Мы не ведаем, што рыхтуе нам наступны год, але калі мы верым, што будучыня – у руках Езуса, то глядзім наперад з надзеяй і ўпэўненасцю. Падзея, якая адбылася больш за дзве тысячы гадоў таму ў Батлееме, ужо змяніла жыццё многіх людзей і працягвае змяняць сёння, даруючы надзею. Дзякуючы нараджэнню Езуса Хрыста, Яго ахвяры і ўваскрэсенню, для ўсяго чалавецтва ў гэты свет прыйшло святло. Словы з Евангелля звернуты да кожнага з нас (Ян. 8:12): «...Я святло свету; хто ідзе за Мною, той ня будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця». Сёння наш Нябесны Айцец жадае азарэння нашых сэрцаў, змены жыцця кожнага чалавека!
У Езусе Хрысце жыццё набывае сэнс. Хрыстос пакутаваў за нашыя грахі, каб мы набылі ўпэўненасць у збаўленні.
Пан Бог з намі, і радасць Яго прысутнасці перапаўняе нашыя сэрцы!
Таму ў гэтыя святочныя дні хачу пажадаць, каб ваша жыццё заўсёды асвячалась адзіным святлом – Езусам Хрыстом і было прыкладам для ўсіх.
Няхай Пан Бог благаславіць вашыя сем’і і адорыць сваёй любоўю кожнага з вас!
Са святам Божага Нараджэння, дарагія крупчане!
Ксёндз Віталій Стрыга, пробашч касцёла імя Святога Юзафа ў Крупках.