– Чацвёрты год запар рэспубліканскі прафсаюзны камітэт работнікаў аграпрамысловага комплексу праводзіць акцыю «Наш жывёлавод», – нагадала Валянціна Козел. – Усю ўвагу ў гэты перыяд мы ўдзяляем жывёлаводам, адрасуем ім словы падзякі за працу, уручаем падарункі. І гэтыя ўшанаванні заслужаныя – за добрасумленныя адносіны да выканання сваіх абавязкаў, дасягненне вытворчых паказчыкаў і адданасць выбранай прафесіі.
Не чакалі гасцей увечары 19 студзеня на малочнатаварным комплексе «Худаўцы». Людзі, як заўсёды, працавалі, кожны выконваў свае непасрэдныя абавязкі.
Усе, прыемна здзіўленыя, пачулі шчырыя словы за працу, пад апладысменты быў уручаны падарунак загадчыцы малочнатаварнага комплексу Вользе Чайковай, якая ў сваю чаргу адзначыла стараннасць і ўвішнасць усіх жывёлаводаў, іх адносіны да справы. Госці уручылі салодкі падарунак, каб за цёплай гарбатай жывёлаводы маглі сагрэцца і пагаварыць аб планах на дасягненне яшчэ вышэйшых паказчыкаў.
Варта зазначыць, што нечаканым для жывёлаводаў стаў візіт гасцей і на малочнатаварную ферму «Ротань» гаспадаркі. Зноў жа кожны быў заняты на сваім участку работы. Працэсам кіравала брыгадзір фермы Таццяна Сярэнева, якая не так даўно займае гэту пасаду. А падарунак Валянціна Козел уручыла асемянатару Любові Арэхаўка, якая працуе ў гаспадарцы амаль усё сваё жыццё. Дарэчы, і на гэтай ферме жывёлаводы імкнуцца працаваць адказна, добрасумленна, старанна.
Літаральна такія ж адносіны да сваіх непасрэдных абавязкаў і ў сямейнага падраду таварнай фермы «Майск» па дарошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы Ганны Карповіч, яе дочак Людмілы Лысакоўскай і Алы Карповіч. Тут, дзякуючы вопытным і ўвішным працаўнікам, сярэднясутачныя прывагі даходзяць да аднаго кілаграма. Ганне Аркадзьеўне быў уручаны падарунак, а ўсім членам калектыву – вялікая каробка пячэння для чаявання. За цёплыя словы віншавання і шчырыя пажаданні госці пачулі: «Вялікі дзякуй!»
Яшчэ адным аб’ектам наведвання стала малочнатаварная ферма «Ігрушка». У пакоі адпачынку ў прысутнасці ўсіх жывёлаводаў прайшло ўшанаванне пераможцаў. Свае словы ў адрас працаўнікоў выказалі старшыня райвыканкама Анатоль Козел, яго намеснік Ілья Змачынскі, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Валянціна Козел. Былі адзначаны загадчыца фермы Зоя Куляй, аператары машыннага даення Алена Грабянцова, Мая Хадорчанка, Наталля Камоска. Тут жа калектыву фермы былі ўручаны падарункі: электрычны чайнік, кубкі і прысмакі. «Належныя паказчыкі натхняюць нас на далейшыя працоўныя поспехі, – адзначыла напрыканцы загадчыца фермы Зоя Куляй. – А ўвага кіраўніцтва і прафсаюза раёна ў чарговы раз даказваюць, што ў цэнтры ўвагі – просты працаўнік!»