Божае Нараджэнне ўсяляе ў нас пачуццё свята, радасці і натхнення, бо яно звязана з прыходам у гэты свет нашага Збавіцеля, Які прынёс збаўленне ад улады граху і, даруючы прабачэнне, адкрыў чалавеку ўваход у Божае Валадарства.
Гэта свята ўсіх народаў Зямлі! Гэта свята пакаленняў, якія жылі ў далёкім мінулым. Гэта свята людзей, якія жывуць цяпер! Бо мы святкуем з’яву ЖЫЦЦЯ! «Бо жыццё аб’явілася, і мы бачылі, і сведчым, і абвяшчаем вам гэтае вечнае жыццё, якое было ў Айца і аб’явілася нам.» (1 Яна 1:2). Няхай Божае Слова адкрывае нам разуменне Божай волі і вучыць яе выкананню.
Ад шчырага сэрца жадаю вам шчасця, поспехаў, здароўя і дабрабыту! Няхай напоўніць Езус Хрыстус вашыя сэрцы мірам, святлом і радасцю. Многае ў гэтым свеце мяняецца, але застаецца нязменным Божая Любоў. Езус заклікае кожнага з нас верыць у Яго і спадзявацца.
Няхай Батліемская зорка асвятляе ваш шлях да Хрыста! Шчаслівых і дабраславенных святаў вам, дарагія вернікі! Жадаю кожнаму знайсці Езуса і з радасцю несці Яго іншым людзям!
Ксёндз Віталій СТРЫГА, пробашч касцёла імя Святога Юзафа ў Крупках.