па 3-3,5 кілаграмы за бохан, і калач. З белага былі сайкі па 36 капеек і булачкі па 72 капейкі. Усё, акрамя чорнага хлеба, лічылася далікатэсам і куплялася па святах і іншых знамянальных датах, у тым ліку рэлігійных.

Нягледзячы на забарону рэлігійных святаў, яны адзначаліся жыхарамі ўпотай. Але яўрэйская абшчына не саромелася адкрыта шанаваць свае звычаі і святы. Напярэдадні яўрэйскага Вялікдня ва ўсіх сем’ях выпякалася маца і нашы аднагодкі, хаваючыся ад бацькоў, часцяком частавалі нас ёю, што выяўляла наша сяброўства. Павінен зазначыць, што людзі тады жылі дружна, паважалі адзін аднаго, з шанаваннем ставіліся да суседзяў.

Усё працоўнае насельніцтва тады было занята вытворчасцю. Акрамя кавальскай арцелі ў Крупках былі дзве швейныя, дзве шавецкія і адна рымарская. І ўсе спецыялісты па гэтай справе былі яўрэі. Акрамя рамесніцтва яны пераважалі і ў гандлі. Памятаю, што толькі ў адным магазіне працаваў беларус па прозвішчы Асташка з Новай Крупкі, а загадваў магазінам яўрэй Лазарэвіч.

Сябар Свяцкіх Стэфан Ярашэўскі з Чыжом, а далей за Бабром пушча (будынак на заднім плане, дзе размяшчалася ганчарная майстэрня)

На ўсходнім беразе Бабра размяшчалася раённая бальніца, і кожнае аддзяленне знаходзілася ў асобным памяшканні. Бальнічны гарадок займаў 5 гектараў плошчы, а яго радзільнае аддзяленне дало жыццё амаль усім жыхарам даваенных Крупак.

У цэнтры пасёлка стаяла высокая пажарная каланча, каля яе было пабудавана пажарнае дэпо, дзе размяшчаліся ўкормленыя коні для транспартыроўкі пажарных разлікаў, бочак з вадой і помпаў «Даўтон». Але гэта фарміраванне не было дзейсным. Калі надараўся пажар, то застаялыя коні не слухаліся ездавых, іх утаймоўвалі, а калі, нарэшце, рушылі, то амаль заўсёды высвятлялася, што няма вады ў бочках, а манжэты помпаў перасохлі. Пакуль з гэтым змагаліся і прыязджалі на месца пажару, то звычайна было ўжо позна.

У пажарнай запрэжцы было 8 коней. Асобных памятаю па мянушках: Каштан, Клён, Дубок, Рабіна, Чаромха… Усё гэта запомнілася так яўна таму, што як толькі зазвініць пажарны колакал, то ўсе падлеткі беглі да часці і з цікавасцю назіралі, як ездавыя ўтаймоўваюць коней. Амаль увесь склад часці быў сфарміраваны з яўрэяў-пенсіянераў, што ў выхадныя і ў святы летам і вясной збіраліся ў парку ля клуба, ігралі вальсы, полькі, кракавяк, а напачатку і ў канцы гуляння выконвалі «Інтэрнацыянал».

Святочны натоўп запаланяў увесь парк, засаджаны каштанамі і клёнамі, усе гулялі па алеях. Нам, дзятве, бацькі часам давалі 20-30 капеек на марожанае ці бутэльку морсу. Далікатэсам лічыліся «падушачкі» – цукеркі, пасыпаныя цукрам і з начыннем з павідла непаўторнага смаку. Печыва і пернікі па 8-10 штук на кілаграм былі верхам дзіцячай мары.

Парк размяшчаўся вакол былой царквы, дзе быў абсталяваны клуб. Там паказваліся фільмы, ставіліся спектаклі і праходзілі іншыя культурныя мерапрыемствы. Каля клуба была сядзіба святара, яе аддалі пад школу, а сад і гарод былі аб’ектамі набегаў малых «рабаўнікоў».

Новая школа была пабудавана за 4 гады да вайны і была гонарам Крупак, але ўсё роўна не забяспечвала месца для ўсіх навучэнцаў. Таму яна працавала ў дзве змены і, акрамя таго, дадаткова выкарыстоўвала былую сінагогу па вуліцы Інтэрнацыянальнай і царкоўна-прыходскую школу па вуліцы Новай Савецкай. У школу пехатой ішлі вучні з усіх навакольных вёсак. Асобныя сяляне ўладкоўвалі дзяцей на кватэры і ў канцы тыдня забіралі дадому на выхадныя.

У новай школе быў кабінет ваеннай справы, дзе пірамідамі стаялі вінтоўкі ўзору 1891/1930 гадоў, а на стапелі быў устаноўлены кулямёт «Максім». Паглядзець на гэта праз вакно мы часцяком прыходзілі нават падчас летніх канукул. Аб’ектам павышанай увагі быў і біялагічны кабінет з рознымі муляжамі і макетамі. Кажуць, што падчас вайны яго разрабавалі.

У парку на асноўнай алеі быў устаноўлены помнік Сталіну, а насупраць радзільнага аддзялення бальніцы, на развілцы дарог, стаяў помнік Леніну. Першы ўзарвалі немцы, як толькі занялі Крупкі, а другі стаяў да 1944 года, а затым яго дэманціравалі.

У цэнтры мястэчка была сталовая, а недалёка ад яе размяшчаўся піцейны дом «Талмудная»,  дзе гандляваў стары яўрэй Міркін. Назва пайшла ад таго, што віно, што прывозілі з Талачына, у народзе называлі талмудам. Па вечарах тут было шумна, мужыкі высвятлялі адносіны, жонкі разнімалі іх і разводзілі па хатах. Увогуле ж Крупкі жылі ціха, вялікіх прыгод не здаралася.

Па вуліцы Савецкай размяшчаўся НКВД, а праз дарогу знаходзілася турма. Былі такія размовы, што па начах у турэмным двары разгружаюць дошкі – чуліся нібы гукі падаючых адна на адну дошак. А ўжо пасля вайны, калі пачалі капаць катлаван на месцы згарэўшай турмы, знайшлі чалавечыя косці, якія сабралі ў тры вялікія скрыні і пахавалі на могілках.

Наша сям’я жыла да 1935 года па вуліцы Новая Савецкая, драўляная хата стаяла ў самым пачатку вуліцы (у першыя гады вайны яна згарэла, тады агонь знішчыў некалькі хат па вуліцы Леніна і Новай Савецкай). Як распавядала мая бабуля, маці бацькі, самы вялікі пажар быў у Крупках у 1920 годзе, тады ад мястэчка засталіся толькі адзінкавыя будынкі на ўскрайку. Затым бацька пабудаваў хату на вуліцы Сялянскай (зараз Марцынкевіча), дзе яна стаіць і па сёння.

На выгібу ракі Бобр, крыху ніжэй па цячэнні за млыном, рака рабіла круты зігзаг, зрабіўшы луку, дзе пасяліліся некалькі сямей – Шмігельскія, Вінаградавы, Камоцкія. Асобна, бліжэй да самой ракі, стаяла хата маёй бабулі, дзе яна жыла са сваім сынам, маім дзядзькам Казікам з сям’ёй. Зімы на той час былі вельмі марозныя і снежныя, таму паводкі на рацэ паўтараліся штогод і былі такімі, што вада затоплівала гэты хутарок, і некалькі дзён хаты былі пад вадой вышэй за вокны. Перад паводкамі людзі пакідалі жытло, і разам са сваім няхітрым скарбам і жыўнасцю перабывалі стыхію ў суседзяў, што жылі вышэй. Як толькі вялікая вада сыходзіла, распачыналіся аднаўленчыя работы. Пабудовы прыводзіліся ў парадак: перакладвалася печ, вывозіліся тоны глею і гразі, часам нават там пасяляліся ментузы, знайшоўшы сабе ціхі куточак. Так паўтаралася штогод, але людзі не адважваліся кінуць абжытыя месцы і зноў вярталіся на свае падворкі...

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Актуально

28 ноября состоится заседание комиссии по содействию занятости населения

В четверг, 28 ноября, в административном здании Крупского районного исполнительного комитета по адресу: г. Крупки, ул. Советская, д. 8, с 15.00 до 16.00 состоится заседание постоянно действующей комиссии по координации работы по содействию занятости населения.

30 ноября "прямую линию" проведет председатель Крупского райисполкома

В субботу, 30 ноября, с 9.00 до 12.00 прямую телефонную линию проведет председатель Крупского районного исполнительного комитета КОЗЕЛ Анатолий Станиславович. Телефон 2-77-47.

28 ноября встречу с населением аг. Ухвала председатель райисполкома

Внимание! Встреча с населением председателя Крупского районного исполнительного комитета КОЗЕЛА Анатолия Станиславовича, которая должна была пройти сегодня, 26 ноября в аг. Ухвала, переносится на четверг, 28 ноября, и пройдет в 10.00 в аг. Ухвала (административное здание Ухвальского сельисполкома).

27 ноября в д. Великая Слобода встречу с населением проведет заместитель председателя райисполкома

В среду, 27 ноября, в 11.00 в д. Великая Слобода Крупского сельсовета, ул. Лесная, 2 встречу проведет заместитель председателя Крупского районного исполнительного комитета ШАБЛОВСКАЯ Ирина Александровна.

27 ноября в д. Старый Сокол и в д. Новый Сокол встречи с населением проведет председатель районного Совета депутатов

В среду, 27 ноября, в 11.00 в д. Старый Сокол Ухвальского сельсовета, возле дома № 23, в 11.30 в д. Новый Сокол Ухвальского сельсовета, возле дома № 32 встречу проведет председатель Крупского районного Совета депутатов ДОМАРЁНОК Елена Александровна

27 ноября можно получить консультацию врача общей практики на базе УЗ «Крупская ЦРБ»

Крупская ЦРБ информирует о возможности получить консультацию врача общей практики на базе УЗ «Крупская ЦРБ» 27 ноября.
Запись на консультативный прием предварительный, через лечащего врача.

Please publish modules in offcanvas position.