– Імкнуся не здаваць заваяваных пазіцый і сёлета, – гаварыў падчас сустрэчы Сяргей. – Штодзень нарыхтоўваю дзесьці пад 400 тон травы, а ў адзін з дзён, напрыклад, накасіў ажно 550 тон. Раніцай перад выездам на поле пацікаўлюся папярэднімі дадзенымі – і наперад! Ведаю, што час не чакае. Улетку дарагая кожная хвіліна.
Да месца сказаць, што Сяргей – спецыяліст універсальны. Яму падуладна любая тэхніка і ён стараецца на выдатна выконваць усе даручаныя работы.
На раніцу аўторка, 9 чэрвеня, у гаспадарцы нарыхтавана 247 тон сена, звыш 4 тысяч тон сенажу, у тым ліку 368 тон упакавана па новай тэхналогіі – у рулоны. На гэтай рабоце задзейнічаны Аляксандр Дзікуноў. Тры сянажныя траншэі запоўнены ўжо ў Майскім і Худаўцах, дзве – у Ротані. Гэтымі днямі кормаўборачная тэхніка накіруецца ў Ігрушку.
Прадугледжаная сістэма заахвочванняў для добрасумленных членаў калектыву на першым укосе траў, безумоўна, садзейнічае натхнёнай працы.Таму з кароткім перапынкам – толькі на абед – і шчыруюць корманарыхтоўшчыкі ААТ «МайскаеАгра».