Жывуць тут працавітыя, цікавыя, дапытлівыя, адкрытыя людзі, якія шануюць традыцыі сваіх продкаў. Самаму маленькаму жыхару – Ягорку – праз два дні споўніцца месяц. Дарэчы, яго мама Святлана Голуб – стараста вёскі. А самая старэйшая жыхарка Марыя Міхайлаўна Мельнік нядаўна адзначыла 99-годдзе.
Наша знаёмства з сяльчанамі пачалося з Галіны Васільеўны Хадотавай. Яна гасцінна запрасіла ў хату і падзялілася ўспамінамі:
– Я тут нарадзілася, вырасла. Бацькі мае з Восава. Тата Васіль Буры – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Мама ў дзявоцтве таксама Бурая, так што не прыйшлося мяняць прозвішча. Вось іх партрэт на сцяне. У маё дзяцінства вёска гудзела. У кожнай хаце было па пяць і больш дзяцей. Пачатковую школу мы заканчвалі ў Восаве, восем класаў – у Дакудаве і дзесяць – у Жаберычах. Магазіна ў вёсцы ніколі не было. Помню, у школьныя гады дабіраліся і ў Ратуцічы (гэта Барысаўскі раён, за тры кіламетры ад нас), і ў Плавучае Галае. Калі на машыне, а калі і пешшу. Пакуль прыйдзем дадому, хлеб амаль увесь з’ядзім. Пасля ўжо была лаўка на даму. Пэўны час я жыла ў Мінску, выйшла замуж, нарадзіла дачку. Калі мама захварэла, вярнулася яе даглядаць, так і засталася. Так, юнацтва і маладосць – самая прыемная пара. Сябравалі ўсе паміж сабой. У клуб хадзілі, быў у Восаве. Да нас і з суседніх вёсак прыходзілі. Хлопцы за сваіх дзевак біліся. Ды і зараз мы не сумуем. Новы год кожны дома святкуе. А ўсе астатнія святы – разам. Каляды, Масленка, Тройца. Дзень Перамогі адзначаем з ваеннымі песнямі. Тады будуць Пятрок, Купалле, Пакроў. Жывём так, як калісьці жылі нашы продкі, працягваем іх традыцыі. Збіраемся ў мяне заўсёды. Зімой дома, а летам на двары пад яблыняй. Кожны ідзе са сваімі пачастункамі. Чалавек чатырнаццаць. Песні спяваем. Такія, як «Я встретил розу, она цвела», «Домик на юге». Ой, розныя песні, я сама вельмі люблю спяваць. Ёсць у нас і свой гарманіст.
– Галіна Васільеўна, чулі мы, што жыхароў вашай вёскі чэпікамі называюць, – пытаюся.
– Праўда, называюць, – з гонарам адказвае яна. – Бо раней бралі шлюб толькі са сваімі, як кажуць, чапляліся адзін за аднаго. З чужых вёсак ніхто не браў жонак.
Далей Галіна Васільеўна правяла нас па двары. Кветкі, кусты, гародніна – памідоры, агуркі, бурачкі, морква – усё пасаджана клапатлівымі рукамі гаспадыні. Пачаставала клубніцамі. А вось і стол пад яблыняй – месца ўсеагульных пасядзелак. Выходзім за вароты, а на вуліцы сустракаем мужчыну шаноўнага ўзросту з сівой барадой. Вітаемся.
– Добры дзень! – адказвае ён і пытае: – Што прывяло да нас?
Прадстаўляемся і называем мэту свайго візіту.
– Я дзед Іван, – кажа ён. – Поўнае імя Толсцік Іван Дзмітрыевіч, але называйце мяне дзедам Іванам.
– Гэта наш гарманіст, – удакладняе Галіна Васільеўна.
– А на гармоні сыграеце? – пытаемся ў дзеда Івана.
– А як жа! Хадземце да мяне ў госці, – запрашае ён і расказвае пра сябе. – Я тут нарадзіўся і вырас. Доўгі час жыў у Расіі. Але цягне на Бацькаўшчыну, на родную зямельку. Як хата без гаспадыні пустая, так і зямелька без гаспадара прападзе. Таму трэба працаваць на ёй. Заходзьце, я вам зараз усё пакажу.
У двары адразу кідаецца ў вочы вялізны камель, а ў ім яйка.
– Гэта будзе пчаліны вулей, – тлумачыць дзед Іван. – Ліпа старая павалілася. Ну, думаю, зраблю вулей. Яшчэ не паспеў давесці да розуму, як гусь ужо справілася – яйка знесла.
Далей гаспадар правёў нас па двары. Папрасіў прабачэння за някошаную траву ў адным месцы, бо там расце кмін – будзе духмяная прыправа для страў. Тут і кролікі, і гусі, і пчолы. На пытанне, ці не пакусаюць нас паласатыя працаўніцы, дзед Іван запэўніў: «Маіх дарагіх гасцей яны не кусаюць». Дарэчы, наш субяседнік – патомны пчаляр у трэцім пакаленні. А з якім гонарам дзед Іван паказваў агародніну, якую сам пасадзіў! Праўда, палоць будзе жонка, як прыедзе з Масквы. Пры ўваходзе ў хату заўважаем вуды – яшчэ адно захапленне гэтага цікавага чалавека. Ну, з гаспадаркай дзед Іван справіўся, можна і на гармоні сыграць. Бярэ ў рукі музычны інструмент са словамі:
Дайте в руки мне гармонь –
Золотые планки.
Парень девушку домой
Провожал с гулянки.
У руках дзеда Івана гармонь ажыла, загаманіла – і паліліся прыпеўкі:
Эх, цёшча мая,
Дай вады напіцца.
Улюбіўся ў тваю доч –
Не магу забыцца.
Ой, скажы, куда бежала
Через тоненький лесок,
Ой, скажи, кому кричала –
Я твой слышал голосок.
Дзе тут утрымацца – ногі самі пусціліся ў пляс. А на нашу вясёлую бяседу выходзіць суседка Вольга Мікалаеўна Бурая.
– Вось так весела жывём, – усміхаецца яна. – Мы ўсе тут адзін аднаго ведаем з самага дзяцінства. Я жыла ў Барысаве. Як выйшла на пенсію, вярнулася ў родную вёску. Бо яна самая прыгожая, самая ветлівая. Самі бачыце, якія ў нас адкрытыя людзі. Мы ўсё робім разам. Бульбу пасеяць ці выкапаць – дапамагаем адзін аднаму. Збіраемся вясной ці ўвосень, ідзём могілкі прыбіраем. У нас там прыгожа, чысценька. Ёсць магілкі, за якімі ўжо няма каму даглядаць, дык мы гэта робім. А як па-іншаму? Бо мы ўсе тут, як адна вялікая сям’я.
– Адным словам, чэпікі, – кажу я.
– Чэпікі! І ў гэтым наша моц, – адказвае Вольга Мікалаеўна. – Хадземце цяпер да мяне, пакажу свае ружы, бяседку, якую дзеці зрабілі. Якраз сёння павінны прыехаць сын, нявестка і ўнучак. Іх таксама цягне ў вёску.
У нашу гамонку ўключаецца сямейная пара Віктар Васільевіч і Валянціна Фёдараўна Бурыя. Яны ўсё жыццё на адным месцы.
– Нават і не думаў ніколі выязджаць з Восава, – кажа Віктар Васільевіч. – Тут нарадзіўся, вырас, працаваў. Цяпер на пенсіі. Жонка адсюль родам – 45 гадоў разам. Нашы продкі з мясцовымі жаніліся. Таму мы сваіх дзяўчат нікому не аддавалі.
Дзед Іван падтрымоўвае суседа і зацягвае:
Ах, кіну, кіну кірпічынку
Да цераз быструю раку,
Не пакіну сваю Нінку
Ніякому дураку.
– А вёску люблю за тое, што яна прамая і прыгожая, – працягвае Віктар Васільевіч. – І людзі ў ёй дружныя і спагадлівыя. Дапамагаюць адзін аднаму. І працуем, і гуляем – усё талакой. У мяне свой трактарок – каму ўспахаць, каму прывезці што...
– Дружныя, бо ўсе сваякі, – дапаўняе мужа Валянціна Фёдараўна. – Во з Іванам мы траюрадныя, а з Віцем у чацвёртым ці пятым пакаленнях родныя.
– А з Валяй мы за двух братоў замуж павыходзілі, – кажа Вольга Мікалаеўна Бурая.
Пакуль Віктар Васільевіч паказвае фотакарэспандэнту трактар, Валянціна Фёдараўна ўспамінае:
– Віцю як кавалера ніколі не бачыла. А ён з арміі вярнуўся і закахаўся. Я ўсур’ёз не ўспрымала. Аднойчы кажа: «Заўтра прыйду ў сваты». А я ў адказ з усмешкай: «Ідзі дамоў, жаніх!» І што вы думаеце? Сказаў – зрабіў. Вось з той пары і разам. Дзяцей пагадавалі, траіх унукаў дачакаліся.
Сяброўства і ўзаемная дапамога гэтых прыемных людзей не заканчваецца за межамі Восава.
– Пакуль вучылася на швачку, жыла ў Іванавага брата ў Мінску, – працягвае Валянціна Фёдараўна. – Уявіце сабе, невялічкая двухпакаёвая кватэра. Сям’я гаспадароў з чатырох чалавек, я, Іванава сястра і яшчэ адна сваячка. І ўсім хапала месца, жылі дружна. Па выхадных у Восава прыязджалі – і тут у госці адзін да аднаго хадзілі.
Запыталіся мы ў сяльчан, адкуль назва вёскі пайшла.
– Раней многа восаў было, – тлумачыць дзед Іван. – Таму і назва такая. Вёска наша старажытная. У летапісах успамінаецца раней за Санкт-Пецярбург. Доўгі час уваходзіла ў Барысаўскі раён. Віця казаў, што любіць наша сяло за тое, што яно прамое. А ведаеце чаму? Бо першапачаткова была не вёска, а хутары. Гэта ўжо ў калектывізацыю адмяралі роўна надзелы, на якіх будавалі хаты. Помню, як вялі электрычнасць – слупы былі драўляныя. А старэйшыя браты ўрокі рабілі яшчэ пры керасінцы. Помніцца мне першы трактар у вёсцы – дзецям цікава было. Пакатацца на трактары – самае вялікае шчасце. А яшчэ фатограф прыязджаў. У адной хаце збіраліся, каб сфатаграфавацца сем’ямі. Было модна партрэты на сцяну вешаць. Жадаючых шмат, таму плёнкі не хапіла на ўсіх. Адна бабулька ў слёзы. А мужыкі кажуць фатографу: «Шчоўкні ўхаластую, хай не плача». Ён так і зрабіў. Праз месяц прыехаў, фотаздымкі раздае. А тая бабуля яшчэ больш плакаць, што ёй няма. Фатограф кажа ёй: «Я ж вам казаў, што плёнкі няма». А яна ў адказ: «Дык ты ж мяне шчоўкнуў»… У маё дзяцінства ў вёсцы было многа старажылаў. Мая бабуля Агаф’я Толсцік пражыла 104 гады. Да глыбокай старасці захавала добры зрок. І мне казала: «Хочаш сфакусіраваць зрок – лічы зоркі на небе». Не хачу выхваляцца, але я карыстаюся гэтым метадам і добра бачу. У канцы вёскі жыве мой брат. Я іду ад яго вечарамі, заўсёды праводжу вачамі спадарожнікі.
– У нас і цяпер старажылы ёсць, – удакладняе Галіна Васільеўна Хадотава. – Марыя Міхайлаўна Мельнік, Марыя Сідараўна Толсцік, Таісія Міхайлаўна Міцкевіч – гэта мае цёткі.
Завіталі мы ў госці да самай старэйшай жыхаркі Марыі Міхайлаўны Мельнік.
– Тут я нарадзілася, тут і пражыла ўжо 99 гадоў, – кажа яна. – Усё жыццё працавала ў калгасе. У вайну немцы жылі тут у адной хаце. Хацелі спаліць вёску, але не паспелі, бо пачалося наступленне. З вёскі многа людзей на фронт пайшло. Муж мой ваяваў, быў інвалідам вайны… Цяпер дочкі Рая і Галя з горада прыехалі, даглядаюць мяне, гарод садзяць. Бо пакуль жыве чалавек, столькі і трэба працаваць.
На развітанне прыветлівыя жыхары падзякавалі нам за ўвагу да іх, запрасілі прыязджаць у госці. Дзед Іван пачаставаў духмяным мёдам. Мы спачатку не хацелі браць, бо няёмка, а ён сказаў: «Сціпласць красіць чалавека ў шэры колер». Ну, як не пагадзіцца са словамі мудрага чалавека?
Іна ГАРА. Фота Аляксандра БУДЗЬКО.
Сказаў жыхар мне па сакрэту:
«Было шмат вос у вёсцы гэтай,
Над назвай доўга не гадалі
І вёску Восава назвалі».
На ўскрайку Крупскага раёна
Лягло сяло, дзе ліпы, клёны
Аб нечым шэпчуць між сабою
Пад яснай зоркай залатою.
Сядзібы, казачныя нібы,
Гараць агнём чароўным шыбы.
Гасцям адчыненыя дзверы,
Вы гэта можаце праверыць.
Вяскоўцы дружныя – і святы
Святкуюць разам, стол багаты
Заўжды Васільеўна накрые:
«Прыходзьце, госці дарагія!»
І маладыя, і старыя,
І дзеці бойкія малыя
Пад пышнай яблыняй садзяцца,
Калі пароблена ўся праца.
Пальецца голас чысты, чысты
Івана дзеда-гарманіста.
Іван прыпевак многа знае,
Прыедзьце, ён іх праспявае.
Вяскоўцаў чэпікамі клічуць,
Бо іх зачэпістымі лічуць.
Яны па звычцы ці ад Бога
Трымаюцца адзін другога.
Адзін адному дапамогуць,
Што ёсць у іх, чым толькі могуць.
Бяда ці радасць – талакою,
Яны сябры паміж сабою.
Вас пачастуюць чаркай, шкваркай,
У кожнай хаце – гаспадарка.
Авечкі, свінні, гусі, куры –
Дадатак восаўскай культуры.
Тут у сялянскага народа
Ва ўсіх багатыя гароды.
Гуркоў, цыбулі, бульбы мора –
Жыві, не ведаючы гора!
Сярод расліны разнастайнай
Цвіце рамонак незвычайны.
Дарэчы, шчасце папытайце
І на каханне пагадайце.
Філосаф мне казаў тутэйшы,
Запомніў я наказ мудрэйшы:
«Працуйце, злога не рабіце,
Цаніце, верце і любіце.
Само нічога не прыходзіць,
І шчасце толькі той знаходзіць,
Хто прыкладае намаганні,
І поспех будзе за старанне».
Радзіма мілая, малая,
Душы і сэрцу дарагая.
Ёсць вёска Восава на свеце,
На нашай сонечнай планеце.
Барыс МАКАРЭВІЧ.