Работа ж мела адбыцца вялікая: трэба было ўбраць 2 429 гектараў збожжавых і зернебабовых, і зрабіць гэта ў максімальна кароткія тэрміны і без страт. Ад напружанай і зладжанай працы камбайнераў залежала, наколькі шчодрым будзе наш стол. Таму і спорылася работа ў гаспадарцы з самай раніцы і да позняга вечара.
У бягучым годзе, як, дарэчы, і ў папярэднія, толькі-толькі колас дасягнуў поўнай спеласці, хлебаробы выехалі на жніўныя палеткі. Прасачыўшы інфармацыю райсельгасхарчу аб ходзе ўборкі, якая перыядычна змяшчалася на старонках раённай газеты, вывад можна зрабіць адназначны: старасельцы як захапілі лідарства сярод іншых гаспадарак раёна, так і трымалі яго да канца, першымі завяршыўшы жніво.
– Што можа быць дастойней прафесіі хлебароба, калі бачыш рэальныя рэзультаты працы свайго калектыву ў выглядзе душыстага караваю на стале, – пачаў размову дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства Аляксандр Толкач. – Уборка збожжавых прайшла ў нас на адным дыханні. Людзі вытрымалі гэты цяжкі экзамен. Безумоўна, патэнцыял хлебнага поля ў гаспадарцы вышэйшы, але мы задаволены вынікамі. Поспех вызначалі вопыт, майстэрства і прафесіяналізм нашых спецыялістаў, асабліва агранамічнай службы, высокі ўзровень тэхналогій, працавітасць сяльчан. Сярод камбайнераў першынство ўпэўнена трымаў экіпаж камбайна «КЗС-1218» у складзе старшага камбайнера Андрэя Ліпчонка і камбайнера, яго сына Паўла Ліпчонка, які намалаціў за сезон 1 501 тону збожжа. У ліку перадавікоў і старшы камбайнер Аляксей Пыжык – ён намалаціў 1 144 тоны збожжа, а таксама экіпаж братоў Васіля і Андрэя Піскуновых, на рахунку якіх больш чым тысячны намалот. На дастаўцы ўраджаю з палёў вызначыўся Юрый Пыжык, які на аўтамашыне «МАЗ 555» перавёз 2 248 тон збожжа. Дапрацоўваўся ўраджай таксама ў тэрмін. Надвор’е, як вядома, падыходзіла для работы ідэальна. Асабліва пастараліся на дапрацоўцы ўраджаю машыністы збожжасушыльнага комплексу Сяргей Бацюта і Валерый Рашэтнікаў, якія прасушылі 3 411 тон збожжа. Каля сямісот тон хлеба запісаў на свой рахунак і з’явіўся лідарам у раёне сярод маладых камбайнераў наш Сяргей Шарапаў. У гаспадарцы на перыяд уборачнай дзейнічала стымулюючая прэміяльная сістэма аплаты. За перавыкананне нормы налічвалася дадатковая плата. І, падкрэслю яшчэ раз, дзякуючы самаадданай працы камбайнераў збажына была ўбрана ў вызначаны тэрмін.
Аксіёма: любая сельскагаспадарчая вытворчасць пачынаецца з поля. А асноўнай культурай ва ўсе часы было і будзе збожжа. Ёсць хлеб – і ўсё астатняе прыкладзецца.
– Ці варта ўспамінаць аб тым, у якіх пагодлівых умовах расцілі ўраджай, колькі працы і поту ўкладзена, якой цаной дастаўся нам хлеб, – працягваў Аляксандр Пятровіч. – Галоўнае – рэзультат, а ён у такім складаным годзе ў нас неблагі. Сабрана 9 928 тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 40,9 цэнтнераў з гектара. На асобных участках, асабліва засеяных пшаніцай, збіралі больш 50 цэнтнераў з гектара. Масавую ўборку пачалі з яравых культур. Яны звычайна даюць ніжэйшую ўраджайнасць, чым азімыя. Так атрымалася і цяпер. Як толькі пераключыліся на азімыя, паказчык адразу пайшоў уверх. Жніво ў нас даўно перастала быць бітвай за ўраджай. Справа гэта, канечне, адказная, напружаная, але без аўралаў. Кожны з нашых механізатараў і вадзіцеляў – вопытны, правераны не адным жнівом спецыяліст. Усе стараліся і зжаць паболей, і намалаціць, і перавезці ўраджай. І рэзультат відавочны.
Так, у ААТ «Старасельскае» поўнасцю разлічыліся з дзяржзаказам, забяспечылі сябе ў дастатковай колькасці фуражным зернем. Настрой пасля ўдалага правядзення жніва хаця і быў прыўзняты, але ў той жа час і рабочы. Тут ужо адразу задумаліся, як закласці такі, а можа, яшчэ і большы ўраджай. Старасельцы ведаюць, што будучы год для сельскай гаспадаркі будзе годам культуры земляробства. Пры гэтым, як падкрэсліў Прэзідэнт падчас рабочай паездкі па Брэсцкай вобласці, упор будзе зроблен на меліярацыю, дысцыпліну і кадры.
– Да месца сказаць, што мы не атрымалі б такога ўраджаю, каб не добры задзел, – гаварыў кіраўнік адкрытага акцыянернага таварыства. – Напомню, што нашы земляробы першымі ў раёне пачалі і закончылі сяўбу ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур. Хочацца адзначыць знакамітага не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне нашага дбайнага механізатара Васіля Дзеравягу, які на трактары «Фендт-930» з сеялкай «RАВЕ» штодзённа засяваў да 45 гектараў, значна перавыконваючы даведзенае заданне, і пасеяў 1 795 гектараў. Не падвялі і створаныя механізаваныя звенні па ворыве глебы, яе падрыхтоўцы, унясенні ўгнаенняў. Да прыкладу, механізатар Сяргей Пліско ўзараў 1 106 гектараў глебы, звыш 1 300 гектараў яе падрыхтаваў Аляксандр Лабаноўскі. І ўсе вясенне-палявыя работы былі праведзены ў комплексе і ў вызначаныя тэрміны.
Шчыравалі старасельцы і на нарыхтоўцы кармоў, таму і назапасілі па 26,5 цэнтнераў кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы. У гаспадарцы дзве малочнатаварныя фермы – «Узнацк» і «Якімаўка» – і малочнатаварны комплекс «Стараселле». Усяго 2 365 галоў буйной рагатай жывёлы. За 10 месяцаў бягучага года ў сярэднім ад кожнай каровы атрымана па 3 402 кг малака, што на 460 кг больш, чым за такі ж перыяд мінулага года. Валавы надой склаў 3 677,2 тоны, плюс да папярэдняга года 656,1 тоны.
Першае месца ў апошнія гады бяззменна займае МТК «Стараселле» (загадчык комплексу Алена Хвашчэўская), дзе ўтрымліваецца статак у 533 галавы і надой на карову склаў 3 608 кілаграмаў. Лепшы аператар машыннага даення Зарына Міронава атрымала ад кожнай каровы за гэты час па 3 645 кг сырадою. Толькі крышачку адстала ад яе Наталля Навахрост – яна надаіла па 3 639 кг малака на кожную карову.
Нельга не назваць і малочнатаварную ферму «Узнацк», якой загадвае Валянціна Палякова. Пагалоўе дойнага статку – 365 кароў, ад кожнай з якой за 10 месяцаў года надоена па 3 359 кг малака, што на 227 кг больш узроўню мінулага года. На гэтай ферме працуюць 26 чалавек. Ірына Дзянісава – перадавая даярка фермы – атрымала ад кожнай каровы сваёй групы па 3 594 кг малака, плюс склаў 307 кг. На другім месцы – Алена Усошына з надоем малака на кожную карову 3 534 кг (плюс да аналагічнага перыяду мінулага года 646 кг).
На малочнатаварнай ферме «Якімаўка» ўтрымліваецца 165 галоў дойнага статку і дзве групы цялят. Адну з іх – 72 галавы – даглядае Сяргей Нікалаёнак, які штогод дабіваецца высокіх прываг сваіх гадаванцаў. Вось і за 10 месяцаў года сярэднясутачныя прывагі склалі 761 грам, што на 63 грамы вышэй мінулагодняга ўзроўню. Вопытны жывёлавод (працоўны стаж Сяргея Аляксандравіча налічвае ўжо 25 гадоў) лічыць, што ў аснове поспеху – толькі добрасумленная і самаадданая праца. Жывёла, якую ён даглядае, заўсёды напоена і накормлена, таму хутка расце і прыбаўляе ў вазе.
– Наогул, усё, што робяць працаўнікі, гэта дастойны ўклад у справу развіцця сельскагаспадарчай галіны. А калектыў у нас з’яднаны і працавіты, – сказаў напрыканцы Аляксандр Толкач. – на сваім рабочым месцы кожны імкнецца паказаць, на што ён здольны. Усе падраздзяленні ўзначальваюць граматныя спецыялісты, якія ведаюць сваю справу, умеюць працаваць з людзьмі. Добрымі памочнікамі і ў рабоце, і ў кіраванні калектывам з’яўляецца мой намеснік па вытворчасці, начальнік участка «Узнацк» Марыя Васільеўна Нікалаёнак, галоўны аграном Іван Сямёнавіч Лапарэвіч, аграном-насеннявод Юлія Міхайлаўна Гара і многія іншыя. І я шчыра спадзяюся, што дзякуючы нашым людзям, іх адказнасці, уменню і вопыту, з пастаўленымі перад намі задачамі мы справімся, і надалей будзем дабівацца новых поспехаў. Як вядома, многія сельскія працаўнікі і ў сваё прафесійнае свята будуць знаходзіцца на рабочых месцах. Таму жадаю ім святочнага настрою, бадзёрасці, невычэрпнага аптымізму. Няхай усім спадарожнічаюць моцнае здароўе, сямейны дабрабыт і толькі светлыя і сонечныя дні.