У кіраўніцтва райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу стала ўжо добрай традыцыяй віншаваць працаўнікоў сяла з нагоды іх адметных дат. Візіт у вёску Грыцкавічы якраз напярэдадні Свята працы быў невыпадковым – у гэтыя веснавыя дні Вера Мазанік адзначыла свой юбілей. Кветкі, падарункі, словы падзякі за працу і пажаданні здароўя і дабрабыту юбіляру выказалі старшыня РК прафсаюза работнікаў АПК Валянціна Козел і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Кушнер.
Падчас нашай размовы Вера Васільеўна расказала аб сабе, аб сваёй сям’і, аб рабоце, якой аддадзена без малога 50 гадоў.
– Нарадзілася я ў вёсцы Валасачы Віцебскай вобласці, што ў дзевяці кіламетрах ад Грыцкавіч, – гаварыла імянінніца. – У нашай сям’і было васьмёра дзяцей: шасцёра дзяўчынак і двое хлопчыкаў. Я і мая сястра (мы двайняты) былі трэцімі па ліку. Бясспрэчна, бацькам такую вялікую сям’ю было нялёгка ўтрымліваць. Не заўсёды хапала ўдосталь есці, ды і адзенне насілі адзін за адным. Тым не менш, усе мы закончылі школу і выйшлі, як кажуць, на свой хлеб.
Вера Васільеўна адзначыла, што выхоўваліся ўсе ў строгасці. Бацька – франтавік і ветэран Вялікай Айчыннай вайны – сам быў дысцыплінаваным і працавітым, таго ж дабіваўся і ад дзяцей. Як успамінала яна далей, бацька імкнуўся прывіць ім любоў да роднай зямлі, да выбранай прафесіі. Гаспадарлівай і ўвішнай была іх маці, умела ткаць, любіла вышываць. І гэтую любоў прывіла дочкам. У доме Веры Васільеўны мы ўбачылі шмат вышываных сурвэтак, накідак, ручнікоў...
На наша пытанне, як жанчына аказалася ў Грыцкавічах, яна адказала:
– Пасля заканчэння школы я ўладкавалася на запалкавую фабрыку ў Барысаве. Адна з маіх сёстраў выйшла замуж у Грыцкавічы, таму я часцяком ездзіла сюды, каб дапамагчы ў розных гаспадарчых справах. Там і пазнаёмілася са сваім будучым мужам – трактарыстам Міхаілам Мазанікам. Пажаніліся. Выхавалі дваіх дзяцей – сына і дачку, якія ўжо маюць свае сем’і, а мы ў сваю чаргу ўнукаў.
Бясспрэчна, што асобнай тэмай стала праца ў гаспадарцы. Нават не ўмеючы добра даіць кароў, дзевятнаццацігадовай дзяўчынай прыйшла на малочнатаварную ферму «Грыцкавічы» Вера Мазанік. Ведам і навыкам набіралася ў вопытных даярак, прыслухоўвалася да парад спецыялістаў. Групу больш за 20 кароў даіла ўручную. Вядома ж, на дапамогу прыходзілі і муж, і дзеці. У той час ні малакаправодаў, ні даільных апаратаў яшчэ не было.
– Але ж мы так звыкліся са сваёй працай, што калі ў канцы 70-х гадоў была ўстаноўлена механізаваная дойка, нават плакалі з непрывычкі, – нагадала Вера Васільеўна. – А затым ужо звыкліся. Усё механізавана: і гноевыдаленне, і дойка, і падвоз кармоў. Ды і калектыў наш быў дружным і зладжаным. Многія ўжо былі на пенсіі, але фермы не пакідалі. Ды я і сама пасля заслужанага адпачынку доўга не магла гэтага зрабіць. Думала, ніколі не пакіну ферму і сваіх каровак. І зрабіла гэта толькі тры гады таму – пасля таго, як пагалоўе было пераведзена ў Дудзінку. Не паверыце, цэлы год не магла спаць спакойна. Прыходзілі да мяне кіраўнікі гаспадаркі і прасілі застацца. Казалі: «Васільеўна, у нас няма такіх даярак, як вы...»
Мая суразмоўца не прамінула расказаць і аб сваёй грамадскай рабоце, якую яна сумяшчала з прафесійнымі абавязкамі. Некалькі скліканняў выбіралася дэпутатам раённага Савета дэпутатаў, два перыяды з’яўлялася членам абласнога савета прафсаюзаў. Неаднойчы даводзілася ездзіць на прафсаюзныя форумы ў Мінск, выступаць з высокай трыбуны перад дэлегатамі канферэнцый.
І сёння яна заўсёды ў клопатах: даглядае хатнюю гаспадарку, у ідэальным парадку падвор’е, агарод і кветнікі. Нават у той дзень, калі мы наведаліся ў Грыцкавічы, гаспадыня разам са сваёй дружнай сям’ёй саджала на прысядзібным участку бульбу.
– Я проста ўзрушана ўвагай да мяне і раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК, і раённага савета ветэранаў, – зазначыла напрыканцы Вера Васільеўна. – У юбілейную для мяне дату пачула шмат шчырых і сардэчных слоў. Значыць, людзі не забыліся, што ёсць такі чалавек. І гэта вельмі прыемна. Я заўсёды гаварыла: усё атрымаецца, калі любіць сваю справу.