krupki.by

ru RU be BE en EN

В Крупском районе "Зажынкамі" стартовала уборочная кампания (фото)



В Крупском районе "Зажынкамі" стартовала уборочная кампания (фото)

Автор / Главные новости / Серада, 01 Жнівень 2018 14:45 / Просмотров: 2528

Субота, 28 ліпеня. Зранку было пахмурна. І нават накрапваў дробны дождж. Але праз некаторы час пасля пачатку свята праз хмаркі крыху прабілася сонейка. Здавалася, што сама прырода бласлаўляла працаўнікоў сяла на правядзенне старажытнага вясковага абраду – Зажынак. На хлебнай ніве выстраіліся камбайны. На старце аўтамабілі, гатовыя прыняць зерне і адвезці на зернеток. Побач – камбайнавыя экіпажы. У іх асобе – уся армія хлебаробаў Крупшчыны.

Усіх сабрала поле спелае, поле жніўнае – і гасцей, і гаспадароў, і сельскіх працаўнікоў. На Зажынкі – традыцыйнае адкрыццё ўборачнай кампаніі – прыехалі старшыня райвыканкама Анатоль Козел, генеральны дырэктар ААТ «Здравушка-мілк» Эмілія Будрэвіч, работнікі вядучых аддзелаў райвыканкама, прадстаўнікі раённага Савета дэпутатаў, сельвыканкамаў, кіраўнікі і спецыялісты сельгасарганізацый і прадпрыемстваў нашага раёна.

Трэба зазначыць і такі прыемна хвалюючы момант. Жніўнае поле – недалёка ад вёски Старыя Шчаўры. На свята прыйшлі мясцовыя жыхары. На дарозе побач з каласістай нівай прыпыньваліся машыны. Людзі з цікавасцю назіралі за прыгожым святам. Вось на абочыне прытармазіў аўтамабіль з расійскімі нумарамі. Выходзіць сям’я – тата, мама і двое дзяцей-падлеткаў. Уразілі словы таты: «Дзеці, глядзіце! Зараз вы пабачыце сапраўднае свята. Вось так з’яўляецца на свет хлеб!»

 

…Свята распачаў народны ансамбль народнай песні «Крупчанка». Вядучыя і жнеі з сярпамі, у нацыянальных касцюмах добрымі словамі, што гучалі ў адрас хлебаробаў, сустрэлі прысутных.


Па стане на раніцу 31 ліпеня (усе гаспадаркі раёна прыступілі да жніва) хлеб убраны на плошчы 2 158 гектараў, што складае 12,6% да задання. Намалочана 4 295 тон зерня. Ураджайнасць складае 22 цэнтнера з гектара.


– Вось і надышла самая галоўная пара – уборка хлеба. Сапраўды, гэты момант павінен быць святам для ўсіх, хто шчыраваў, каб вырасціць новы ўраджай. Віншую вас з Зажынкамі. Зусім хутка першыя зярняты з нашых палёў лягуць вялікім караваем на стол нашай радзімы. Яснага вам неба, важкіх намалотаў, поўных закрамоў. Бо, калі будзе хлеб – будуць мір, шчасце і багацце. Удачы, поспехаў, здароўя ўсім вам і вашым сем’ям. У добры шлях!

Добрыя словы да крупскіх хлебаробаў прагучалі ад генеральнага дырэктара ААТ «Здравушка-мілк» Эміліі Будрэвіч:

– Паважаныя працаўнікі! На Крупшчыне сёння пачынаецца жніво – хвалюючы, адказны момант у жыцці аграрыяў, які падводзіць рысу намаганням усяго года. Гэта сапраўднае свята, бо адкрывае важнейшую справу сезона. Хай надвор’е вам спрыяе, а разуменне і падтрымка блізкіх прыдаюць вам моцы.

На Беларусі здаўна існуе добры звычай – перад вялікай і значнай падзеяй прасіць бласлаўлення Божага. Тут жа, на палетку, з малітвай і з бласлаўленнем звярнуўся да хлебаробаў настаяцель прыходу храма свяціцеля Мікалая Цудатворца горада Крупкі пратаіерэй Мікалай Гмір. Ён акрапіў святой вадой хлебную ніву, тэхніку і тых, хто будуць працаваць на ёй у самую гарачую пару сельскагаспадарчага года. Каб Бог бярог, каб багаты ўраджай сабралі.


Уборка вырашчанага ўраджаю – самая адказная і напружаная кампанія для працаўнікоў аграпрамысловага комплексу. Яна падсумоўвае вынікі азімай і яровай сяўбы, выпрабоўвае прафесійную сталасць спецыялістаў, іх уменне забяспечыць якасны тэхналагічны працэс. Галоўная задача сёлетняга жніва, як, дарэчы, і заўсёды – якаснае і арганізаванае правядзенне ўсяго комплексу работ, звязаных з уборкай хлеба.
Аб’ём – унушальны: уборачная плошча збожжавых і зернебабовых культур у гаспадарках раёна складае 17 тысяч 141 гектар. Камбайнерам належыць убраць звыш 9 тысяч гектраў азімых збожжавых і 7 тысяч 891 гектар яравых збожжавых і зернебабовых культур.


 Нашы продкі ведалі: спачатку жніва трэба з любоўю дамовіцца з зямлёй-матухнай і падзякаваць ёй за падораны ўраджай. Таму і першы сноп не малацілі, а заўсёды зберагалі, бо ён быў цаной гэтага цудоўнага згавору.

…Жанчыны-жнейкі ў беларускім адзенні з песняй накіроўваюцца ў поле і зажынаюць першыя снапы. А потым уручаюць іх старшыні райвыканкама і гасцям свята з пажаданнямі, каб нашаму раёну прыбыло столькі тон збожжа, колькі зярнят у гэтым калоссі. Кіраўнікам сельгасарганізацый у знак удзячнасці за руплівую працу – снапочкі-абярэгі, упрыгожаныя жытнёвым коласам, якія з’яўляюцца сімвалам багацця і прыгажосці нашай роднай зямлі. А камбайнеры атрымалі ў падарунак букеты палявых кветак і «вузельчыкі» са жніўным падвячоркам і духмяным караваем.

З пачаткам жніва сваіх хлебаробаў павіншаваў дырэктар гаспадаркі Барыс Трыдзенскі. Ён зазначыў:

– Вельмі прыемна, што гонар даць старт жніву аказаны сяльгасфіліялу «Шчаўры» ААТ «Здравушка-мілк». Наогул, гаспадарка поўнасцю гатова да ўборкі, і намечанае будзе выканана.

Зачакаліся камбайны, зачакалася і поле. Пара на ўборку новага ўраджаю. Кіраўнік дае каманду:

– Экіпажы, па машынах!

Яшчэ літаральна адна хвілінка – і тэхніка ажыла. Дбайныя рукі хлебаробаў павялі магутныя машыны на ўборку хлеба. Імгненне – і першае збожжа палілося з іх бункераў. Зусім хутка яно стане часткай каравая нашай краіны. Пачатак вялікаму хлебу на Крупшчыне дадзены. Пажадаем хлебаробам здароўя і стойкасці ў барацьбе за ўраджай, і, безумоўна, выдатнага надвор’я. «У добры шлях!» – шчыра кажуць усе жніву-2018.

  

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Автор

admin

admin

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.