Сустрэлі нас майстры ў новых прыгожых строях. Асабліва прывабіла вышыўка. «Гэта мы зрабілі самі», – у адзін голас загаварылі жанчыны. – Праца настолькі захапіла, што за вышыўку ўзяліся нават тыя, хто гэтага не рабіў. А манжэты выткала на кроснах наша Яніна Паўлаўна».
Кожны раз, бываючы ў Доме рамёстваў, мы адпачываем душой і атрымліваем асалоду ад высокага майстэрства. І зараз паглядзелі экспазіцыю, ухвалілі новыя творы, пагутарылі з майстрамі.
– Вось ужо амаль 15 гадоў Дом рамёстваў радуе людзей сваёй творчасцю, – не без гонару адзначае кіраўнік клуба майстроў, выконваючая абавязкі дырэктара Таццяна Сухаплюева. – Нельга не сказаць, што за гэты час у нас было шмат творчых дасягненняў і ўзнагарод. Майстры заўсёды ўдзельнічаюць у абласных і рэспубліканскіх конкурсах і выставах. У нашай скарбонцы – 9 першых месцаў, два Гран-пры, тры другія месцы і чатыры Дыпломы за ўдзел. Можна сказаць, што ўзнагароду вышэйшага кшталту мы дадаем амаль кожны год.
Наша сустрэча адбылася якраз напярэдадні абласнога свята «Дажынкі», і майстры былі заняты падрыхтоўкай да яго. Падрыхтаваліся да ўдзелу ў конкурсе снапоў, вырабілі іх у аздабленні вытанчаных васількоў. Паказалі экспанаты для тэматычных пляцовак, дзе трэба прэзентаваць саломку, ткацтва і беларускую ляльку.
А літаральна праз тыдзень яны паедуць у Валожын браць удзел у конкурсе «Саламяны павук». Два майстры, Алена Шкор і Лідзія Свяцкая, выставяць свае работы ў намінацыях «Фантазійны павук» (выкананы на аснове традыцыйных канструкцый), «Вялікі рамбічны павук» і «Лепшая калекцыя хатніх работ». Не сумняваемся, што іх чакае чарговы поспех.
– Ведаю, што нам будзе вельмі цяжка, – гаворыць Таццяна Сухаплюева. – Бо на гэты конкурс мы ездзім заўсёды і заўсёды займаем адно з прызавых месцаў, у тым ліку і першае. Так што, нічога не застаецца, як у чарговы раз здзівіць журы і гледачоў сваім майстэрствам.
Творчая праца ў Доме рамёстваў кіпіць кожны дзень: свае вырабы, і работа з гурткоўцамі. Цікава, што амаль кожны, хто трапляе сюды, захапляецца рамяством і ўжо цяжка адмовіць сабе ў гэтым. Вось як Лідзія Іосіфаўна Свяцкая, якая прыйшла два гады таму бяз спецыяльных навыкаў, але з вялікім жаданнем.
– Навуку саломапляцення спасцігала тут, – расказвае Таццяна Сухаплюева. – І зараз яна ўжо сапраўдны майстар. Вось бачыце, увасабляе ў жыццё вялікую манументальную работу – саламяная скульптура зубра. Ужо праца перайшла палову, зроблена аб’ёмная аснова, а гэта для саломкі надзвычай няпроста, каб трымала форму. У яе цудоўна атрымалася – вытрыманы прапорцыі. Наперадзе – апрацоўка і аздабленне. Гэта доўгі працэс, два месяцы майстар працуе і яшчэ прыблізна трэба столькі ж, а можа яшчэ і больш. Плануем, што гэта работа абавязкова паўдзельнічае ў конкурсе. А ў больш аддаленай перспектыве зробім серыю, цэлую зубрыную кампазіцыю.
– Прызнаюся, было страшнавата распачынаць, – дзеліцца Лідзія Іосіфаўна. – Але калі вырашылі паспрабаваць, то трэба было прыкласці ўсе намаганні, і я ўзялася, каб не падвесці агульную ідэю.
Ёсць у Доме рамёстваў і яшчэ адна дэбютантка. Гэта прыбіральшчыца памяшканняў Ніна Уладзіміраўна Цэхавая, якая ў вольны ад асноўнай работы час далучаецца да творчай працы, і, як адзначае кіраўнік клуба, кветкавыя кампазіцыі з саломкі атрымліваюцца на высокім майстэрскім узроўні.
Ёсць што расказаць і вопытнаму майстру саломапляцення Алене Шкор. Успамінаецца, як на раённых «Дажынках» у Халопенічах прыцягваў увагу вазок, на якім маляўніча сядзелі лялькі. Сярод іх была сапраўдная бабуля, і мала хто сумняваўся, што на возе сядзіць жывы чалавек. На самой жа справе гэта бабулька – вырабленая Аленай Дзмітрыеўнай мяккая роставая лялька. Вось яно, майстэрства!
Асаблівую ўвагу прыцягвае твар – ён як жывы.
– Праўда, прызнаюся, што атрымалася не з першага разу, бо вопыту стварэння такіх лялек не было, – расказвае Алена Дзмітрыеўна. – Тканіна не эластычная, яна дрэнна драпіравалася, а хацелася зрабіць, каб праўдападобная была кожная маршчыначка.
Але не ў характары нашых майстроў адмаўляцца ад ідэі, калі ўзнікаюць цяжкасці – майстэрская кемлівасць заўсёды знойдзе выйсце. І цяпер можна з гонарам сказаць, што ўсё атрымалася.
У планах – зрабіць сямейную кампазіцыю мяккіх роставых лялек: маці, бацька, дзеткі, бабка і дзед. І нават прыдумалі арыгінальную назву, якую да часу будуць трымаць у сакрэце.
Паказала нам свае апошнія ручнікі, якія толькі-толькі з кроснаў, вядомая патомная ткачыха Яніна Паўлаўна Мікульчык. На іх – прыгожыя ўзоры з аўтарскімі матывамі. Працягвае яна працаваць і над паясамі, чарговы ўжо аснавала. Нагадаем, што робіць яна гэта выключна на кроснах, што вельмі рэдка.
– У апошніх паясах так выклала ўзор, што яны атрымаліся як выбітыя, як па-сучаснаму сказалі б, с эфектам 3D, – задаволена расказвае Таццяна Сухаплюева.
А мы ўспомнілі, што Яніна Паўлаўна даўно задумала зрабіць сабе адмысловы саматканы строй.
– А вось і ён, – дэманструе майстрыха. – На кроснах выткала тканіну на фартух і блузу. Сама зрабіла вышыўку.
Так што, цяпер падчас прэзентацый і майстар-класаў яна будзе прадстаўляць аўтарскія ткацкія вырабы ў аўтарскім строі. Упершыню – на «Дажынках» у Барысаве.
А вось сама Таццяна Сухаплюева разам з адміністрацыйнай работай не пакідае сваёй улюбёнай справы. Яе аб’ёмныя карціны са скуры – гэта сапраўды творы мастацтва. Эцюды, нацюрморты, пейзажы – усё падуладна яе фантазіі і яе майстэрскім рукам. Проста здзіўляешся, як звычайныя шматочкі скуры могуць пераўтварацца ў сапраўдныя кветкі, расліны, прадметы і нават у людзей!
Творчая атмасфера Дома рамёстваў прыцягвае, заварожвае. Гэта сапраўдны дом майстэрства і натхнення. Няхай так будзе і надалей!