krupki.by

ru RU be BE en EN

Ступені поспеху. Працаўнікі ААТ «Кляновічы» набліжаюцца да заканчэння другога ўкосу траў



Ступені поспеху. Працаўнікі ААТ «Кляновічы» набліжаюцца да заканчэння другога ўкосу траў

Автор / Главные новости / Пятніца, 10 Ліпень 2020 10:18 / Просмотров: 1116

Аднымі з першых тут справіліся з першым укосам, хаця і плошча была ўнушальнай – 1 767 гектараў. І, не марудзячы, адразу ж прыступілі да другога ўкосу. Дарэчы, ужо цяпер у гаспадарцы нарыхтавалі значную колькасць кармоў у разліку на адну ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы – амаль 15 цэнтнераў кармавых адзінак. А гэта таксама найвышэйшы паказчык сярод іншых гаспадарак раёна.


Як адзначыў дырэктар таварыства Ілья Змачынскі, механізатары імкнуцца хутчэй завяршыць другі ўкос, каб паспець вызваліцца да пачатку ўборкі рапсу і збожжавых. А яны ўжо на падыходзе. Пакуль будуць убіраць збожжавыя, павінны падаспець і травы трэцяга ўкосу. Сёння ўсё ж самае галоўнае – не тэмпы, а каб травы ўбіраліся на піку іх пажыўнасці.

– Радуюць травы, добра працуе тэхніка, стараюцца людзі, – працягваў кіраўнік гаспадаркі. – Усё гэта станоўча адбіваецца і на выніках працы. Толькі з травяністых кармоў, без уліку кукурузы, мяркуем нарыхтаваць 18 цэнтнераў кармавых адзінак. Падчас першага ўкосу стаўка была зроблена на нарыхтоўку сенажу, і яго на сённяшні дзень закладзена ў сянажныя траншэі 14 239 тон, а гэта больш паловы запланаванага. Спякотныя дні сталі сапраўды спякотнымі і для нарыхтоўшчыкаў сена. Скарыстаўшы добрае надвор’е, ужо назапашана 803 тоны сена з плана 1 110 тон.
Па ўсім бачна, што ладзяцца справы ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Кляновічы». А галоўны інжынер Аляксандр Шашкоў, якога мы сустрэлі ў дыспетчарскай, заўважыў:
– Абавязкова з’ездзіце на палеткі, дзе на сапраўднай цуда-тэхніцы цяпер працуе Аляксей Святлоў, які сам і зрабіў яе. Да спісанага камбайна «Акрас-530» пасля пэўных маніпуляцый падчапіў касу і атрымаўся вось такі адметны энергетычны сродак, якога, не пабаюся сказаць, няма не толькі ў раёне, але нават і ў вобласці. Ды вы і самі пераканаецеся ў гэтым, калі пабачыце.

І вось разам са старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Надзеяй Заблоцкай бяром кірунак на Сінічанку. Па дарозе Надзея Уладзіміраўна расказвае, што ў гаспадарцы распрацаваны ўмовы працоўнага спаборніцтва, прадугледжаны меры маральнага і матэрыяльнага стымулявання. Кожную раніцу ў дыспетчарскай і ў канторы на спецыяльным стэндзе механізатары могуць убачыць вынікі свайго папярэдняга працоўнага дня, даведацца, колькі ўбрана і перавезена зялёнай масы і колькі зароблена. У гонар лепшых корманарыхтоўшчыкаў узнімаецца Сцяг працоўнай славы.

– А яшчэ мы ўшаноўваем лепшых працаўнікоў прама на полі, уручаем ім каштоўныя падарункі і грашовыя прэміі, – гаварыла старшыня прафкама. – Вось нядаўна старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Валянціна Козел адзначыла механізатара Аляксандра Жураўкіна, які на трактары «FENDT-930» перавозіў сянаж. Падзячнае пісьмо атрымаў таксама Аляксандр Самойленка, які заняты падборкай траў. А літаральна гэтымі днямі кіраўнік сельгасарганізацыі павіншаваў за шчырую і самаадданую працу Анатоля Грыня, які заняты на прасаванні, Віктара Авяр’янава, што адвозіць сянажную масу, Андрэя Клімава, які і падбірае, і трамбуе зялёную масу, Мікалая Мікульчыка, што заняты на валкаванні і прасаванні, і Івана Картавіцкага, які таксама займаецца валкаваннем. Усе названыя механізатары вельмі адказныя і ўвішныя, шчыруюць на палетках, не лічачыся з часам. Такім людзям – павага і пашана.

За размовай незаўважна пад’ехалі да вялікага поля, што раскінулася за вёскай Сінічанка. Крыху пачакалі, калі механізатар закончыў касіць паласу і развярнуў свой агрэгат насустрач нам. І вось табе, калі ласка, наш добры і даўні знаёмы Аляксей Святлоў, які ў асобныя гады намалочваў не толькі тысячу тон збожжа, але нават і больш за дзве тысячы тон. Лёгка скокнуў на зямлю і з захапленнем пачаў расказваць і паказваць цуда-касілку:
– Цэлую зіму думаў, як прыстасаваць да камбайна касілку. І прыдумаў. Дапамагаў пераўтварыць задуманае ў рэальнасць Раман Чайкін. Працавалі мы над гэтай рэканструкцыяй амаль два месяцы. Многія падыходзілі, гля­дзелі з недаверам, асобныя заахвочвалі словам, але ж большасць было скептыкаў. І ўсё ж мы давялі, як кажуць, да розуму. Прадукцыйнасць працы ёсць, тэхніка косіць, захопліваючы ажно 9 метраў, і рэзультат дае свой плён.

Да месца адзначыць, што Аляксей Іванавіч на сваёй цуда-тэхніцы скасіў ужо каля 100 гектараў траў.
– А праз тыдзень-паўтара і азімы рапс убіраць будзем, а яго пасеяна ў нас 500 гектараў, – заўважыла Надзея Заблоцкая. – І наш Святлоў будзе ў першых радах.
І механізатар пагадзіўся з гэтымі словамі. А не за гарамі і ўборка збожжавых каласавых, дзе зноў шчыраваць будзе Аляксей Святлоў. Таму, развітваючыся, мы сказалі яму: «Да новых сустрэч!»

Автор

Татьяна Толкачева

Татьяна Толкачева

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.