krupki.by

ru RU be BE en EN


Людзі вялікіх ідэй

Автор / Паралелі часу / Аўторак, 08 Студзень 2019 09:58 / Просмотров: 1794

Сакратар Крупскага РК КПБ Юрый ГАЎРЫЛАЎ, намеснік старшыні Крупскага райвыканкама Тамара РАБКЕВІЧ, рэдактар раённай газеты Мікалай НАВАХРОСТ ля помніка ў в. Бярозка на Ухвальшчыне1 студзеня 2019 года споўнілася 100 гадоў з дня ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. БССР – цэлая эпоха ў гісторыі, яна стала фундаментам сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Мы – пераемнікі тых пакаленняў, што стваралі нашу эканоміку, навуку, культуру. І ўзялі шмат карыснага з тых часоў, адаптавалі да сённяшніх рэалій, паспяхова прымяняем у практыцы. Не так даўно, на святкаванні 100-годдзя камсамола, я сустрэлася з чалавекам, які шмат гадоў аддаў камсамольскай і партыйнай рабоце, сябрам майго бацькі Юрыем Аляксандравічам Гаўрылавым, і рада, што ён згадзіўся стаць суаўтарам майго праекта. Паралелі часу, якія ён правёў з вопыту сваёй дзейнасці, якраз і пацвярджаюць нашу пераемнасць. Галоўная думка – трэба верыць у тое, што робіш, і згуртоўвацца вакол стваральных ідэй і маральных каштоўнасцяў. Ітак, слова – Юрыю Гаўрылаву:

– Час маёй працоўнай дзейнасці ў Крупскім раёне з 1973 па 1992 гады. Два з невялікім гады работы ў школе, год тэрміновай службы ў радах паветрана-дэсантных войск, а ўвесь астатні час – работа ў Крупскім райкаме камсамола і раённым камітэце партыі.

З вышыні пройдзенага часу ўсё больш разумееш, наколькі плённым быў той час для фарміравання светапогляду, выхавання асобасных якасцей. І гэта не дзіўна, бо спецыфіка работы, неабходнасць адпавядаць патрабаванням часу прадугледжвалі пошук неардынарных падыходаў да любой сітуацыі.

У жніўні 1973 года пасля заканчэння Мінскага педінстытута замежных моў (зараз Лінгвістычны ўніверсітэт) я быў накіраваны на работу ў Крупскі раён. З прапанаваных вакансій выбраў варыянт з Хацюхоўскай сярэдняй школай. Я не магу сёння дакладна ўспомніць, што прадвызначыла мой выбар, але магу сказаць, што пра яго я ні разу не пашкадаваў. Дырэктарам школы быў Уладзімір Пятровіч Еўдакімчык. Калектыў падабраўся вельмі дружны і працаздольны. Разам са мной педагагічную дзейнасць у Хацюхова пачыналі яшчэ 5 ці 6 маладых спецыялістаў. Мы вельмі хутка знайшлі агульную мову не толькі паміж сабой, але і з мясцовымі жыхарамі, асабліва з моладдзю. Настаўнікі ездзілі па навакольных вёсках з лекцыямі і гутаркамі, мы стварылі сваю агітбрыгаду, удзельнічалі ў Зорных паходах.

Асаблівай заслугай я лічу тое, што менавіта ў гэты час нам удалося арганізаваць спартыўнае жыццё ў калгасе «Чырвоны Кастрычнік». З ліку настаўнікаў, старшакласнікаў і мясцовай моладзі былі створаны валейбольная, баскетбольная і футбольная каманды, якія паспяхова выступалі на раённых спаборніцтвах. Пра тое, што падмурак быў закладзены трывалы, гаворыць тое, што і па сёння ў складзе каманд выступаюць на тады вучні Хацюхоўскай школы, хаця многія з іх ужо належаць да катэгорыі ветэранаў.

Што датычыцца майго настаўніцтва, то мне пашчасціла займацца цікавай справай – прывіваць і развіваць інтарэс да англійскай мовы ў вучняў Хацюхоўскай і Шчаўроўскай школ. Я быў поўны ідэй і задум. Якраз перад сваім настаўніцтвам, у 1971 годзе, я прайшоў стажыроўку па англійскай мове ў Солфардскім універсітэце ў Англіі. І мне хацелася як мага больш ведаў перадаць сваім вучням. Гэтыя два гады працы ў школе мне даставілі задавальненне.

У гэты ж час я зацікавіўся грамадскай работай, быў сакратаром настаўніцкай камсамольскай арганізацыі з усімі вынікаючымі абавязкамі: узносы, сходы, нарады, семінары актыву, злёты. Фактычна гэта быў мой першы вопыт камсамольскай работы.

Шчыра скажу, што абранне ў кастрычніку 1975 года другім сакратаром райкама камсамола з’явілася для мяне поўнай нечаканасцю. Я і да гэтай пары не ведаю, хто быў ініцыятарам майго вылучэння. Апошнія перад раённай канферэнцыяй размовы ў мяне адбыліся з сакратаром райкама партыі Марыяй Міхайлаўнай Камоска і першым сакратаром райкама камсамола Анатолем Аляксеевічам Аўласенка.

Вось так нечакана мне давялося змяніць лад вясковага настаўніцтва на жыццё ў раённым цэнтры. Мала таго, што ў мяне практычна не было часу асвойвацца на пасадзе, яшчэ давялося спехам вырашаць бытавыя пытанні – да таго часу я паспеў жаніцца і рыхтаваўся стаць бацькам. На шчасце, хутка ўсё ўладкавалася, мы з жонкай здымалі пакой у прыватным доме спачатку па Інтэрнацыянальнай вуліцы, а затым па вуліцы Леніна. З часам жонка стала працаваць загадчыцай дзіцячага садка ў пасёлку Каменка, а я засяродзіўся на сваёй новай рабоце.

І тут хачу самым добрым словам успомніць тых, хто дапамагаў мне ў станаўленні. У той час райкам камсамола ўзначальваў Анатоль Аляксеевіч Аўласенка, сакратаром па школах была Алена Васільеўна Майко, загадчыцай сектара ўліку і фінансаў – Ала Мікалаеўна Левіна. Мы ўсе пытанні вырашалі разам, не дзялілі праблемы на свае і чужыя.

Работа як у райкаме камсамола, так і потым на розных пасадах у райкаме партыі насіла ярка выражаны ідэалагічны характар. У сферу майго кантролю ўваходзілі пытанні масава-палітычнай работы, курыраванне органаў культуры, аховы здароўя, фізічнай культуры, арганізацыя падпіскі на перыядычныя выданні, супрацоўніцтва з рэдакцыяй раённай газеты «Ленінскім курсам» і мясцовым радыёвяшчаннем. Калі напачатку мая дзейнасць ішла ў рэчышчы работы з моладдзю, то, пачынаючы з 1979 года, у сферы ўвагі былі працоўныя калектывы і пярвічныя партыйныя арганізацыі.

З канкрэтных накірункаў першасная ўвага ўдзялялася ідэйна-маральнаму, прававому, героіка-патрыятычнаму, працоўнаму выхаванню.

Час той быў цікавы тым, што хаця яшчэ і спрацоўвалі пэўныя стэрэатыпы ва ўсіх сферах жыцця, але ўжо з’яўляліся парасткі перабудовы грамадства. Больш адкрытай і публічнай станавілася дзейнасць органаў кіравання, больш актыўна ўкаранялася ў кадравую палітыку выбарнасць. Усё гэта не магло не накласці адбітак на дзейнасць камсамольскіх і партыйных структур як на ўзроўні райкамаў, так і на ўзроўні пярвічных арганізацый. Прычым, гэта датычылася як стылю іх работы, які павінен быў стаць больш гнуткім і прыземленым, так і форм работы.

Задача камсамольскіх і партыйных органаў зводзілася да таго, каб дайсці да кожнага члена ВЛКСМ і КПСС, на прыкладзе жыцця камсамольскіх і партыйных арганізацый прадэманстраваць дух згуртаванасці і адзінства сваіх радоў. Праўда, трэба прызнаць, што былі выпадкі, калі справа даходзіла да абсурду. Асабліва гэта тычылася масавых палітычных і ідэалагічных мерапрыемстваў, калі адзінства было даволі надуманым. Але гэта ўсвядомілася пазней, тады ж мы былі ўпэўнены, што ўсе нашы дзеі і рашэнні апраўданыя.

Мне сёння прыемна назіраць, што асобныя формы работы з людзьмі захаваліся і нават атрымалі далейшае развіццё. Гэта адзіныя дні інфармавання па актуальных пытаннях (у наш час адзіныя палітдні), а таксама выезды кіраўнікоў раённага звяна для сустрэч з насельніцтвам па месцы жыхарства або ў працоўныя калектывы (раней інфармацыйна-прапагандысцкія групы райкама КПБ).

У цэлым, трэба сказаць, што ў 80-я гады рабоце з людзьмі ўдзялялася вялікая ўвага. Партыйныя арганізацыі разам з прафсаюзамі арганізоўвалі спаборніцтвы па відах дзейнасці сярод жывёлаводаў, механізатараў. У іх гонар паднімаліся Флагі працоўнай славы ў райцэнтры і на цэнтральных сядзібах гаспадарак, праводзіліся злёты перадавікоў вытворчасці, афармляліся Дошкі гонару. Усё гэта пастаянна асвятлялася на старонках раённай газеты «Ленінскім курсам» і ў перадачах раённага радыёвяшчання. Я і па сёння памятаю, якой павагай у раёне карысталіся лепшыя механізатары Аркадзь Ільіч Шынкароў і Яўген Лявонцьевіч Бараболя з саўгаса «Бобр», Фёдар Аляксандравіч Хадасевіч з калгаса «Бальшавік», Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Іосіфавіч Усошын з саўгаса «Стараселле» і многія іншыя. Гэтыя людзі былі не толькі перадавікамі на вытворчасці, але і сапраўднымі маякамі ў жыцці. На іх прыкладзе выхоўвалася моладзь, а сярод моладзі з’яўляліся ўжо свае перадавікі. Вялікім поспехам карысталіся раённыя спаборніцтвы маладых вытворцаў.

Усе разумелі: для таго, каб патрабаваць добрых вынікаў у рабоце, трэба было стварыць належныя ўмовы працы і побыту работнікаў, асабліва вяскоўцаў. У 80-я асноўны ўпор быў зроблены на стварэнне і паляпшэнне сацыяльных умоў на жывёлагадоўчых комплексах і фермах. Афармляліся чырвоныя куткі, ствараліся пакоі адпачынку, набывалася мэбля, абсталёўваліся душавыя. Усё гэта рэзка адрознівалася ад таго, што было раней. Такі клопат надаваў людзям настрой. На жывёлагадоўчыя аб’екты прыязджалі агітбрыгады і аўталаўкі.

Вядома, не работай адзінай жылі ў тыя гады крупчане. Часта ладзіліся масавыя мерапрыемствы, як традыцыйныя (Дзень Перамогі, Масленіца і г.д.), так і розныя злёты, эстафеты, Зорныя паходы. Мы вельмі даражылі ўвагай, якую нашы землякі ўдзялялі ветэранам вайны і працы. Частымі гасцямі ў калектывах, асабліва ў маладзёжных, былі Рыгор Цімафеевіч Кульгавы, Таццяна Іванаўна Якаўлева, Таццяна Маркіянаўна Лебедзева, Ісаак Абрамавіч Дубман.

Мы заўсёды былі рады сустракаць разнастайныя творчыя калектывы і спартыўныя каманды. Мне і па сённа помніцца надзвычай цёплая сустрэча з вядомым эстрадным спеваком Яраславам Еўдакімавым, таварыскі футбольны матч з ветэранамі мінскага «Дынама».

Усе ўспаміны пра падзеі 70-х–80-х гадоў не могуць змясціцца ў адным артыкуле. Памяць вяртае ўсё новыя і новыя факты. А за кожным з іх – канкрэтныя людзі. Хто па абавязку службы, па закліку сэрца, не лічачыся з асабістым часам актыўна ўдзельнічаў ва ўсіх справах. І хаця мінула ўжо амаль паўстагоддзя, я і зараз хацеў бы самым добрым словам успомніць тых, хто праводзіў у жыццё тыя ідэі, у якія мы верылі. Асобных з іх, на жаль, ужо няма сярод нас. Хачу назваць найбольш вопытных сакратароў партыйных арганізацый, з якімі мне выпаў гонар працаваць. Гэта Яўген РаманавічТышкевіч (калгас імя Калініна), Уладзімір Георгіевіч Лікай (калгас «Перамога»), Леанід Канстанцінавіч Чарнуха (калгас імя Колесавай), Георгій Сцяпанавіч Пласконны (саўгас «Халопенічы»), Леанід Рыгоравіч Голуб (калгас «Бальшавік»), Раіса Сямёнаўна Шыбнёва (калгас «Камунар»), Іван Андрэевіч Чарнышоў (саўгас «Грушаўскі»), Мікалай Трафімавіч Пракаповіч (саўгас «Новая Ніва»), Уладзімір Іванавіч Пляскач (саўгас «Абчуга»), Васіль Сцяпанавіч Казак (эксперыментальная база «Эса») і многія іншыя.

Трэба ўспомніць і людзей, якія былі ідэалагічным актывам. Я вельмі ім ўдзячны. Гэта Якаў Максімавіч і Аляксандра Нікіфараўна Мінковы (СШ № 2), Кацярына Кузьмінічна Ярмоленка (СШ № 1), Вера Андрэеўна Гурская (Бобрская СШ), Рыгор Мікітавіч Касенка (Ухвальская СШ), Міхаіл Адамавіч Баравуля (Стараслабодская СШ), Альбіна Мікалаеўна Журко, Міхаіл Сцяпанавіч Голуб (Ільнозавод), Таццяна Сямёнаўна Каманяк («Туршоўка»), Мікалай Макаравіч Вінцарэвіч, Таццяна Іванаўна Акімава (завод музычных дэталяў), Марыя Фамінічна Францкевіч (лясгас).

А ў завяршэнні хачу сказаць наступнае. Канечне, з пазіцыі дня сённяшняга, напэўна, мы зрабілі б нешта па-іншаму. Некаторыя мерапрыемствы, можа, былі занадта заідэалагізаваныя, нешта рабілася агулам. Асабліва гэта тычылася, да прыкладу, заняткаў у сістэме палітычнай вучобы, рэйдаў-праверак па цэрквах у дні рэлігійных святаў. Ды і тэматыка партыйных сходаў у пярвічных арганізацыях у многіх выпадках не адлюстроўвала актуальнасці моманту. Пра гэта мы гаворым сёння, аналізуючы вопыт пражытых гадоў. Але добрага і правільнага было шмат, і, спадзяюся, маё меркаванне раздзеляць многія – нам не сорамна за свае ўчынкі і свае справы!

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.