Падчас сустрэчы імяніннік расказаў, што нарадзіўся ў вёсцы Малае Восава Хацюхоўскага сельсавета ў вялікай сям’і – бацькі выхоўвалі сямёра дзяцей, а Пётр быў самым малодшым. Бацька – Сяргей Кузьміч – працаваў брыгадзірам паляводчай брыгады ў калгасе «Праўда», маці – Ганна Астратаўна – рабочай гэтай брыгады. Як і ўсе вяскоўцы, яны трымалі гаспадарку, апрацоўвалі зямлю. Бясспрэчна, што ва ўсіх справах дапамагалі і дзеці. Але ўсе планы і задумы перакрэсліла вайна.
– 22 чэрвеня 1941 года я разам з бацькам і аднавяскоўцамі нарыхтоўваў лесаматэрыял на рамонт дома, – успамінаў Пётр Сяргеевіч. – Маці з суседкай пайшлі ажно за трыццаць кіламетраў у Барысаў прадаваць на рынку сельскагаспадарчую прадукцыю. Як вярнуліся дамоў, даведаліся, што пачалася вайна. Каб не адзін крыху знаёмы хлопец, забралі б у Германію і мяне. Справа ў тым, што ў Хацюхове стаяў нямецкі гарнізон і з усіх вёсак на прымусовыя работы збіралі моладзь. Але той знаёмы і падказаў мне схавацца. Вось так і ўратаваўся.
Наогул, у Пятра Сяргеевіча шмат успамінаў пра вайну. Трынаццацігадовым падлеткам разам з равеснікамі аказваў дапамогу партызанам, насіў ім прадукты харчавання. Нагадаў, як разам з партызанамі пяшком прарабілі вялізны шлях па лясах суседніх раёнаў.
Варта адзначыць, што да вайны хлопец скончыў 5 класаў, а як была вызвалена Беларусь і пачаліся заняткі ў школе, дык адразу пайшоў у 7 клас, а ўжо затым закончыў 11 класаў вячэрняй школы ў Халопенічах.
Са сваёй будучай жонкай Пётр Сяргеевіч пазнаёміўся на вечарынцы ў 1953 годзе. Пазаляцаўся тры тыдні і павёў яе ў Халопеніцкі загс. Прыгажуня Ніла пасля заканчэння Барысаўскай школы медсёстраў па размеркаванні прыехала працаваць медсястрой у Халопеніцкую бальніцу. Маладая сям’я здымала кватэру, затым узялі крэдыт і прыняліся за будаўніцтва свайго дома. У 1955 годзе справілі наваселле.
Слаўны працоўны шлях Пятра Сяргеевіча.
– Юнаком закончыў курсы трактарыстаў і мяне пасадзілі на трактар, – працягваў наш юбіляр. – І разам з напарнікам Васілём Гласоўскім мы занялі першае месца ў раённым спаборніцтве на ворыве глебы. На «ХТЗ» выпрацавалі 1 200 гектараў. А затым, як кажуць, пайшло-паехала: накіравалі мяне на 8-месячныя курсы брыгадзіраў у Смалявічах. Пасля іх заканчэння размеркавалі ў свой раён, прызначылі брыгадзірам у Грыцкавічы, але ў хуткім часе быў пераведзены на такую ж пасаду ў Халопенічы. А калі была арганізавана камсамольская брыгада, кіраваць ёй даручылі мне. У хуткім часе быў накіраваны на вучобу ў Магілёў – у двухгадовую школу механікаў МТС.
Пётр Сяргеевіч працаваў начальнікам меліярацыйнага атрада, які быў адзіным на ўвесь раён, механікам-кантралёрам Халопеніцкай МТС, загадчыкам гаража саўгаса «Халопенічы», галоўным інжынерам эксперыментальнай базы «Эса». А з 1972 па 1982 год узначальваў саўгас «Прызыў».
– І гэтыя 10 гадоў мы дома яго не бачылі, – далучылася да размовы жонка Ніла Фёдараўна. – З раніцы да ночы – у гаспадарцы, думкі толькі пра зямлю, пра хлеб, радаваўся, калі зямля за клопат аб ёй плаціла шчодрым ураджаем, і ў той жа час ведаў, што шчодрасць гэта не бязмежная. Таму і ўкаранялі тады ў «Прызыве» ўсё перадавое, прагрэсіўнае.
Аднак ізноў лёс закінуў дбайнага кіраўніка ў саўгас «Халопенічы» – сагітавалі ўзначаліць будаўніцтва жывёлагадоўчага комплексу «Баркі». Тут і працаваў яго дырэктарам нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак.
Працоўная дзейнасць Пятра Сяргеевіча адзначана Ганаровымі граматамі Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР і Вярхоўнага Савета БССР, медалём «За доблесную працу», знакам «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва 1975 года». Неаднаразова выбіраўся дэпутатам раённага і сельскага Саветаў дэпутатаў, членам РК КПБ.
...Як вядома, увосень прырода падводзіць вынікі года, а чалавек – вынікі пражытага. І наш юбіляр мае поўнае права канстатаваць – столькі гадоў пражыта недарэмна. У сям’і – лад і згода, у лютым адсвяткавалі жалезнае вяселле – 65 гадоў сумеснага жыцця, што сведчыць аб трываласці сямейных вузаў, вырасцілі чацвёра дзяцей – дзве дачкі і два сыны, не нарадуюцца шасцю ўнукам і праўнучцы. Пётр Сяргеевіч і зараз бадзёры і актыўны. На падворку ёсць пасека, і ён з задавальненнем частуе гасцей духмяным мёдам. Дзеці таксама лічаць, што за плячыма ў бацькі хаця і нялёгкае, але сумленнае жыццё, аддадзенае зямлі-карміцельцы.