krupki.by

ru RU be BE en EN

Копіі 17 цудадзейных абразоў Маці Божай прыбылі ў Крупкі (фота)



Копіі 17 цудадзейных абразоў Маці Божай прыбылі ў Крупкі (фота)

Автор / Главные новости / Панядзелак, 23 Кастрычнік 2023 15:59 / Просмотров: 780

Урачыстае адкрыццё выставы адбылося ў мастацкай галерэі імя Барыса Аракчэева.

Гэта не проста выстава, а вялікі праект, які ўжо трэці год падарожнічае па Беларусі і не толькі. Крупкі сталі 87-м месцам, куды прыбылі сямнаццаць спісаў найбольш шанаваных на нашых землях абразоў Маці Божай.

У адкрыцці выставы бралі ўдзел пробашч парафіі святога Юзафа г. Крупкі ксёндз Віталій Стрыга, ініцыятар духоўнага праекта, пробашч Мінскага касцёла святых Сымона і Алены ксёндз-канонік Уладзіслаў Завальнюк, а таксама аўтар спісаў ікон, мастачка з Маладзечна Ядз­віга Сянько.

– Бог нам даў такі вось радасны момант у жыцці, калі разам сабраліся прадстаўнікі розных канфесій, каб у першую чаргу паразважаць пра Бога і пра дзеву Марыю, – звярнуўся да гасцей ксёндз Віталій. – Будзе­це ўглядацца ў гэтыя абразы і таксама разважаць пра сваё жыццё, пра адносіны з бацькамі, роднымі. Вельмі прыемна, што прыйшло маладое пакаленне. Бо вы – будаўнікі будучыні. А мы, старэйшае пакаленне, будзем старацца перадаць вам веру ў Бога. Шчыра ўсіх вітаю!

 

 

 

Уладзіслаў Завальнюк распавёў пра пілігрымку з копіямі абразоў. Што іх падарожжа  распачалося ў 2021 годзе. Тады ў чэрвені адбылася малітоўна-пакутніцкая аўтамабільная пілігрымка ўздоўж межаў Беларусі, удзельнікі якой праз заступніцтва Маці Божай маліліся аб міры ў нашай краіне і ва ўсім свеце. Пілігрымы разам са спісамі Марыйных абразоў праехалі больш за тры тысячы кіламетраў. Пасля гэтага распачалася перэгрынацыя па святынях Беларусі і культурных установах.

– Нашы продкі прыходзілі да Маці Божай, каб пакланіцца ёй, падзякаваць, падзяліцца сваімі клопатамі, выпрасіць патрэбныя ласкі. А яна заўсёды выслухоўвала і дапамагала людзям у патрэбах. Сёння Марыя пажадала наведаць вас, каб кожнага атуліць сваёй апекай, – сказаў Уладзіслаў Завальнюк.

На адкрыцці выставы выступіла таксама іканапісец Ядзвіга Сянько, якая ўжо 26 гадоў займаецца творчай дзейнасцю. За гэты час шмат выстаў яе прац было зладжана ў Беларусі і за яе межамі, а напісаныя ёй абразы можна сустрэць як у каталіцкіх, так і ў праваслаўных святынях нашай Бацькаўшчыны. Крупская мастацкая галерэя і музей таксама шмат гадоў супрацоўнічаюць з мастачкай.

Выказаўшы словы падзякі ксяндзу Уладзіславу Завальнюку за магчымасць далучыцца да гэтага незвычайнага духоўнага праекту, Ядзвіга Сянько падзялілася з прысутнымі сваімі думкамі адносна гэтага.

– Дзякуючы гэтай ідэі людзі розных веравызнанняў па ўсёй краіне як адзіная беларуская сям’я праз заступніцтва Багародзіцы ўзносяць свае малітвы да Бога, просячы яго аб захаванні хрысціянскіх каштоўнасцяў, міры і згодзе ў нашай Бацькаўшчыне, – падкрэсліла яна.

Усе 16 абразоў напісаны мастачкай на палатне, алейнымі фарбамі, пакрытыя лакам, 17-я – пісана ксяндзом на дошцы ў Рыме. Дыяметр – 52 сантыметры. Пад кожнай іконай на прыгожай тканіне з арнаментам, спецыяльна пашытыя ў Слуцку, пададзены малітвы да Маці Божай, а таксама інфармацыя пра святыні, дзе знаходзяцца арыгіналы і копіі цудадзейных абразоў.

Выстава ў Крупках будзе дзейнічаць да 30 кастрычніка. А потым адправіцца ў касцёл, што ў вёсцы Замосце.

Автор

Светлана Гринь

Светлана Гринь

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.