Удзел у ім узялі воіны-інтэрнацыяналісты, прадстаўнікі ўлады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, устаноў адукацыі.
У сваім выступленні старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатолій Козел адзначыў:
– Прайшоў 31 год, як апошнія падраздзяленні савецкіх войск вярнуліся дамоў. У гэты дзень ад радасці і болю адначасова сціскаецца сэрца. Многія нашы землякі, якія яшчэ не пазналі жыццё, пайшлі са зброяй у руках выконваць абавязак салдата. Вайна ў Афганістане закранула і сем’і крупчан. Памяць аб тых, хто загінуў, увайшла ў душы і сэрцы землякоў, застыла ў гранітных помніках, надпісах «Загінуў пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку...», у сціплых зорачках на сельскіх могілках. Людзі, якія ваявалі ў Афганістане, дастойныя высокага звання герояў. Іх выбраў час. І праз 31 год пасля той вайны не сцерліся з памяці імёны і подзвігі яе ўдзельнікаў, іх смеласць, уменне жыць для іншых, а калі патрабуецца, то і аддаць сваё жыццё.
Далей Анатолій Козел назваў прозвішчы крупчан, якія не вярнуліся дадому. Памяць загінуўшых ушанавалі хвілінай маўчання.
Старшыня райвыканкама звярнуўся да воінаў-інтэрнацыяналістаў:
– Вы дастойна прынялі эстафету ў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, у мірнай і ратнай працы дэманструеце адданасць дабру і справядлівасці, прынцыповую жыццёвую пазіцыю, з’яўляецеся надзейнымі памочнікамі ў вырашэнні розных сацыяльных пытанняў. За гэта вам вялікі дзякуй і нізкі паклон.
Прагучала шмат шчырых слоў аб тым, што ў далёкім Афганістане савецкія воіны праявілі лепшыя чалавечыя якасці: мужнасць, стойкасць, высакароднасць, добразычлівасць. У цяжкіх умовах баявога жыцця, удалечыні ад дома, пастаянна падвяргаючыся смяротнай небяспецы, яны захавалі вернасць ваеннай прысязе, воінскаму і чалавечаму абавязку.
За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна і важкі асабісты ўклад у грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі Ганаровую грамату Крупскага райвыканкама атрымаў актывіст раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Юрый Даржыеў.
Перад прысутнымі выступіў старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Сяргей Рабчынскі, які гаварыў аб тым, што 131 наш зямляк адслужыў у Афганістане, сямёра з іх не вярнуліся з той крывавай вайны. Многіх не стала ўжо ў мірны час. Сяргей Рабчынскі пажадаў, каб нікому не давялося выпрабаваць тое, што выпала на іх юнацтва. Кранальныя словы былі сказаны ветэранам вайны ў Афганістане Юрыем Даржыевым. Ён адзначыў, што кожны час нараджае сваіх герояў, што ў хлопцаў у тыя гады не згаслі вернасць абавязку і традыцыям старэйшых пакаленняў. І што сёння кожны робіць усё магчымае, каб страшныя старонкі вайны засталіся ў мінулым.
Ад імя моладзі пранікнёныя словы сказаў выкладчык фізічнай культуры раённай гімназіі Аляксандр Кнацько. Ён зазначыў, што без мінулага няма сённяшняга і не можа быць будучага. Пакуль мы памятаем – мы жывём.
За актыўны ўдзел у ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі і ўвекавечванні памяці загінулых воінаў-інтэрнацыяналістаў медалём «За заслугі» ўзнагароджаны Благачынны цэркваў Крупскай акругі, пратаіерэй Мікалай Гмір. Знак «Удзельнік афганскай вайны» ўручаны Уладзіміру Благачыннаму, Мікалаю Багачову, Уладзіміру Кручынскаму, Юрыю Сучкову, Дзмітрыю Ігнатовічу, Васілю Леановічу і Сяргею Еўдакімчыку.
Мікалай Гмір сказаў словы Божага благаславення і правёў малебен. Прысутныя ўсклалі кветкі да помніка воінам, чые жыцці абарваліся ў «гарачых кропках».
Фота Аляксандра БУДЗЬКО.