krupki.by

ru RU be BE en EN

У Крупскім раёне правялі рэйд па сталовых сельскагаспадарчых арганізацый



У Крупскім раёне правялі рэйд па сталовых сельскагаспадарчых арганізацый

Автор / Экономика / Серада, 22 Ліпень 2020 15:39 / Просмотров: 992

Адразу варта заўважыць, што члены рэйдавай брыгады, у якую ўваходзілі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Валянціна Козел і ўрач-гігіеніст Крупскага РЦГіЭ Юлія Вусік, наведаўшы пяць сталовых, асаблівых парушэнняў не выявілі. Наадварот, у адрас повараў гучалі толькі словы падзякі. Літаральна ўсюды ў наяўнасці былі аптэчкі, дэзінфіцыруючыя, чысцячыя і мыючыя сродкі.

Справа налева: Валянціна КОЗЕЛ, Юлія ВУСІК і Ларыса ДЗЯДОВІЧ у кафэ «Слабада»
Справа налева: Валянціна КОЗЕЛ, Юлія ВУСІК і Ларыса ДЗЯДОВІЧ у кафэ «Слабада»

Першай на шляху рэйдавай была сталовая ААТ «Кляновічы», якая размяшчаецца ў гандлёвым цэнтры «Шчодры колас» аграгарадка Замкі. Неаднойчы даводзілася чуць ад знаёмых, што, бываючы паблізу па тых або іншых справах, яны абавязкова заязджаюць у «Шчодры колас». Маўляў, нідзе так смачна і даволі танна не накормяць, як тут.

Гэта пацвердзіла і загадчыца сталовай Вольга Макарэвіч, з якой мы сустрэліся непасрэдна на рабочым месцы:

– Зараз у нас працуюць пяць чалавек – шэф-повар Галіна Пляскевіч, повары Святлана Пархімовіч і Караліна Галаван, пекар Людміла Цемякова і кухонная рабочая Любоў Шарапава. Усе старанныя, увішныя, кожная з адказнасцю адносіцца да даручанай справы. А іх у нашых работніц – зашмат. Яны гатуюць стравы непасрэдна для нарыхтоўшчыкаў кармоў гаспадаркі, па заяўках абеды для сваіх работнікаў забіраюць ААТ «Халопенічы», ДП «Ухвала» і Крупскі льнозавод. А гэта, пага­дзіцеся, нямала. Як вядома, вось-вось пачнецца жніво, і тады работы нашым поварам дабавіцца. Аднак гэта іх не палохае.

Да месца адзначыць, што шэф-повар Галіна Пляскевіч на Крупшчыне ўжо звыш 20-ці гадоў, з іх 17 гадоў працуе ў сталовай ААТ «Кляновічы». І набыты вопыт дапамагае ёй не толькі самой смачна гатаваць стравы, але і ахвотна дзяліцца сваім уменнем з тымі, хто працуе побач.

– Пры распрацоўцы меню абавязкова ўлічваем пажаданні тых, для каго гатуюцца абеды,  – гаварыла Галіна Пятроўна. –  Ды і пагодныя ўмовы знаходзяцца не на апошнім месцы. Пагадзіцеся, у спякоту хочацца пакаштаваць не баршчу або капусты, а, вядома ж, халадніку. Таму ўважліва сочым за прагнозам. Ды і меню разнастайнае і кожны дзень новае. Да таго ж, у нас свая ўласная выпечка, што таксама да спадобы ўсім.

Час ад часу піражкі з рознымі начынкамі прапануе ў гэтыя дні корманарыхтоўшчыкам і повар сталовай аграгарадка Ротань ААТ «МайскаеАгра» Святлана Лыкава. Гэтай справе яна аддала ўжо 9 гадоў, таму, як кажуць, руку набіла. Усе стравы – а на сёння гэта 47 абедаў – гатуе адна. А ўжо затым развозчыца Вольга Рабава дастаўляе іх і ў Ігрушку, і ў Худаўцы, і ў Ротань...

Повар сталовай Ротані Святлана ЛЫКАВА час ад часу выпякае для механізатараў і піражкі
Повар сталовай Ротані Святлана ЛЫКАВА час ад часу выпякае для механізатараў і піражкі

– Ужо з самай раніцы напякла піражкоў, згатавала боршч, насмажыла катлет, вось цяпер даходзіць каша, – гаварыла Святлана Рыгораўна. – Калі прыедзе машына за абедамі, застанецца разліць кампот, пакласці хлеб, паставіць мінеральную ваду. Меню стараюся штодзень рабіць розным. Прыемна чуць словы пахвалы ад тых, хто працуе ў полі.

Для нарыхтоўшчыкаў кармоў ААТ «Старасельскае» ў сталовай гаспадаркі повар Валянціна Сіткевіч гатавала 30 абедаў, якія будуць дастаўлены ў Пярэсіку, дзе вялася закладка сянажнай траншэі. А для тых, хто знахо­дзіцца на нарыхтоўцы зялёнай масы, яе падвозцы і трамбаванні да 21-й гадзіны, пачалі гатаваць і развозіць і падвячоркі. Вопытны повар – стаж работы 17 гадоў – Валянціна Іванаўна так умее згатаваць, што, як кажуць, пальчыкі абліжаш. А раздатчыца Аляксандра Пшонная па прыездзе да ўдзельнікаў нарыхтоўкі кармоў заўсёды аператыўна (бо ведае, што час не церпіць) выстаўляе абеды на раскладны стол, жадае ўсім прыемнага апетыту.

Сталовая СУП «Шчаўры-агра» абсталявана ў адным будынку з дыспетчарскай, што знахо­дзіцца на тэрыторыі механічных майстэрняў, толькі ўваход у яе з боку вуліцы. Само памяшканне ўразіла чысцінёй, акуратнасцю, афармленнем сталоў, на якіх у вазах стаяць жывыя кветкі. Відавочна, што стараецца повар Любоў Сіткевіч, якой звычайна даводзіцца гатаваць пад 60 абедаў. Падчас размовы Любоў Міхайлаўна зазначыла, што поварам працуе даўно, але толькі на перыяд пасяўной, нарыхтоўкі кармоў і ўборкі ўраджаю. Яна прадэманстравала меню на дзень наведвання рэйдавай брыгады і заўважыла, што кожны дзень яно разнастайнае і што працаўнікі аплачваюць толькі 30 працэнтаў ад агульнага кошту. Таму і абыходзіцца абед у 1 рубель, часам у 1 рубель 30 капеек. Астатняе даплочвае гаспадарка. Ды і порцыі для тых, хто заняты на ўборцы траў, павялічаны.

І абеды, і падвячоркі ад повара Валянціны СІТКЕВІЧ са Стараселля ідуць на «ўра»
І абеды, і падвячоркі ад повара Валянціны СІТКЕВІЧ са Стараселля ідуць на «ўра»

Да кафэ «Слабада», што ў ААТ «Крупскі райаграсэрвіс», члены рэйдавай брыгады пад’ехалі якраз тады, калі спецыяльна абсталяваная машына загружалася абедамі. У салоне ўжо стаяў раскладны стол, заносіліся тэрмасы, загружаліся скрынкі з мінеральнай вадой...

– Сёння гатавала абеды на 20 чалавек, што заняты корманарыхтоўкай, – гаварыла шэф-повар Ларыса Дзядовіч. – У меню – капуста з грыбамі, каша грэчневая, бядро курынае смажанае, чай. Кіраўніцтва гаспадаркі імкнецца зрабіць харчаванне больш танным, таму асноўны прадукт – ялавічыну – выкарыстоўваем з мясцовых жывёлагадоўчых ферм.

І тут варта нагадаць, што менавіта вопыт дапамагае Ларысе Анатольеўне і яе памочніцам гатаваць сытна і смачна, складваць кожны дзень розным меню, каб працаўнікі сяла заставаліся задаволенымі. І ім гэта ўдаецца.

 

 

Автор

Татьяна Толкачева

Татьяна Толкачева

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.