krupki.by

ru RU be BE en EN


Сталіца юнацтва майго (Частка 1)

Автор / Паралелі часу / Панядзелак, 11 Люты 2019 11:39 / Просмотров: 1978

Міхась Калачынскі (здымак даваенных гадоў)Імя нашага земляка Міхася Калачынскага добра вядома ў беларускай літаратуры. Неаднаразова расказвалі мы пра яго і на старонках газеты. У чарговы раз, абмяркоўваючы творчыя планы з кандыдатам гістарычных навук Дзмітрыем Хромчанкам, зноў загаварылі пра знакамітага паэта – да спадобы нам яго творчасць. І тады высветлілася, што Дзмітрый Мікалаевіч знайшоў у Маскве, у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы, вершы, што друкаваў Калачынскі ў Крупскай раённай газеце ў перадваенныя гады. Гэта, сапраўды, можна назваць эксклюзівам, бо ўсе газеты, якія знаходзіліся ў рэдакцыі альбо ў бібліятэках Беларусі, былі знішчаны падчас ліхалецця. І вось зараз мы маем унікальную магчымасць адкрыць для сябе маладога Калачынскага, а праз гэта яшчэ раз пагаварыць пра творчасць нашага земляка, класіка беларускай літаратуры. Слова – гісторыку.

– Прырэчча.
Стажарышчаў купкі.
Баркі на гарбах берагоў.
І побач, пад ліпамі, Крупкі –
Сталіца юнацтва майго.

Гэтыя вершаваныя радкі, прасякнутыя вялікай любоўю да малой радзімы, бадай, найбольш вядомыя і любімыя намі, прыхільнікамі паэзіі Міхася Калачынскага. Але трэба зазначыць, што не ўсе яго творы дайшлі да сучаснага чытача. У зборніках, выйшаўшых у розныя гады, ёсць вершы яшчэ маладога паэта, але некаторыя з тых, якія былі надрукаваныя ў Крупскай раённай газеце «Камуністычны шлях» у 1938–1940 гады, да часу лічыліся згубленымі. Толькі нядаўна мне пашчасціла знайсці іх у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы, дзе захоўваюцца газеты, якія дасылаліся з саюзных рэспублік, у тым ліку і даваенныя. Гэтыя вершы, якія ў пасляваенны час публікуюцца ўпершыню, прапануюцца ўвазе чытачоў з захаваннем тагачаснай арфаграфіі. Большасць іх прысвечана малой радзіме, людзям Крупшчыны, бо менавіта адсюль пачалася і яго жыццёвая дарога, і яго дарога ў літаратуру.

Яны розныя па змесце і форме, але ёсць у іх нейкая асаблівая сіла, энергетыка, якая ішла ад маладога сэрца, што прагнула дзеянняў на карысць той справы, у якую верыла. Да вайны Калачынскі быў супрацоўнікам рэдакцыі раённай газеты, часта выязджаў у калгасы, на прамысловыя прадпрыемствы, сустракаўся з людзьмі. Яго ўражанні ад сустрэч і выліваліся ў паэтычныя рэпартажы. Безумоўна, на першым плане былі людзі працы. Партрэт аднаго з іх – у вершы «Брыгадзірша Шура»:

У яе агнявейшыя вочы
І буяны жыццёвы аблік.
У брыгадзіршы кагорты дзявочай
Ураджайнай калгаснай зямлі.
Удалася вясна, як на славу.
Залацістай, зусім не пахмурай.
На калгасных канях, на буланых
Выязджала з брыгадаю Шура.
Рассяваць сартаванае зерне
На ўгнойных, вільготных загонах.
Падганялі і планы, і тэрмін
Не стамляліся самі, і коні.
Зналі цвёрда: ураджаем адорыць
Іх зямля за пачэсную працу.
Хітра шкодзіў заядлівы вораг
За высокую якасць змагацца.
Яго, шкодніка, дружнаю гурмай
З палыном пасціналі агорклым.
І сягодня з брыгадаю Шура
Пераможна прыйшла да ўборкі.
Ад таго – агнявейшыя вочы
Жыццярадасны, буйны аблік
Брыгадзіршы кагорты дзявочай
Ураджайнай калгаснай зямлі.

Гэты верш быў напісаны ў 1938 годзе, калі Калачынскаму споўнілася 22 гады. Адсюль і некаторая наіўнасць, і асобныя недахопы ў вершаскладанні, і юнацкае захапленне пафасам стваральнай працы землякоў, прыгажосцю маладога кіраўніка брыгады. Адбітак часу назіраецца і ў радках, якія прысвечаны «заядліваму ворагу». Менавіта ў 1937-1938 гадах, на якія прыйшоўся пік рэпрэсій супраць так званых «ворагаў народа», з Крупскага раёна былі рэпрэсіраваны і пазней рэабілітаваны 185 чалавек. Безумоўна, малады паэт не ведаў тады, што нямала з тых, хто быў высланы ў Сібір альбо нават расстраляны, былі асуджаны беспадстаўна. Ён шчыра лічыў іх «шкоднікамі» і таму з юнацкім максімалізмам, з абурэннем пісаў аб такіх людзях у сваіх творах.

Свайго роду гімнам стваральнай працы стаў верш Міхася Калачынскага «Фрагменты вясны».

Гаспадарскі укормлены конь
Хрупка хрупае мягкае сена.
А праз шкляныя шыбы пакоя
У хлеў ціснецца золак вясенні.
Віктар, конюх, бярэ павады,
Расчыняе канюшні вароты.
Яго дваццаць гадоў маладых
Выдзяляюцца сціплай работай.
Гладзіць ветлай шырокай рукой
Каню рыжаму лысіну лоба.
І стаіць як укопаны конь,
Адчуваючы конюхаў клопат.
А на пожнях паводкі разліў,
Несціхаючы буславы клёкат.
Пачарнелыя плямы зямлі
Мне гавораць: «Вясна недалёка».
Я ў юнгштурмаўцы – хлопец агонь
Запрагаю бароны крутыя.
І мой конь выгінае дугой
Сваю гладкую рыжую шыю.
Малады на размах брыгадзір,
Хоць па стажу жыцця ён дзядуля
Папярэджвае: «Мішка, глядзі,
Правароніш і рыжы абмулен».
Я прымаю як радасці сцяг
Яго вопытнае ўказанне,
Правяраючы лямец і цяг
На сытым кані закілзаным.
За брыгадай жа вецер-званар
Ціха шэпча ў бярозавых дрэвах:
«Удалася на славу вясна,
Значыць, важныя будуць пасевы».

Як бачым, у гэтым вершы з’ядналіся разам і пачуццё радасці, узнёсласці з нагоды абуджэння прыроды, і адчуванні маладых аратых, што вельмі адпавядаюць вясне, і надзеі на лепшае ў будучым. Разам з тым верш паказвае і глыбокае веданне аўтарам усіх дэталяў вясковай працы. Такія тэрміны, як конь «абмулен», «закілзаны», вупраж мае «лямец», «цяг», маглі ўжываць толькі тыя людзі, якія не па чутках, а непасрэдна ў вёсцы зведалі хлебаробскую долю.

Свайго роду аглядам дваццацігадовага часу, пройдзенага краінай, стаў верш «Прышлі бальшавікі», які Міхась Калачынскі напісаў у 1937 г., напярэдадні юбілею Кастрычніцкай рэвалюцыі. Паэт змог злучыць адну падзею, якая стала асноўнай тэмай твора – выратаванне чалюскінскай экспедыцыі – з агульным аглядам дасягненняў савецкага народа за параўнальна кароткі тэрмін.

Паўночны полюс, слухай!
К табе прышлі бальшавікі
Спыніць мяцежнасць завірухі,
З якой змагаліся вякі.
Ён вабіў розумы гадамі,
Палохаў лютасцю сваёй,
Страшыў пачварнымі ільдамі,
Пустыняй белаю глухой.
У таямнічныя прасторы
Пуціну клаў калісь Сядоў;
Ізмучаны цынгой і горам,
Касцямі лёг сярод ільдоў.
Нямала іх, ахвяр стыхіі,
Ў пуці засечаных пургой,
Чые дарогі ледавыя,
Зацёрты царскаю нагой.
Зважаў, зямлі вяршына!
Цяпер прышлі бальшавікі,
На гордых сталінскіх машынах
Прынеслі помству за вякі.
Прынеслі мужныя героі
У стынь, ў нямыя халады
Тваё заданне баявое
Наш родны, блізкі правадыр.
Прынеслі сцяг, здабыты смела
Ў агнях кастрычніцкай зары,
Які над полюсам над белым
Крамлёўскай зоркаю гарыць.

Радкі аб тым, што бальшавікі прыйшлі «спыніць мяцежнасць завірухі, з якой змагаліся вякі», можна растлумачыць як літаральна, так і як паэтычны вобраз, звязаны з падзеямі Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэта ж, відавочна, можна і аднесці да паўночнага полюсу, які можна вызначыць і як сімвал былой царскай улады, і да вобраза Сядова, які можна лічыць сімвалам рэвалюцыянераў перадкастрычніцкага перыяду, не дажыўшых да перамогі. Уся краіна ў той час была пад уражаннем трагедыі, якая адбылася з навуковай экспедыцыяй пад кіраўніцтвам О.Ю. Шмідта. На ледаколе «Чалюскін» яны прабіваліся да Паўночнага полюса, але судна было раздаўлена льдамі, а людзі доўгі час у сцюжы, цемры знаходзіліся на льду. Яны не проста выжывалі ў складаных умовах, але і працягвалі праводзіць метэаралагічныя даследаванні. За ходам выратавальных работ назірала ўся краіна. Калі ж палярныя лётчыкі ўсё ж змаглі вывезці пацярпелых, гэта стала свайго роду трыумфам. У Мінску нават парк у той час назвалі імем Чалюскінцаў – назва засталася і да нашага часу.

Міхась Калачынскі, 1942 г.Міхася Калачынскага можна аднесці да таго пакалення людзей, якіх вобразна называюць «люстэркам свайго часу». Часу складанага і супярэчлівага.

Паэт упэўнена прайшоў усё сваё жыццё па літаратурнай дарозе. У сваіх творах ён адлюстроўваў як стваральную працу яго сучаснікаў, паэтычныя вобразы роднага краю, так і важнейшыя вехі грамадскага жыцця, падзеі, якія адбыліся як на Радзіме, так і па ўсім свеце.

Асобнае месца ў творчасці Міхася Калачынскага займае тэма Вялікай Айчыннай вайны.

У 1938 годзе ён пайшоў у армію. Час быў неспакойны. Фашысцкая Германія анэксіравала Аўстрыю, практычна без супраціўлення падпарадкавала сабе Чэхаславакію. Японія напала на Кітай і адначасова распачала правакацыйныя дзеянні супраць Савецкага Саюза на далёкаўсходняй мяжы – каля возера Хасан. У Еўропе працягвалася грамадзянская вайна ў Іспаніі. Ваенная дарога Міхася Калачынскага аказалася даўжынёй у 8 гадоў. Спачатку была савецка-фінская вайна 1939-1940 гг. Затым Вялікая Айчынная.

Ваяваў Калачынскі радавым байцом. Тады ж ён атрымаў першую ваенную ўзнагароду – медаль «За адвагу». На той час гэта была даволі рэдкая ўзнагарода. Уручаў яе маладому байцу ў Крамлі сам «усесаюзны стараста» Міхаіл Калінін. Ваенныя падзеі паэт адлюстраваў у паэтычным зборніку «На выбаргскай дарозе». Кніжка была ўжо падрыхтавана да друку, але яе гранкі згарэлі ў полымі пажару, калі палалі будынкі сталіцы ў першыя дні Вялікай Айчыннай. Усю вайну Калачынскі ў ліку абаронцаў Айчыны, прайшоў ваенным карэспандэнтам па франтах Каўказа, Украіны, Малдавіі, удзельнічаў у вызваленні Венгрыі, Чэхаславакіі, Аўстрыі, мае баявыя ўзнагароды. Усё, што бачыў воін-паэт, што перажыў, ён адлюстроўваў у вершах. Яны ўжо пасля вайны былі надрукаваныя ў зборніках «Сонца ў блакіце», «У вялікім паходзе», «Насустрач жыццю». Пазней у аўтабіяграфіі ён напіша: «Рэдакцыю машыны праз вайну везлі. Газетчыкі наперадзе – з пяхотай, з танкамі, кавалерыяй. Маладзейшыя, абстраляныя, хто зведаў, пачым фунт ліха, у першым эшалоне знаходзіліся. І мне там даводзілася быць…»

Плённа працуе Міхась Калачынскі на літаратурнай ніве і пасля вайны. З друку выходзяць адзін за другім зборнікі паэзіі. Пераважае тэма мірнай працы, барацьбы за мір на зямлі, шмат радкоў прысвечана роднай прыродзе, ёсць і вершы аб дасягненнях людзей працы, землякоў.

Міхась Калачынскі, ужо прызнаны аўтарытэт у літаратурных колах і вядомы ў народзе паэт, узначальваў на працягу амаль 20 гадоў часопіс «Беларусь». Дагэтуль ён ужо займеў пэўны вопыт кіраўніцкай працы: у 1953-1954 гг. ён працаваў галоўным рэдактарам літаратурна-мастацкага і грамадска-публіцыстычнага часопіса «Нёман». За адносна кароткі час пад кіраўніцтвам Міхася Іванавіча часопіс «Беларусь» стаў адным з самых вядомых і аўтарытэтных перыядычных выданняў не толькі на прасторах Беларусі, але і ў маштабе ўсяго Савецкага Саюза, нават за яго межамі. Калачынскі вышукваў і ўсяляк падтрымліваў таленавітых аўтараў. Імідж сённяшняга часопіса, які друкуецца на пяці міжнародных мовах, закладваўся менавіта ў гады, калі асноўныя накірункі выпрацоўваліся з удзелам Міхася Калачынскага. Аб аўтарытэце часопіса і ўнёску яго кіраўніка ў беларускую літаратуру сведчаць не толькі дзяржаўныя адзнакі і ўзнагароды, але і той факт, што ў 1971 годзе Калачынскі ў складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXVI сесіі ААН.

Адначасова з кіраўніцкай працай Міхась Калачынскі сам працягваў плённа пісаць. Менавіта ў 1960–1970 гадах, калі ён узначальваў часопіс «Беларусь», выйшлі пяць зборнікаў яго паэзіі.

Міхась Калачынскі ўсё жыццё быў салдатам, асноўнай зброяй якога было, па вобразным выказванні аднаго з паэтаў савецкага часу, «пяро, прыроўненае да штыка». Як салдат, які быў заўсёды на пярэднім краі, Міхась Іванавіч быў узнагароджаны і баявымі, і мірнымі ўзнагародамі. Гэта два ордэны Чырвонай Зоркі, ордэн Айчыннай вайны II ступені, ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, «Знак Пашаны», шматлікія медалі. Гэта заслужаны вынік жыцця Міхаіла Іванавіча Калачынскага і яго прызнанне грамадствам, удзячнасць нашчадкаў.

Фундамент усяго гэтага закладваўся на малой радзіме паэта – на Крупшчыне. Ёй ён бязмежна дарыў сваё паэтычнае слова.

Пра гэта мы раскажам у наступным выпуску праекта.

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.