krupki.by

ru RU be BE en EN


Мы, беларусы! (Частка 2)

Автор / Паралелі часу / Пятніца, 08 Люты 2019 15:41 / Просмотров: 3005

Міхась Клімковіч і Віталь ВольскіУ мінулым выпуску праекта мы пачалі аповед пра беларускага паэта, драматурга, празаіка і крытыка, аўтара тэксту Дзяржаўнага гімна БССР. Імя Міхася Клімковіча звязана з нашай Крупшчынай, тут ён настаўнічаў, актыўна вёў палітычную дзейнасць. У асобе гэтага чалавека беларуская культура набыла таленавітага мастака, сапраўднага працаўніка літаратуры, як яго называлі калегі. Літаратурныя здольнасці Міхася Мікалаевіча пачалі праяўляцца ў першыя гады савецкай ўлады. Якраз тады ён трапіў у Хацюхова, дзе актыўна распачаў вялікую палітычную і асветніцкую работу сярод людзей, змагаючыся за іх лепшую долю. Адметнай рысай яго творчасці з’яўляецца глыбокая народнасць. Напэўна, менавіта таму ён здолеў укласці так шмат у песню, якой наканавана было стаць Дзяржаўным гімнам.

Калі асноўнымі штрыхамі прайсціся далей па біяграфіі, то трэба сказаць, што Міхась Мікалаевіч пасля кіраўніцтва райкамам у Халопенічах быў на адказнай партыйнай рабоце ў Чарэі і Плешчаніцах, у Слуцку і Магілёве. З 1929 па 1932 год загадваў культаддзелам Цэнтральнага савета прафсаюзаў БССР. Затым усё жыццё гэтага цікавага чалавека было прысвечана літаратуры. З 1932 года ён узначальваў аргкамітэт па стварэнні Саюза пісьменнікаў БССР. А на першым з’ездзе ў 1934 годзе яму аказалі вялікі давер – абралі першым у гісторыі старшынёй гэтага творчага саюза, які ён узначальваў да 1939 года.

Напярэдадні вайны быў на лячэнні ў Літве. З цяжкасцямі прабіраўся ў Беларусь. У 1943 годзе наладзіў сувязь з партызанамі, перайшоў у атрад «За Радзіму». З 1943 года – галоўны рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР. А ў 1947-54 гадах быў літаратурным кансультантам Саюза пісьменнікаў БССР. З часу першага Усесаюзнага з’езду пісьменнікаў быў членам праўлення гэтай арганізацыі. Апошнія гады жыцця ўзначальваў камісію па рабоце з маладымі аўтарамі. Шмат увагі ўдзяляў выхаванню літаратурнай моладзі. Яна заўсёды знаходзіла ў ім уважлівага, патрабавальнага і чулага настаўніка.

Шмат матэрыялаў пра Клімковіча мы знайшлі ў Хацюхоўскай СШ – у музейным пакоі яму адведзена значнае месца. Мы ўзгадвалі ў першай частцы праекта настаўніцу рускай мовы і літаратуры, кіраўніка літаратурна-краязнаўчага гуртка Алену Аляксандраўну Зайцаву, якая правяла вялікую работу па зборы матэрыялу і ўшанаванні памяці знакамітага дзеяча беларускай літаратуры. Асаблівую цікавасць выклікала яе перапіска з жонкай Міхася Клімковіча Марыяй Іосіфаўнай, з якой гурткоўцы пазнаёміліся праз Саюз пісьменнікаў і якая падарыла шмат экспанатаў для музея.

Марыя Іосіфаўна пісала нашай настаўніцы вельмі цёплыя, багатыя, змястоўныя лісты. Цікава, што абавязкова на староначцы са школьнага сшытка, акуратным почыркам і заўсёды простым аловачкам. З гэтых лістоў можна даведацца, якія адносіны былі ў сям’і, як беражліва захоўвала яна памяць пра свайго мужа, як хацела, каб пра яго не забываліся людзі, і рабіла для гэтага ўсё магчымае, як цаніла ўвагу і людскую памяць сама.

Ёсць там крышачку і пра гімн. У адным з лістоў яна пісала: «Спачатку гэта была песня. Н. Сакалоўскі напісаў музыку і песня мела вялікі поспех. Літаральна ўсе раёны Беларусі выконвалі гэтую песню. Пазней і вырашылі зрабіць гэту песню гімнам. Але гэта адбылося ў 1955 годзе. А памёр Клімковіч у лістападзе 1954 года. Так ён, бедны, і не ведаў, што яго песня стала гімнам. Я гэта вельмі балюча перажывала».

І сапраўды, пра тое, што песня «Мы, беларусы» стала Дзяржаўным гімнам, не даведаліся ні паэт Міхась Клімковіч, ні кампазітар Нестар Сакалоўскі.

Увогуле, гэты твор задумваўся аўтарамі як звычайная патрыятычная песня. З’явілася яна ў далёкім 1944 годзе і адразу набыла вялізны поспех. Пра гэта можна знайсці сведчанне ў самых розных крыніцах. Чытаем пра гэта ў лісце жонкі. А заснавальнік народнага хору Іван Цітовіч пісаў так: «За кароткі час песня «Мы, беларусы» набыла шырокую вядомасць у народзе. Яе спявалі любанскія льнаводы, полацкія будаўнікі і палескія меліяратары». Песня палюбілася партызанам. Сведчыцца таксама, што яе адразу падхапілі ўсе харавыя калектывы.

Сапраўды, лёс звёў два таленты, каб у музыцы і паэтычным слове ўвасобіць нацыянальнае самаадчуванне народа. У 1955 годзе песня «Мы, беларусы» ў варыянце тэксту М.Клімковіча і музыкі Н.Сакалоўскага была зацверджана ў якасці Дзяржаўнага гімна Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

Трэба зазначыць, што ў стварэнні Дзяржаўнага гімна БССР удзельнічалі 11 паэтаў і 14 кампазітараў, было разгледжана каля 150 варыянтаў тэкстаў. Твор Міхася Клімковіча і Нестара Сакалоўскага праходзіў тур за турам. Галоўным крытэрыем у ацэнцы будучага гімна была народнасць. Упершыню гімн быў выкананы 24 лютага 1955 года. Як мы ўжо згадвалі, на жаль, аўтары не дажылі да таго часу, калі песня «Мы, беларусы» стала гімнам БССР, які спяваў увесь беларускі народ, у якім працягвалася і працягваецца зараз іх жыццё.

Гімн пражыў з краінай да распаду Савецкага Саюза. У незалежнай Беларусі стары тэкст стаў неактуальным і некалькі гадоў гімн гучаў без слоў. Патрабаваўся нейкі час, каб вызначыўся змест жыцця незалежнай Рэспублікі Беларусь, каб усталяваліся новыя прынцыпы грамадскага жыцця. Калі абмяркоўвалася пытанне пра гімн, камісія прыйшла да высновы, што музыка, напісаная Нестарам Сакалоўскім, лепш за ўсё адлюстроўвае гістарычную пераемнасць беларускага народа, карыстаецца папулярнасцю і павагай некалькіх пакаленняў беларусаў. А паэт Уладзімір Карызна адаптаваў тэкст, які адлюстроўвае новыя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя аспекты развіцця Беларусі, падкрэслівае патрыятызм і працавітасць яе грамадзян і дружбу паміж народамі. Вось што пісаў у сваіх успамінах Уладзімір Карызна: «Працаваць было вельмі няпроста. 16 радкоў гімна, але якіх радкоў. Кожны радок прапанаваў, каб яго прапусціць не проста праз сэрца, праз лёс свой, бацькоў сваіх успомніць, вёску сваю, у часы вайны спаленую, успомніць школу Крупіцкую. Успомніць усё, што было перажыта».

2 ліпеня 2002 года Указам Прэзідэнта нашай краіны быў зацверджаны тэкст і новая музычная рэдакцыя Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. У першай страфе гімна калектыўны суб’ект – беларусы – прадстаўляецца мірнай супольнасцю, адданай радзіме, прыязнай, настойлівай, працавітай і вольнай. Другая страфа адносіцца да мінулага краіны: успамінаюцца выйграныя бітвы за свабоду і мірнае жыццё беларусаў. Апошняя страфа –  гэта імператыў – дружба народаў, якая дае сілу. Гімн заканчваецца апастрофай да пераможнага штандара радасці, які павінен з гонарам узвіцца ў высі. Строфы раздзяляе прыпеў. Гэта зварот да Радзімы, які праслаўляе яе імя, братэрскі саюз народаў і жадае ёй росквіту і вечнай трываласці.

У Палажэнні аб Дзяржаўным гімне Рэспублікі Беларусь гаворыцца, што гімн з’яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту. Ён выконваецца пры ўступленні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на пасаду, пасля прынясення ім прысягі, пры адкрыцці і закрыцці сесіі палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, пры сустрэчах і праводзінах афіцыйных дэлегацый замежных краін, пры правядзенні воінскіх рытуалаў, а таксама пры разнастайных урачыстасцях, прысвечаных дзяржаўным святам, пры ўшаноўванні нашых спартсменаў-пераможцаў. Гімн слухаюць стоячы.

Вось так узвышаная песня пра народ, напісаная Міхасём Клімковічам, стала ўвасабленнем нацыянальнага самаадчування народа.

А зараз зноў звернемся да асобы і творчасці гэтага адметнага чалавека. Свае літаратурныя здольнасці ён паказаў у многіх жанрах. Клімковіч шырока праявіў сябе ў драматургіі. У гісторыі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь ён вядомы як аўтар лібрэта оперы «Кастусь Каліноўскі» і балета «Князь-возера». У 1947 годзе ў эпічным спектаклі «Кастусь Каліноўскі» была ярка ўвасоблена героіка-драматычная лінія оперы. Пастаўлены ў 1949 годзе, балет «Князь-возера» адрозніваўся глыбокай народнасцю музычнага матэрыялу, вялікай эмацыянальнасцю, акцёрскай ансамблевасцю.

Жанравая палітра драматычных твораў Міхася Клімковіча шырокая і разнастайная. Сярод іх таксама – паэмы «Кацярына Жарнасек», «Адплата», гісторыка-рэвалюцыйная драма «Уся ўлада Саветам!», трылогія «Георгій Скарына», аднаактаўкі «На Віленскай дарозе», «Маленькая хмарка» і іншыя. У сваіх творах аўтар імкнуўся паказаць розныя этапы гісторыі беларускага народа, яго гераізм і мужнасць.

Вершы Міхася Мікалаевіча вельмі народныя, патрыятычныя, зразумелыя, многія блізкія да вуснага народнай творчасці. Клімковіч – аўтар баек на актуальныя палітычныя тэмы: «Лісіца і бабёр», «Амерыканскія плакальшчыкі», «Пакрыўджаная свіння» і іншыя. Ён напісаў кнігу апавяданняў «Лясное возера», апрацаваў зборнік «Беларускія народныя казкі». Яго байкі, эпіграмы, сатырычныя вершы, напісаныя ў народным стылі, часта былі на старонках перыядычнага друку.

Клімковіч вельмі клапаціўся пра літаратуру для дзяцей. Узгадваецца, што яшчэ на Першым Усесаюзным з’ездзе савецкiх пiсьменнiкаў у 1934 годзе старшыня Беларускага саюза пiсьменнiкаў Мiхась Клiмковiч у сваiм дакладзе сказаў: «Да недахопаў дзiцячай лiтаратуры трэба аднесцi амаль поўную адсутнасць лiтаратуры для дашкольнiкаў». Так, нашай Беларусi спатрэбiлася перажыць пасля гэтага  яшчэ звыш двух дзясяткаў гадоў, каб у красавiку 1957 года ўрэшце падарыць маленькiм беларусам даўно чаканы, жаданы, вельмi патрэбны часопiс «Вясёлка».

У апошнія гады Міхась Клімковіч працаваў у кабінеце маладога аўтара. Пачынаючыя пісьменнікі і паэты дасылалі яму свае творы, а ён абавязаны быў разабраць і даць адказ. Майстар усяляк падтрымліваў таленавітых аўтараў, як мог, дапамагаў ім выйсці ў людзі.

Памёр пісьменнік і паэт 5 лістапада 1954 года, пахаваны на вайсковых могілках у Мінску.

Памяць пра яго беражліва захоўваецца ў Крупскім раёне, падрабязна вам раскажуць пра знакамітую асобу ў Хацюхоўскай сярэдняй школе. Там вы зможаце і пачытаць тую перапіску, на якую мы не раз спасылаліся падчас свайго аповяду. Вельмі актыўна яна вялася падчас падрыхтоўкі да вечарыны з нагоды 80-годдзя пісьменніка, што адзначалася ў лістападзе 1979 года ў Хацюхова. Марыя Іосіфаўна вельмі зацікаўлена і адказна ставілася да гэтай вечарыны, хадзіла ў Саюз пісьменнікаў, запрашала пісьменнікаў і паэтаў, што ведалі Клімковіча, прасіла іх напісаць свае ўспаміны, прымала ў сябе дома спевакоў і чытальнікаў, там яны праводзілі своеасаблівыя рэпетыцыі. Цікавілася сцэнарыем і нават удзельнічала ў адборы асобных твораў, якія, на яе думку, найлепш прагучалі б з вуснаў і дзяцей, і літаратараў, што прыедуць на імпрэзу. Нельга раўнадушна чытаць гэтыя лісты. Яны надзвычай эмацыянальныя, шчырыя, з добрай доляй гумару, недзе нават з крытыкай, і абавязкова кожны раз са шматлікімі словамі ўдзячнасці і кампліментаў у адрас Алены Аляксандраўны за яе дасведчанасць, розум і нераўнадушныя адносіны да памяці пісьменніка. Асабліва запомнілася, як жонка пісьменніка напісала, што няма такога музея і ніхто так не шануе памяць Клімковіча, як у Хацюхова.

Дарэчы, у 1966 годзе рашэннем Крупскага райкама камсамола піянерскай дружыне Хацюхоўскай школы прысвоена імя Міхася Клімковіча, якая з гонарам носіць яго і па сёння.

Гэтага няўрымслівага і адначасова вельмі ўдумлівага чалавека часта называлі працаўніком літаратуры. І гэта, несумненна, так. Ён заўсёды гаварыў маладым аўтарам, што свае здольнасці трэба адшліфоўваць. У паэме «Адплата» ў вусны героя ён уклаў сваю жыццёвую пазіцыю:

Калі мы працаю сваёй смірэннай

Набудзем каплю мёду для народа,

То і тады на свеце не дармо

Мы пражылі. А ну, за працу!

20 лістапада 2019 года – 120 гадоў з дня нараджэння, а 5 лістапада – 65 гадоў з дня смерці Міхася Клімковіча. Гэтыя даты – добрая нагода яшчэ раз успомніць таленавітага, цікавага, адданага сайму народу чалавека.

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.